Блытаніна блыталамі пераблытаная...

Nov 04, 2013 10:40

У кнізе Оруэла "1984" адзін з партыйных філолагаў сцьвярджае што ноўмова будзе адрознівацца ад стармовы тым, што на ёй немагчыма будзе выказаць думказлачынства -- настолькі будзе звужаны сэнс тэрмінаў.
У цяперашнім свеце сітуацыя трошкі адрозніваецца. Значэнні словаў на столькі заблытаныя іх неправільным ці завужаным ужываннем, што любое выказванне можна назваць думказлачынствам. Маніпуляцыя юрыдычнымі і нават навуковымі найменнямі адна з найвыбітнейшых асаблівасцяў нашага часу. Вось дзеля пыкладу...
Ювенальная юстыцыя. Адныя на ёй настойваюць, іншыя супраць яе выступаюць. Але што менавіта маюць на ўвазе тыя і іншыя не магчыма зразумець без дэтальнага аналіза тэкстаў, які, у сваю чаргу, часта паказвае, што пытанне наогул не ў ювенальнай юстыцыі як гэткай. Ювенальная юстыцыя разумее пад сабой адрозненні ў адказнасці ўскладзенай на паўнагадовых і непаўнагадовых чальцоў грамадства. Элементы ювенальнай юстыцыі прадугледжаныя біблійнай культурай і ўваходзяць у практыку традыцыйных цэркваў. Так, у Праваслаўнай і Рыма-каталіцкай цэрквах дзеці не адказныя за парушэнні запаведзяў да сямі год, у юдэйскай практыцы -- да 12-13 год. Тое, вакол чаго вядзецца спрэчка, гэта асобныя элементы ювінальнай юстыцыі -- дзяржаўны патранат над сем'ямі, правілы ўсынаўлення і гэтак далей... То трэба і называць рэчы сваімі імёнамі. А то так можна і нарвацца. Хтосці скажа, што ён супраць ювенальнай юстыцыі -- ура! наперад! -- а ён аказваецца за тое, каб падлеткаў растрэльваць або дзяцей у распусту аддаваць. Абмежаванне ўзросту сэксуальнай згоды -- гэта ж таксама элемент ювенальнай юстыцыі.
Тая ж сітуацыя з гендэрнай палітыкай. Немагчыма выступаць супраць гендэрнай палітыкі наогул, можна выступаць толькі супраць канкрэтных форм гендэрнай палітыкі. Тым больш што гендэр -- гэта зусім не сінонім сэксуальнай арыентацыі, як многія думаюць. Гендэр -- гэта ўвесь спектр грамадскіх роляў, звязаных з цялесным станам чалавека: полам, узростам, здароўем і нездароўем.
Аналагічна з паняткамі "мадыфікаваны", "генна-мадыфікаваны" і "рэкамбінантны". Тут блытаніна адбываецца на кожным кроку. Пад словам "мадыфікаваны" разумеюць зазвычай хімічную мадыфікацыю. Генна-мадыфікаваны прадукт павінен, у сваю чаргу утрымліваць штучна змененую ДНК (ці РНК). Калі ж нейкае рэчыва атрымана ад арганізмаў генна-мадыфікаваных, але само па сабе не ўтрымлівае ДНК -- яно рэкамбінантнае.
Такая вось блытаніна выходзіць...

думкі, думка

Previous post Next post
Up