Легчы на падлогу і плакаць

Jun 08, 2015 23:40


Першае правіла выхавання дзяцей - рабіць выгляд, што ты кантралюеш сітуацыю і ведаеш, як працуе гэты свет. Свет выхавацелькі дзіцячага садка №33 імкліва каціўся ўніз. Спачатку яна з хвіліну пахлюпала носам, а потым пусцілася ва ўсе цяжкія - лягла на падлогу і заплакала. Здзіўленыя дзеці ўтварылі наўкол круг і моўчкі ўтаропіліся на яе. На яе, ідэал вышэйшага розуму, якая ведала адказы на ўсё на свеце. На яе, ідэал стрыманасці і цярпення, якая ніколі на іх не падымала рукі і ўсё магла вырашыць простай размовай і лагічнымі аргументамі.
А выхавацелька проста стамілася. Дзіцячы лямант і істэрыкі штодня, мізэрны заробак, муж п'е, у кватэры адключылі гарачую ваду... У дзяцінстве ўсё проста. За цябе ўсё вырашаюць, а нязгоду можна выразіць плачам (хоць і не заўсёды ён дапамагае, асабліва, калі злоўжываць). У нейкі момант, на жаль, гэта перастае працаваць. І вось дзеці глядзяць на пяцідзесяцігадовую выхавацельку ў слязах і не разумеюць, як далей жыць, калі нават яна не кантралюе сітуацыю і не ведае, як працуе гэты свет.
Адно дзіця працягвае сваю насоўку. Другое - падносіць шклянку вады. Трэцяе падымае з падлогі акуляры і выцірае шкельцы рукавом. Выхавацелька сціхае. Нясмела ўздымаецца з няўпэўненай, крыху вінаватай усмешкай. Прымае насоўку, ваду і акуляры. Дзякуе.
- Вам блага, спадарыня канцлер? - яна апранае акуляры і бачыць перад сабой поўную залу людзей і знепакоены твар свайго асістэнта. - Вы раптам знепрытомнелі і ўпалі на падлогу!
- Усё добра. Дзякуй, Ральф. Хвілінная слабасць. - Ангела Меркель працягвае свой выступ, але думкамі яшчэ доўга застаецца ў тым незразумелым трызненні-сны, дзе ў яе малы заробак, муж - алкаголік, а дзеці так падобныя да міністраў і аднапартыйцаў.
08.06.2015

Кароткія развагі

Previous post Next post
Up