Oct 09, 2015 22:16
Мой аўтар - здраднік і хлус. А яшчэ баязлівец. Ён прыдумаў мяне, аповесць пра каханне, ды так і не наважыўся мяне пачаць. А ўва мне ўсё было так прыгожа і ідэальна! Я растапырыла кішэні для соцень чароўных эпітэтаў і параўнанняў, кожнае слова мусіла кранаць як пяшчотны пацалунак! Нават назваць ён хацеў мяне - "Ева", як першае сваё няўдалае каханне. Наогул, ён усе свае каханні лічыць няўдалымі. Некаторыя - небеспадстаўна, бо што ж гэта за каханне такое - паўтара вершы за паўгода?
А тая была Ева. Вядома ж, ён для яе Адамам не быў. Трагікамедыя цягнулася чатыры месяцы, шэсць вершаў і два апавяданні. Усё гэта, і боль, і радасць, ён цяпер намагаўся аб'яднаць, сканцэнтраваць ува мне - ды збаяўся. Схлусіў самому сабе, што не здолее. Здрадзіў літаратуры і прамяняў мяне на сон, працу і зноўку сон.
Я - ненапісаная аповесць, і я шукаю справядлівасці. Прашу прысудзіць майго аўтара да тыдня папраўчых прац са мною.
З павагай, Ева.
09.10.2015
Кароткія развагі