Гаварыла мне мама - нефіг лезці ў розныя там галасаванкі, а мне ж захацелася аддаць кліп гурта "Верасень" у тэлевізар. А паколькі вось такога, каб кліпы недзе паказвалі, і не надта каб было шмат, тое... тое адправіла на праграму на канале "Беларусь - 2", якая да таго ж мае сваю "галасаванку"
тутака. Кліп да ўдзелу ў галасаванцы прынялі... але спачатку замесц нашага кліпа там паказвалася нешта замежнае. Прычым заўважыла гэта рэжысёр кліпа, і тое пасля таго, як кліп набраў нешта каля сотні галасоў, і некалькі сяброў ёй напісалі, што там не тое відэа. Я пазваніла ў рэдакцыю, і галасаванку "пачынілі". Але яшчэ праз некалькі дзён на сайце зноў нешта паламалася, і цяпер палова кліпаў падпісана па-рознаму, але паказваюцца пры націсканні на "кнопку" не яны, а кліп адной з удзельніц галасавання. Я напісала на мейл пра праблему. Як кажуць, "у адказ цішыня".
А яшчэ я адправіла заяўку на ўдзел у конкурсе фан-відэа на
канвенце "Юнікон" (Unicon). Мне хутка падцвердзілі, што кліп прыняты да ўдзелу ў конкурсе. На маё пытанне, ці будзе за гэта бесплатны ўваход на імпрэзу аўтарам (як мінімум мне і рэжысёру кліпа) - сказалі, што не ведаюць, яшчэ не вырашылі (гэта перапіска была 28 лютага!), і далей цішыня (сёння я яшчэ раз ім напісала).
Вы будзеце доўга смяяцца, але я вырашыла дзеля чыстаты эксперымента даць кліп для ўдзелу ў яшчэ адной галасаванцы, але калі яна стартуе, пакуль не ведаю (здаецца, пасля 17 красавіка).
Дык гэта я да чаго.
Ёсць пытанне: куды і каму можна яшчэ прапанаваць кліпчыка? Бо гэта работа мастачкі Анастасіі Докшынай мне падаецца вельмі сімпатычнай. Я кліп убачыла толькі на стадыі 90-працэнтнай гатоўнасці, то бок ніяк не ўмешвалася ў творчы працэс. І мне вельмі спадабалася тое, што атрымалася. І мне хочацца, каб гэту работу ўбачылі людзі. Не столькі як рэкламу мне і гурту, колькі яе мілую і сімпатычную казку.
Ну і сам кліп. Хоць тут паглядзіце :)
Click to view