Старыя сябры

Nov 16, 2010 02:43

Сустрэўся ў пятніцу са сваймі старымі сябрамі. Так склалася, што ў мяне 3 сапраўных сябра, якім магу давяраць. Жывуць адзін у Пінску, другі пад Вілейкай, а трэці ў Менску. Усе тры розных заняткаў, розных інтарэсаў, але гэта не перашкаджае быць найлепшымі сябрамі.
Алзін-два раза на год мы зьбіраемся (адзін раз на Дзень Пагранічніка, другі, як давядзецца). Заўсёды ёсьць аб чым пагаварыць.
Той, што з Пінску, працуе на Пінскдрэве. Расказаў пра выбух. Праз той цэх, які выбухнуў, яны кожны дзень хадзілі ў сталовую абедаць. Вось і гэтым разам толькі 20 хвілінаў, як вярнуліся. Пашанцавала. Ахвяраў, кажа, меньш атрымалася яшчэ і праз тое, што не было загрузак гэтым часам. Звычайна з таго цэху шмат машынаў грузіцца.  тут панядзелак і новую лінію якраз запускалі. два выбухі было, пажар невялікі. Пыл выбухуў і ўсё... Зараз, расказвае, ўсе думаюць, што павесяць здарэньне на намдырэктара, які прысутнічаў на запуску новай лініі і загінуў там. Вінаваты той у гэтым ці не - невядома, можа і сапраўды вінаваты, а мо' й не.
Другога сябру з-пад Вілейкі забіралі на чыгуначным вакзале. Праводзіў роднага дзядзьку на Казахстан. Некалі дзядзька з ягоным бацькам паехалі ў Казахстан цэліну асвойваць. Калі нарадзіўся там сябра, ягоныя бацькі вярнуліся на радзіму. Дзядзька ж там застаўся, ажаніўся з немкай, дзяцей там нарадзілі. Зараз яму ўжо 70 амаль, ці не ў апошні раз на радзіму прыехаў, шмат гадоў тут ня быў. Ад Беларусі быў проста ў шоку. Тое, што ў весцы, дзе сябра жыве, ляжыць добры асфальт увогуле для яго было нечым незвычайным, як і дамы вяскоўцаў. Вельмі б хацеў вярнуцца сюды апошнія гады дажываць, але грошаў вобмаль, ледзь на паездку назьбіралі. Шмат беларускіх тавараў накуплялі: рознай драбязы, нават вілкі для разэтак. У іх гэта ёсьць, але такое кітайскае гумно, што перагарае адразу, вязуць усеё туды найтаньнейшае, якасьці ніякай. Дзядзька, хоць і мае 70 год, але шчэ жывенькі. Былы баксёр. І да сёньня трэніруе дзетак, той шчэ савецкай закалкі чалавек. Ад'язджаў у касьцюме, пад лацакнам пінжака ці не самае дарагое для яго - значка "Майстра спорту СССР". Хоча трэніраваць, але ў тым Казахстане, расказвае, зусім ніякіх магчымасьцяў няма, усім усё похвігу. Вучань адзін ягоны нядаўна стаў прызёрам чэмпіянату Казахстану, дзядзька прыходзіць да мясцовага галавы (акіма ці як яго там), кажа, дапамажыце хаця б рынг збудаваць, ёсьць хлопцы, якія могуць вырасьці ў добрых спартоўцаў. А той адказвае: "Вазьміце палкі, абвяжыце вяроўкамі і будзе вам рынг." Плюнуў дзядзька і пайшоў. Нікому нічога не патрэбна, табе трэба ты і займайся.
Сябар потым,калі ўжо пайшлі з вакзала казаў, былі б грошы, вельмі б хацеў перавезьці сюды сваіх сваякоў. Але нажаль гэта немагчыма. Шкада.
Трэці сябра толькі з Кіева прыехаў. Самы развазьдзяй з нас, хоць і мае свой добры і цікавы бізнэс. У тым Кіеве ў ментоўку трапіў. :) Яму не прывыкаць, дзе яго толькі не арыштоўвалі. :) Там чарговы раз пабіўся. Так уляпіў ў рэстаране, што сьцяну праламіў супернік. :) Прыехала міліцыя, забралі абодвух, на наступны дзень дазволілі патэлефанаваць, ен праз Менск выйшаў на сяброў у Кіеве, бо згубіў іхныя каардынаты, потым сябры выкупалі яго. І адразу з пастарунка павезьлі на дзень нараджэньня ябра, куды ен дарэчы і ехаў, але прыехаў на дзень раней, каб пагуляць. :)
Таксама расказаў, як летам хадзіў на Эльбрус, ноччу, калі пасьля рэстаранаў прыехалі да яго шчэ пасядзець, паказваў выдатные фоткі з таго Эльбруса. Цікава.
