May 10, 2015 14:12
Са спазненнем, канешне, выбіўшыся з усіх календароў, я ўчора з ласкавага запрашэння дзяўчат з СЭТ паехала пяяць Юр'ю :)
Я першы раз трапіла на менскае гарадзішча - і гэтае месца ўразіла мяне вельмі моцна. У нас на ўсходзе каб такіх горак знайсці - трэба добра пашукаць. А тут такая прыгажосць! І рака ўнізе чыстая, без хмызоў, і крынічка ё пад самым гарадзішчам, і цвіце ўсё...
Сядзелі не на самім гарадзішчы, а на горцы побач. Ідылія: сядзіш сабе пад разваленай яблыняй, з аднаго боку гарадзішча, з другога - панская алея. Унізе - рака, крынічка, кароўкі на лужку пасвяцца (мы такі начапілі на адну з іх вянок). Над крыніцай зламалася папалам здаравенная чаромха: абадралі мы яе ўсю, я ажно п'яная ад гэтага водару хадзіла. Пакуль пяялі, паміж дзьвума горкамі (нашай і гарадзішчам) на брэюшчым палёце лётаў бусел :)
Упрыгожвалі чаромхамі каравай, вадзілі карагоды вакол дзяўчатак, смажылі яешню, "сутарцінілі", смяяліся. Надыхаліся кіслародам, паспальвалі твары, вярнуліся шчаслівыя... І хто б ведаў, што жудасна прыгожае месца - гэта за 6 тыбр і паўгадзіны на прыгарадным аўтобусе :)
святы