Хмарка-Дурніца

Feb 03, 2030 20:16

Тук-тук.
Прывiтанне.
Хочаш, я раскажу табе казку?
Аднойчы пасля вясны пачалося лета. У iм было тры месяцы, трынаццаць тыдняў i дзевяноста два днi, i сярод гэтых дзён быў адзiн-адзiны, калi паветра пахла вясёлкай, шакаладным марозiвам i прадчуваннем сунiц. Гэта быў самы незвычайны з усiх незвычайных дзён. У аркушы паперы, якi ляцеў па смеццеправодзе з шостага паверху дому нумар восем па Лясной вулiцы, было пазначана, што чатырыста шаснаццаць год таму ў Нясвiжскай друкарнi быў выдадзены «Катэхiзiс», трыццаць пяць год таму запатэнтавалi шарыкавую асадку, а дваццаць два гады таму адкрылi Заслаўскае вадасховiшча. У гэты самы дзень дзядзька Хведар з вёскi Малыя Жаберычы злавiў у мясцовай сажалцы надзiва вялiкага шчупака, кiрпатая i рудая студэнтка-першакурснiца iнстытуту замежных моў здала на выдатна нямецкую фанетыку, а сумны слонiк з узбярэжжа Нiлу навучыўся пляскаць вушамi. У гэты самы дзень нарадзiлася зусiм яшчэ маленькая дзяўчынка з арэхавым позiркам. Праз колькi часу яна даведалася, што ў яе таксама ёсць iмя - Вольга. Вiльготная вольнасць, воля, льга волiць, валiць i вальчыць, вольха, волкасць, даволi, адвольна…

- Адчуваеш сябе wohl, га?
- Як заўсёды.

Дзяўчынка паступова расла, гуляла ў лялькi i з хлопцамi па местачковых вулiцах, заўсёды была выдатнiцай, скончыла школу з залатым медалём i ўнiверсітэт з чырвоным дыпломам, любiла мноства розных рэчаў (арэлi, арэхi, бадзянне па вулiцах, барадатых мужыкоў, вецер, восень, джынсы, дождж, захад сонца, зоркi, каву, катоў, кветкi, лiставанне, мора, неба, пацалункi, пiва, сыр, цемру, цягнiкi, чорна-белае кiно, яблыкi), выйшла замуж, назвала дачку Веранiкай.

Калi б мяне, як яе, звалi Вольгай, я б таксама была прыгожай, разумнай i шчаслiвай. Але мяне завуць iншым iмем.
Пазнаёмімся? ;)

кавалачкі пазлу

Previous post
Up