Стан неаб'яўленага 'надзвычайнага становішча'

Apr 13, 2011 02:19

Пасьля 19га ў мяне была адзіная думка - "добра, што зараз не 37мы год, інакш бы нас усіх-нязгодных і сьвядомых- расстралялі." Дарма я так заракалася. Адно што мы не важны так, як важна большасьць. А адзіная магчымасьць утрымаць пад кантролем большасьць - гэта ўвесьці яе ў стан шоку, а не проста страху. І агрэсар мусіць быць як мага болей размыты, каб у гэты вобраз ворага можна было запіхнуць як мага болей ненавісных элементаў (Захад, апазіцыю, Расею, ху елс?). Бо невядомасьць узмацняе калектыўны страх і падазронасьць да ўсіх і ўсяго, хто можа спадаць пад гэтыю катэгорыю вінаватага.
Мне страшна назіраць за тым ува што ператвараецца краіна. Быццам нехта там вырашыў разыграць у рэальнасьці адну са шматлікіх палітычных антыўтопій.  Дзе межы хлусьні? Дзе межы дазволенага? Дзе межы чалавечага цярпеньня і страху? Такое адчуваньне, што межаў гэтых зараз няма.
Самае жахлівае, гэта калі агрэсар пачынае выдаваць сябе за ахвяру. А ўлада гэта як раз ўмее вельмі пасьпяхова выкарыстоўваць. Зараз любыя спробы выказаць незадаволенасьць эканамічнай сітуацыяй ці нязгоду з арыштамі і прысудамі апазыцыянэраў будуць вельмі лёгка перавернуты ў спробу "дэстабілізацыі становішча краіны". Страшная трагедыя стала "добрай" нагодай, каб усім заткнуць рот. Аператыўна і чотка працуюць спецслужбы і ўсемагчымыя ворганы. Ўжо на наступны дзень былі выдадзеныя версіі і нават (sic!) фотаробат падазраванага "каўказкай зьнешнасьці". Цікава, на аснове чаго яны зрабілі такія хуткія высновы? Мяне не адпускае пачуцьцё таго, што ўсё - сам тэракт, расьледаваньне, агучваньне версій- ідзе па нейкім заранёў напісаным сцэнары, а народ як лялькі ў тэатры. І чым і калі скончыцца гэтая пьеса мне нават страшна думаць.
Нідэй сьвежая гісторыя з жыцьця аднаго з інтэрнату Медычнага Універсітэту, якая паказвае вельмі характэрныя тэндэнцыі.

Уявіце сабе звычайны студэнцкі інтэрнат, дзе людзі па сетцы абмяркоўваюць надзёныя падзеі і нядаўнія навіны. Недзе там жа яны калісьці дапамаўляліся проста сабрацца пайграць у мафію, яшчэ задоўга да падзей 11.04-га. Праз асабістыя паведамленьні людзі дамаўляюцца сёньня ў такі-та час у чытальнай залі, каб паразмаўляць ці можа пайграць у мафію.
Не пасьпелі ўсе сабрацца і заварыць гарбату, як у пакой уваходзіць міліцыянт з курсантам (як раз у прызначаны час) і пачынаюць дапытваць студэнтаў:
- Якога чорта вы тут сабраліся ў гэтым пакоі? Хто вам даў ключы? Што ў мафію будзеце граць?
Вызначыўшы сярод студэнтаў магчымага завадатара студэнта N (ці проста заўважыўшы на ягоным твары ня вельмі прыветлівы выраз) ён пачаў на яго наязджаць - а што вы не ўстаеце, калі ўваходзіць прадстаўнік улады, ды і проста старэйшы?
Прыфігеўшы ад такіх заяваў студэнт ускочыў, але потым сеў назад, папрасіў прадставіцца і растлумачыць па якой 
прычыне ён тут робіць дапрос. - Маёр Васіль Васільевіч. Ты яшчэ ня ведаеш, што такое сапраўдны дапрос, - адказаў міліцыянт, паказаўшы толькі абгортку пасьведачаньня.
Ён яшчэ далей наязджаў на студэнта N, навучаюся яго, як трэба сябе паводзіць са старэйшымі, а таксама спрабуючы дазнацца, хто
такі даў ключы ад агульнага пакою. Толькі тут не было нічога сакрэтнага - ключы звычайна выдае стараста, які хутка падыйшоў
- Вы што ня ведаеце, што адбылося ў краіне?
Але студэнты канешне цудоўна ведалі, бо частка зь іх як раз сёння здавал кроў. У выніку, так і не патлумачыўшы па якой прычыне ён з'явіўся ў чытальнай залі і хто даў яму права так сябе паводзіць, маёр Васіль Васільевіч выйшаў. Але на разьвітаньне яшчэ паспрабаваў прыпаднесьці ўрокі сумнеўнай этыкі студэнту N. 
Вахцёрша, якая падасьпела на прыканцы візіту двух людзей у форме толькі і змагла сказаць - ну вы ж разумеце, што ў краіне ўведзена надзвычайнае становішча!

Па ўсім відаць, што надзвычайнае становішча сапраўды ўведзена, але аб'яўлена яно толькі для міліцыянтаў і вахцёраў. Зрэшты можа афіцыйна і ня трэба нічога аб'яўляць, бо ўсе і так ўсё цудоўна разумеюць.
Previous post Next post
Up