Пачыналі вечар у кавярні ля ўпраўленьня пагранвойскаў, а потым выйшлі на вуліцу, перайшлі дарогу, набылі бутэльку "Джэймсана" ў краме і проста йшлі па праспекту, пьючы тое віскі наўпрост з рыльца. :) Сябра з Пінску ўсё перажываў, чаму ў Пінску нельга купіць добры, хай і дарагі напой. "Ну, ня буду я яго купляць кожны дзень, нават месяц, але чаму я ня маю магчымасьці яго купіць сабе хоць раз на год. Чаму ў нашых (Пінскіх) крамах стаіць толькі беларускае пойла і недарагое ціпамалдаўскае віно?"
Так дайшлі да піўнога рэстарана на плошчы Свабоды. Размовы ўсё больш пераходзілі да палітыкі. Аказалася, што ніводны з нас не плянуе галасаваць за "апазыцыю", хоць шчэ мінулым разам усе чацьвера галасавалі за Мілінкевіча, а ў 90-х былі ўдзельнікамі ўсіх мітынгаў. Але не ў адсутнасьці Мілінкевіча справа, нават калі б ен быў, дык нашыя галасы б не атрымаў. Але ўсё роўна самым радыкальным з нас застаўся пінчук. Калі мы схіліліся да таго, што хутчэй за ўсё пойдзем на выбары і калі пойдзем дык прагаласуем за Лукашэнку (sic!), дык ен схіляўся да таго, што ня пойдзе ўвогуле, але калі пойдзе дык таксама будзе галасаваць за Луку. Некалькі год таму гэткі расклад мы і ўявіць сабе не маглі. Дарэчы, як я зразумеў, Пінск самы апазыцыйны горад зараз. Сябра расказвае, што з ягонага аддзела "Пінскдрэва" 9 чалавек не плянуюць галасаваць за Лукашэнку. (!) Гэтыя настроі вельмі адрозьніваюцца ад тых, якія пануюць у іньшых месцах, на колькі мне вядома (я не статкамітэт і гэта толькі маё ўяўленьне). Гэта раней мне падавалася, што за Луку толькі, мякка кажучы, неадэкваты галасаваць могуць, зараз камунікуючы з добрымі знаёмцамі (ня блытаць з сябрамі), бачу, што вельмі прыстойныя людзі. Цікавыя аргуманты, каб пайсьці прагаласаваць: калі не пайду - апазыцыя будзе казаць, што тыя, хто не прыйшлі за апазыцыю, менавіта таму сябры плянуюць ісьці, каб не перакручвалі потым, бо лепш за Луку, чым за "гэтых". Пінчук, які схіляецца да таго, каб ня йсьці ўвогуле на выбары, прытрымліваецца думкі, што, каб Лукашэнка перамог - трэба, але трэба, каб ен перамог, набраўшы якіх 55%, каб засталося ў Лукашэнкі адчуваньне, што яго падтрымліваюць ледзь больш за палову. Тады можа паступова зьмяніцца палітыка ў дзяржаве. Але самае цікавае ў тым, у якім выпадку ен пойдзе на выбары, увага: калі "апазыцыя" будзе рыхтаваць беспарадкі. :) Тады пойдзе і прагаласуе за Луку. :) Зусім алягічнае на першы погляд меркаваньне чалавека. Да нашай сустрэчы, я нават такі варыянт удзелу ў выбарах выбарцаў і ўявіць ня мог. :) 9 чалавек з ягонага аддзела таксама не плянуюць удзельнічаць у выбарах. Не падтрымліваць апазыцыю, а ня ўдзельнічаць увогуле. Дзе знаходзіцца тая мітычная падтрымка апазыцыі мне так і не зразумела.
А ў піўным рэстаране (былым 0,5) тым часам Дзядзя Ваня сьпяваў "Мая Белараша" і народ актыўна танчыў...
У 2 гадзіны ўстанова закрылася, але мы шчэ сядзелі і размаўлялі хвілінаў 30, пакуль ахова чарговы раз настойліва не папрасіла пакінуць памяшканьне. 12 тысячаў на таксі і мы ў сябра на кватэры, ен адмыслова адправіў жонку з сынам да цешчы. Пад малдаўскі KVINT разглядаем фоты з Эльбруса менскага сябры і малдаўскія фоты пінчука, які толькі на мінулым тыдні вярнуўся з Кішынёва, дзе іхная каманда вэтэранаў выйграла міжнародны турнір, прымеркаваны да, здаецца калі не памыляюся, 50-годзьдзя малдаўскай фэдэрацыі футбола. Пінчук усё шкадаваў, што на сайце малдаўскай ФФ ёсьць вялікі рэпартаж з фота, што зборная Беларусі перамагла, а нідзе ў беларускіх СМІ ніводнага слова. Ну хоць тут зараз узгадаю, пра перамогу нашых. Ехалі ў Кішынёў праз Прыднестроўе, тыя былі вельмі злыя на нашых, за паразы Шэрыфа. :)
Вось такая сустрэча з сябрамі.

Беларусь, жыцьце, палітыка, сябры

Previous post Next post
Up