Падзея году - у Саўвадоры нарэшце адкрылі мэтро!
Ну як нарэшце, адкрылі шчэ да чэмпіянату, але мы дабраліся да яго акурат у апошні тэставы дзень, калі можна было пакатацца задарма.
Будавалі гэтае шчасьце ажно чатырнаццаць гадоў (а заплянавалі яшчэ раней). Мэтро - галоўная тэма ўсіх апошніх перадвыбарчых кампаній мэраў і губэрнатараў.
Вынік: адна лінія ў 7км, пяць станцыяў, з якіх толькі дзьве падземныя.
Калі шчыра, я чакала нечага горшага. Але, калі не лічыць працягласьць мэтро, выкананьне нават неблагое. Прынамсі, пакуль, а там залежыць, як будуць даглядаць.
Галоўная праблема, на мой погляд, што мэтро ідзе з ніадкуль у нікуды. Ну як з Курасоў у Серабранку, напрыклад. Быццам праходзіць недалёка ад цэнтру (таму нам як бы зручна - да адной з крайніх станцыяў пяць хвілінаў пешкам). Але куды на тым мэтро ехаць? Бо вядзе яно ў нейкія мясціны ну зусім непрыкметныя. Ні да фінансавага цэнтру, ні да ўнівэрсітэтаў нейкіх. Стадыён там па дарозе - але да яго і пешкі можна дайсьці. Ды шопінг - але іх і тут хапае, навошта ехаць. Карацей, хіба на экскурсію скатацца цікава. Усё ж навіна такая - мэтро. Тры гады таму, калі я толькі сюды прыехала, думала, не дажывем да адкрыцьця =)
Здымкі з мыльніцы, кампутар тармазіць для апрацоўкі, таму загадзя прашу прабачэньня за якасьць.
Дабраліся. Агромністы хол, амаль няма пакуль людзей. Нешта дзіўнае для нашага цэнтру горада.
Касы пакуль зачыненыя.
Уваход свабодны на тэставы перыяд у два з паловай месяцы, але і працоўны графік сьмешны - з панядзелка па пятніцу, дла таго ж найбольшы з 8:00 па 16:00.
Праходзім праз турнікеты - колькі месца!
Першая станцыя - Лапа (парт. Lapa).
Мне падабаецца дызайн. Натуральнае сьвятло - не дужа глыбокая станцыя.
Яшчэ здымак на памяць.
Спадабалася, што паўсюль на падлоге ёсьць лініі для людзей з слабым зрокам (як гэта правільна называецца?).
Яшчэ ўвесь час ветлівыя ахоўнікі тлумачаць, чаму нельга заходзіць за жоўтую рысу, і як правільна сябе паводзіць.
Пакуль людзей няшмат, большасьць да такой з'явы нязвыклая, то і стаўленьне пэрсаналу адпаведнае.
На кожнай станцыі да нас падыходзяць і пытаюцца, ці трэба дапамагчы.
Здымаць, вядома ж, не забаронена.
Бачым першы цягнік.
Канцавая станцыя. Наш цягнік прыйдзе з іншага боку.
Рэйкі-рэйкі, шпалы-шпалы
А вось і наступная станцыя - Campo da Pólvora. Малавата крэслаў.
Затое дызайн цікавы.
Выходзім паглядзець, што там наверсе.
На эскалатарах пазначаныя правілы карыстаньня.
На паверхні,над вось такой сьвяцільная канструкцыяй, знаходзіцца форум, у якім мы пабраліся шлюбам.
І зусім побач - стадыён.
Мне падабаецца гэты "пячорны" стыь. Не падабаецца, што платформы па баках, а не пасярэдзіне.
Нязручна перабягаць на іншы бок, калі памыліўся накірункам.
Ускокваем у наступны цягнік і рушым далей.
Мне падабаецца, што поручні нізкія, то бок невысокім людзям павінна быць зручна трымацца.
Каляровыя крэслы выглядаюць пазітыўненька, пакуль што. Але ж хутка зносіцца тканіна і будзе абы-што.
На гэтым месцы грошы на будаўніцтва некуды сплылі, і мэтро вынырнула з падзямельля.
Астатнія станцыі - надземныя.
Вось наш стадыён, дзе не так даўно адгрымеў чэмпіянат.
Станцыя Brotas
Дарэчы, караценькія цягнікі - па чатыры вагоны. Ну дык і мэтро невялікае.
Рушым далей.
Добра, што можна на горад паглядзець па дарозе. Якраз збольшага на жылыя раёны, не турыстычны бок.
Думаю, што ўсё ж трэ будзе на мэтро пакатаць бацькоў.
Чацьвертая станцыя.
Ад кандыцыянэру ў вагоне (дарэчы, на дзіва, не дужа моцнага) трохі запатнела лінза мыльніцы.
Пасьля мінулагодняга курса Брайля, я пераправяраю ўсе надпісы, што сустракаюцца.
А ў Менску дзе-небудзь што-небудзь пішуць Брайлем?
Выйсьце з мэтро - праз аўтобусную станцыю. Пакуль яна пустая, але хутка можна будзе перасаджвацца на нейкія маршруты.
Зьлева - аўтобусная станцыя, справа - мэтро.
Сьметніцы ва ўсім мэтро стандартныя: у белае кідаць тое, што нельга перарабіць, у зялёнае - тое. што можна.
Партугальская, ангельская + партугальскі брайль
Апошняя станцыя - Retiro.
Але, спадзяюся, нядоўга яна будзе апошняй.
Вунь колькі народу працуе над падаўжэньнем лініі.
Ледзь не ў кожным цягніку (пра гэта аб'яўлялі па гучнай сувязі) было па вагоне, зарэзэрваваным пад экскурсію для школьнікаў.
Тут трохі бачна бягучы радок з інфармацыяй пра правілы паводзінаў і часам. На жаль, не паказваюць час, датычны да прыбыцьця і адпраўленьня цягнікоў.
У той самы час, як я ўголас захапляюся народнай архітэктурай, з іншага боку нейкі дзядзечка гучна абураецца, якое ўсё страшэннае, неадштукатуранае і непафарбаванае. Ня стала пытацца, але падумала, што наўрадці ён тое самае думае пра станцыі мэтро - бэтон у сваім натуральным выглядзе тут лічыцца якбэ прыгожым, з чым я, зь іншага боку, дагэтуль не магу зьмірыцца.
Во такія будыніны трапляюцца. У адной зь іх жыў некалі адзін наш сябар, а цяпер жыве іншы. Але я там ніколі не была.
Патэрсан кажа, там унутры і крама свая, і школы - такі сабе замкнёны раён, можна адтуль і не выходзіць.
Зацікавіла плітачнае аздабленьне фасадаў. Вось вам і фавэлы =)
Паездка ў адваротны бок заняла 15 хвілінаў (ад плятформы да плятформы, разам з уваходам-выхадам са станцыі будзе недзе дваццаць). На аўтобусе гэтая адлегласьць праязджаецца не меней, чым за гадзіну. Да таго ж, яго і чакаць даўжэй, чым цягнік мэтро.