Дрэва спазнання дабра і зла не толькі забароненае, але і ў нейкім сэнсе альтарнатыўнае дрэву Жыцця, якое пасярод Ган Эдэна. Верагодны (сярод іншых магчымых) такі спосаб рацыяналізацыі грэхападзення. У першародным Адаме дабра і зла не было з той прычыны, што ўсе ўласцівасці ў ім утваралі адно цэлае і не падпадалі дзеянню супрацьлеглых памкненняў. Так жаданне аддаваць было прамым працягам жадання прымаць, альтэрцэнтрычнае дзеянне прамым працягам эгацэнтрычнага, гэтак жа і сама зямля Ган Эдэна не ўтрымлівала ў сабе тога, што можна было б успрыняць як зло. Па-сутнасці гэта і ёсць шчаслівае жыццё так, як яго толькі можна ўявіць з нашага цяперашняга стану. Парушэнне запаведзі выклікала распад цэласнасці чалавечых дзенняў: альтэр-эга-цэнтрычнае адзінства ператварыліся ў супрацьлегласці альтруізму і эгаізму, дабра і зла. Такім чынам аддача і прыняцце сталі супрацьлегласцямі, паміж якімі неабходна выбіраць. Тое, што вынікам грэхападзення стала з'яўленне на зямлі пустазельля (цярніны і ваўчкоў) таксама можа быць вынікам таго, што чалавек пачаў дзяліць расліны на карысныя і некарысныя, успрымаючы гэта як чарговую супрацьлегласць. Тое, што раней сыходзілася, сыходзіцца перастала, тое што раней было проста жыццём, цяпер стала альбо дабром, альбо злом. Такім чынам гістарычнае чалавецтва ўсю сваю гісторыю спазнае дабро і зло як супрацьлегласці (а адпачатку было простае цэльнае жыццё). Пры чым гэтае раздваенне немагчыма пераадолець імкненнем да роўнай прылучнасці дабру і злу, як гэтаму вучаць паганскія містыкі, альбо ігнараваннем расколу, як спрабуюць рабіць скептыкі ("што ёсць ісціна"). Ніякая чалавечая дыялектыка не дапамагае... Але ёсць шлях да дрэва Жыцця пракладзены Хрыстом. Рацыяналізаваць гэты шлях яшчэ складаней, чым грэхападзенне, яго можна толькі адчуць. Вось разумныя рабы, прыняўшы таленты, пускаюць іх абарот: прыняўшы аддаюць, аддаючы памнажаюць, а хто прыняўшы не аддае, прызнаецца нявыпраўленым. У свеце і не ад свету жывуць тыя, хто абраў гэты шлях вяртання да простага і непадзеленага, дзе няма дабра і зла, але жыццё бясконцае. А жыццё ёсць святло, то бок радаць, чалавекам.