13 декабря 2011 года, т.е. чуть менее года назад, под замком был опубликован пост. Сегодня публикую его без замка практически без изменений. Потому что все актуально. Дежавю (или как-там-правильно-писать-это-слово?)
Мяне ледзь не ў кожным інтэрвію пытаюць: А чаму ты мела такі вялікі, амаль 10-гадовы перапынак у сваёй музычнай дзейнасці? І я не знаходжу, што адказаць. Бо праўдзівы адказ - жорсткі. Гэта раз. І прычын было шмат. Паспрабую разабрацца тут.
Прычына першая. "Мой друг музыкант"... (так вядомая песня БГ пачынаецца, хто памятае - той лёгка зразумее аналогію). Сярод маёго тагачаснага атачэння было немала людзей, гадоў на 10-20 старэйшых за мяне, якія выглядалі як лузеры, пілі як лузеры і паводзілі сябе як лузеры. Ці варта казаць, што яны і былі лузерамі. Ці варта казаць, што абсалютная большасць гэтых лузераў лічылі сябе музыкамі або пісьменнікамі. Пры гэтым былі беднымі, з трабламі ў асабістым жыцці, без жытла, затое з сіндромам "непрызнанага генія". Мне вельмі не хацелася паўтарыць такі шлях. Як разумненькая дзевачка, я вырашыла, што пара "завязваць".
Яшчэ адна прычына - стаўленне аўдыторыі. Калі на тваіх выступах "паўтары чалавекі", то праз які час пачынаеш думаць: калі гэта не трэба людзям, то, можа, варта сказаць сабе праўду - ты нішто і ніхто - і перастаць забруджвацьь ноасферу. Калі людзям шкада заплаціць сімвалічны кошт, то, выходзіць, яно проста гэтага не каштуе!
Асацыяцыі дня сённяшняга: "бедны студэнт" робіць усё, каб прайсці на імпрэзу "на халяву" (бо бедны!) - і прапівае ў бары куды больш, чым кошт квітка. Выснова: такі вось рэйтынг каштоўнасцяў. Або: людзі кажуць, як ім цікава беларуская музыка, паэзія, мова... Але будуць проста ляжаць на канапе і ўтыкаць у тэлевізар, але не пайдуць на якую імпрэзу. Бо "усе бездары, што там глядзець".
Трэцяя прычына - калегі па "творчым цэху". Такіх склок, разборак, зайздрасці я потым не сустракала, бадай, ні ў адной з прафесійных супольнасцяў. Інтрыгавалі, пляткарылі і брыдкасловілі, між тым, людзі з прэтэнзіямі на "элітарнасць" і "мастацкасць". Яшчэ адна прыкрая з'ява - барацьба "за чысціню жанра" і "чысціню шэрагаў". Што вельмі нагадвала змаганне з іншадумствам у ранейшыя часы. І, пэўна, ім і з'яўлялася.
Чацвёртая прычына - двайная мараль. Розныя крытэрыі, ацэнкі і рэакцыі на аднолькавыя дзеянні "сваіх" і "чужых". Пры дэклараванні высокіх мэтаў - дробныя разборкі, якія гэтым мэтам толькі шкодзяць.
Пятая прычына - звычайная чалавечая слабасць. Трусасць. Мая. Боязь стаць такой, як персаналіі з пунктаў адзін-чатыры. А правіла "з кім павядзешся", між іншым, працуе... І я заўважала ў сабе тыя ж пляткарска-інтрыганцка-зайздросніцкія праявы. А яшчэ мне было вельмі страшна думаць: а раптам я ўжо і ёсць такі самы лузер, "непрызнаны геній" - толькі са свайго пункта гледжання гэтага не заўважаю?
Я банальна збегла. Паклала гітару на самую верхнюю паліцу. Пару разоў на год дазваляла сабе спяваць у вузкім коле старых сяброў...
Вось такі адказ на пытанне, чаму я ў свой час кінула музыку.
Чаму я вярнулася...пра гэта іншым разам.
Постскрыптум: сёння як ніколі раней я прыблізна ў такім самым стане, як тады, калі прымала рашэнне "завязаць", ну можа апроч пункта чацвёртага - цяпер гэта значна меней закранае.
Высноў не будзе. "Улыбаемся і машем" :) Рыхтуем да выдання міні-альбом (які будуць хваліць, але не будуць купляць) і плануем прэзентацыю ў студзені. May be.