У панядзелак пераязджаем!!
Амаль скончылі рамонт у пакоі (праклалі праводку, замянілі трэснутыя шыбы, пафарбавалі вокны, столь, замазалі ўсе, а іх было вельмі шмат, шчыліны ў вокнах, пачынілі сьцяну, паклеілі шпалеры) - засталося толькі даклеіць шпалеры ў адным куце! Шчыра ўдзячныя бацькам і сяброўцы Алене, якія зрабілі ў гэта вялікае ўкладаньне! =) Кухню яшчэ не пачыналі - будзем рабіць, як пераедзем.
Там хораша! Нават нягледзячы на тое, што лісьце ўжо з дрэў даўно апала (за тое на дзьвюх яблынях яшчэ вісіць шмат чырвоных яблыкаў, якія ноччу пры сьвятле лямпы на вярандзе выглядаюць як навагоднія шарыкі-гірлянды =) ) і пейзаж досыць маркотны =) У гэтым таксама нешта ёсьць ) А ў хаце цёпленька (печка грэе вельмі добра і цеплыню хата трымае таксама выдатна, нягледзячы на свой трухляваты стан) і становіцца ўжо ўтульненька. Шпалеры неспадзявана выбралі вельмі ўдала, усе наведвальнікі ацанілі =) У выніку ў хаце атрымліваюцца бялюткія вокны і столь і карычневыя пад дрэва (шпалеры "рагожка") сьцены - дастаткова аўтэнтычненька. Яшчэ зраблю на выходных фіранкі як
тут і будзе яшчэ аўтэнтычней =)
А яшчэ ў нас зьявіўся сабака!! Сам =) Першае знаёмства зь ім адбылося яшчэ на папярэдніх выходных і было ня надта прыемным - пасьля таго, як ён падтачыў раскіданы (адмыслова для сабак, бо іншы ўжо завітваў раней) на двары лаваш, ён ня доўга думаючы сьцягнуў зь вяранды сумку зь ежай і струшчыў разам з пакункамі рэшты той ежы, што там заставалася (балазе там было няшмат). На гэтых выходных ён прыйшоў зноўку і пасьля таго, як мы яго падкармілі і прылашчылі вырашыў нікуды не сыходзіць =) І ляжанку сабе аблюбаваў там, дзе я як раз думала разьмяшчаць сабаку - у каморцы, што прылягае да ўсёй паўночнай сьцяны дома. Пазьней мы даведаліся, што сабака нічыйны і абіваецца ў вёсцы досыць даўно - пасьля гэтага вырашылі, што ў яго будзе дом і імя (цяпер яго клічуць ня сьвістам, а Сьвістам =)). Сьвіст вельмі-вельмі падобны да рускага ганчака. Вось такога:
Толькі з больш выцягнутай пысай, як у гэтай мадамы:
(На здымках пародзістыя рускія ганчакі)
Можа ён і ёсьць ганчак, хто яго ведае =)
Ён такі худы, што выглядае вытанчаным, і я спачатку падумала, што гэта сучка =) Я ў сабаках поўны нуль (нажаль ніколі ня мела), але мне здаецца, што ён малады: зубкі ў яго ўсе белыя і ён вельмі гульлівы - усё наровіць заскочыць пярэднімі лапамі, прынамсі ў паўросты, а то і ў весь і рукі зьлёгку пакусваць =) Але і палашчыцца любіць =)
Галоўнае, каб яны яшчэ з Каськай (нашай коткай) ужыліся - для яе і так стрэсам пераезд будзе, а там яшчэ і сабака! Але мы ў любым выпадку зьбіраліся заводзіць сабаку, так што можа яно і лепей, што ён там будзе адразу.