Пра мяне

Nov 01, 2014 13:11

Вітаю! Я - Наталля Сухая, мастак па тэкстылю і па жыцці :), майстар выцінанкі, спяваючая фанатка беларускага аўтэнтычнага фальклору, жонка майстра традыцыйных музычных інструментаў, мама траіх цудоўных дзяцей.
Калі дадаць яшчэ захапленне гештальт-тэрапіяй, арт-тэрапеўтычнымі кірункамі, традыцыйнымі рамёствамі, народнымі сродкамі выхавання дзетак, сумеснай творчасцю бацькоў і дзяцей і іншымі сродкамі арганізацыі душэўнага камфорту, то атрымаецца, напэўна, больш-меньш поўны малюнак маіх жыццёвых інтарэсаў.


Нарадзілася ў 1976 г. (г.Маладэчна)
Скончыла там агульнаадукацыйную і мастацкую школу, па пары гадоў патусаваўшыся ў музычнай і спартыўнай (ну не маё гэта было!). Вучылася ў Вікторыі Мікітаўны Чырвонцавай, Юрыя Паўлавіча Герасіменкі.
Моцны ўплыў аказала навучанне ў студыі Віктара Хмыза (Менск).
З 1997 года - у складзе Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. З 2003 па 2014 уначальвала секцыю выцінаншчыкаў. Дзяржаўны стыпендыят 2005 года па выцінанцы.
З 1998 года пачалося захапленне палявой этнаграфіяй. У складзе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства з часу яго заснавання. Навучалася спевам ў Ірыны Мазюк. Спявала ў гуртах Кудмень, Desan'.
У 2001 годзе атрымала дыплом Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці мастак па тэкстылю. Валодаю рознымі традыцыйнымі і не вельмі традыцыйнымі тэкстыльнымі тэхнікамі.
З 2002 года - супрацоўнік ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”. З 2008 года - у дэкрэтным адпачынку з караткачасовымі перапынкамі на працу :). Цікавы досвед працы ў дзяржаўнай структуры - цёплыя асабістыя стасункі і энтузіязм здольныя на цуды! :)
З 2006 у гештальт-праграме Маскоўскага гештальт-інстытута (трэнеры Н.Станкевіч - С.Смалярчук). Наведвала групу цялеснай тэрапіі (бодзінаміка) ў Н.Станкевіч і Т.Набіевай.

Выцінанка для мяне пакуль - дамінуючы від творчасці, але дзеці падрастаюць і я паступова вяртаюся:), пашыраю палітру тэхнік да больш працаёмкага тэкстылю і іншай прыгажосці :).
Яшчэ вельмі цікава мне працаваць з дарослымі людзьмі ў фармаце арт-тэрапеўтычным. Для гэтага распрацавана некалькі майстар-класаў, якія мусяць з часам звязацца ў адзін пераемны шэраг “Арт-медытацый”.

Пра тое і пішу... спрабую пісаць.

пра мяне

Previous post Next post
Up