Небяспечны свет ружовых поні

Aug 31, 2018 08:29

Мы забылі, што такое небяспека. Абсалютная большасць нашых людзей "дзетароднага ўзросту" не бачыла вайны ці эпідэмій. Не бачыла бруду, антысанітарыі і недахопу чыстай пітной вады. У горшым выпадку іхнім сем'ям давялося пераехаць з вёскі на Гомельшчыне ў Менск пасля Чарнобыля. Дый яго мы бачылі толькі на карцінках. На нашых вачах не выміралі цэлыя вёскі ад хваробаў, якія цяпер урачы ўжо і забылі, як дыягнаставаць...
Нас разбэсціла гэтая адсутнасць пастаяннай небяспекі. І вось рэзультат - істэрыка вакол дзіцёнка, што не перанёс прывіўку. "Обожачкі, дзяржава ставіць на нашых дзецях эксперыменты!!!" - закрычалі людзі, якія жывуць у свеце, дзе ружовыя поні сяруць вясёлкай.
Так, дзіця памерла. І гэта трагедыя яго сям'і. Але вы, людзі, не разумееце дзьвюх простых рэчаў. Першае: нават калі яго прышчапілі бы ідэальнай найчысцейшай прышчэпкай, якая каштуе, як крыло ад самалёта - яно ўсё адно магло б памерці, бо гэта _індывідуальная_рэакцыя_арганізма. І другое: у вашым свеце ружовых поні ніколі не было сітуацый, калі памерла дзіця, брацік, сястрычка, бацькі і баба з дзедам, а потым прыехалі людзі ў спецыяльных строях і спалілі целы ў крэматорыі. І ўжо ніхто не крычыць "дзіця памерла", бо памерлі ўсе.
І, падаецца, менавіта такога света вы дамагаецеся: кіберсярэднявечча, дзе ўсе "вумныя" і чытаюць інцернеты, а вакол гараць вогнішчы з целамі хворых.
Ці вы хочаце, каб у вас вымер дзіцячы садок, у якім збяруцца дзеці такіх "сазнацельных" бацькоў, якія "не даюць дзяржаве эксперыментаваць з дзецьмі"? А потым будзе "кококо, урачы вінаватыя, бо не ўратавалі 50 дзетак ад хваробы, якой 50 год ужо ніхто не хварэў". А бацькі будуць ні пры чым, яны ж "не далі атруціць дзіця".
Замест таго, каб чытаць жоўтую прэсу, напісаную людзьмі, што хочуць грошай зарабіць на папулярнасці артыкула, і якія аніразу не разбіраюцца ў праблеме, лепей пачытайце кніжку па гісторыі медыцыны. А потым дастаньце калькулятар і палічыце, колькі жыццяў выратавалі гэтыя "эксперыменты". Сярод іх, хутчэй за ўсё, будзе і вашае жыццё - бо вашыя бацькі маглі выжыць дзякуючы прышчэпкам.
Людзі паміраюць кожны дзень - і дзеці таксама, і гэта натуральны працэс. Але вам выбіраць, будзе гэта адна смерць ці дзясяткі і сотні.
Вучыцеся, развівайцеся, знімайце ружовыя акуляры, і будзе вам шчасце. З любоўю, вашая Ведзьмаўна

Медыцына, прышчэпкі

Previous post
Up