Sep 27, 2010 19:21
Сёньня з раніцы стукнула мне 39.
А ўчора ўвечары тэлефануе мне жончын брат і просіць дапамагчы з раніцы, дамовіўся з бетонам, падмурак заліваць, а нікога ўжо ня знойдзе. Прывезьці яму на ўчастак яго павінны з раніцы а 9-й. Ну, вядома ж ня хочыцца, але пагаджаюся, дапамагаць трэба. Да таго ж Бараўляны недалёка, шмат часу ня зойме, ён сказаў, што прыедзе машына-бятонамяшалка і амаль усё сама зробіць.
Устаў з раніцы, выслухаў віньшаваньні ад жонкі-сыноў, надзеўся па-прасьцей, узяў запасную куртку і пайшоў да машыны. Надвор'е выдатнае, сонейка сьвеціць. Дамовіліся сустрэцца ў 8-30 ля ягонага дому, каб ехаць разам, хоць і на дзьвух машынах, каб ён паказаў, дзе ягоны ўчастак, я там пакуль ня быў шчэ.
Толькі ад'ехаў, тэлефануе, што яму тэрмінова трэба пад'ехаць на фірму, дзе бетон заказаў, і каб я ехаў туды самастойна, коратка расказаў, як праехаць. Ну, добра, паехаў. Паблукаў па тым Бараўлянам-Лясным-Ляскоўкам, набудавалі жах колькі за апошні час там. Урэшце знайшоў ягоны лапік зямлі. Прыехаў. Ён тэлефануе, машына затрымліваецца, там гравія няма. :(
Ну, ладна, разляжыў сядушкі, лег паляжаць. А тут надвор'е пачало псавацца. Неўзабаве прыехаў швагра, неўзабаве яму патэлефанавалі з фірмы. :) І сказалі, што бетону ня будзе, бо гравія няма. :) Грошы, вядома, ён ужо заплаціў.
У выніку тэлефонных перамоваў, ен пагадзіўся на тое, каб замест гравія, яму зрабілі бетон з друзам, але гэта будзе каштаваць даражэй на 42 тыс. за куб. І мы працягнулі чакаць. Пайшоў дождж, пакуль невялікі. Тут шчэ незадача, у яго акумулятар разрадзіўся на тэлефоне і каб быць на сувязі ён папрасіў у мой паставіць сваю сімку. Няма праблемаў, думаю, абыдуся пакуль без віньшаваньняў.
Патэлефанавалі яму шчэ раз і сказалі, што машына выязджае і недзе праз гадзіну будзе на месцы.
Калі машына пад'езджала, усчаўся сапраўдны дождж. Я пашкадаваў, што ня ўзяў запасныя красоўкі і джынсы.
Сталася так, што я першы раз у жыцьці заліваў падмурак, апалубка была гатовая, і назіраць за працэсам было ня цяжка. :) Стой гані хвалю. Але праз дождж і пырскі цэмэнту праз паўгадзіны я выглядаў на сапраўднага будаўніка, прычым пэўна любячага ўжываць шмат таннага алькаголю. Справу скончылі, трэба і дамоў ехаць, а я ня ведаю, як у машыну сесьці. :) Куртку памяняў, але красоўкі і джынсы а-ля джэнтэльмены ўдачы мяне троху напружвалі. І вось у гэткім выглядзе я паехаў на запраўку і дамоў. :)
Дзень раждзенья - грусный празьнік.
жыцьце,
дзень нараджэньня