лагода мацярынства

Oct 27, 2013 02:41

Маці: погляд немаўляці. Мелані Кляйн пра развіццё і сталенне.
Мелані Кляйн працягвала працаваць услед за З.Фрэйдам у рэчышчы псіхааналіза. Яна першай звярнула ўвагу на ранняе развіццё, і, калі Фрэйд абмяжоўваў свае пошуку перыядам эдыпава канфлікта, то М. Кляйн спрабавала зразумець развіццё чалавека да году. Яе назіранні падштурхнулі культурніцкія, сацыялагічныя і псіхалагічныя даследаванні: тэорыя аб’ектных стасункаў сталася, напрыклад, адным з каранёў, якім сілкавалася тэорыя сімвалічнага Ж.Лакана.
Такім чынам, паводле Кляйн, чалавек нараджаецца з пэўным узроўнем персекуторнай трывогі, насуперак стану поўнага задавальнення ўсіх патрэбаў і спакою пераднатальнага часу. Гэтай трывогі ён імкнецца пазбегнуць, і ў гэтым дапамагае Маці, якая ўспрымаецца часткова, першасна - як грудзі - крыніца дабра, цяпла, малака, жыцця. Калі маці спраўна задавальняе патрэбы, дзіця пачуваецца добра - гэтая маці, ці, калі больш дакладна па Кляйн - яе грудзі, успрымаюцца як харошыя, добрыя. Калі ж дзіця адчувае дыскамфорт - а ў жыцці, якое адрознае ад “райскага” стану жыцця пад час цяжарнасці, дыскамфорт непазбежны, то ён яго пераносіць на тыя ж самыя грудзі, якія для яго становяцца іншымі - кепскімі, сквапнымі, разбуральнымі. Так дзіця спрабуе авалодаць уласцівымі яму, аднак не падуладнымі супярэчлівымі памкненнямі ды адчуваннямі - памкненнямі агрэсіўнымі, разбуральнымі, і памкненнямі любові і жыцця. Механізмам, паводле якога гэта адбываецца, ёсць праектыўная ідэнтэфікацыя. Неабходны прысутны стабільны аб’ект, на які можна накінуць пачуцці, якія не вельмі зразумела яшчэ, ці звонку ці ўнутры, гэта чалавек, які даглядае, іншы, часцей за ўсё маці, што ўспрымаецца фрагментарна, аднак валодае ўжо пэўнымі пастаяннымі прыкметамі (пах, голас, спосаб трымаць на руках і г.д.).. Ёсць жаданне, імкненне вярнуцца ў стан бяспекі і асалоды (такі неабходны для даспявання), які быў да нараджэння. Перыяд, калі гэта адбываецца, калі добрае і дрэннае дакладна аддзяляецца адно ад аднаго, калі маці (грудзі) расшчэпленыя на добрую ды дрэнную, пачынаецца ад нараджэння і цягнецца прыкладна да 4 месяцаў, і абазначаецца як параноідна-шызоідная пазіцыя. Пры гэтым акрэсленыя межы дастаткова ўмоўныя, могуць сустракацца не толькі ў немаўляці, але і ў дарослых людзей - напрыклад, Кляйн лічыць што цяжкія псіхічныя (псіхатычнага ўзроўню) парушэнні дарослых бяруць крыніцу менавіта ў гэтай пазіцыі, а таксама нярэдкія яе праявы ва ўмоўна дарослых людзей. Пачуцці, якія выклікаюць “дрэнныя грудзі” - страх разбурэння, зайздрасць, агрэсія. Дзіця імкнецца сапсаваць грудзі, што, па яго ўяўленнях, маюць усё патрэбнае, неабходнае для задавальнення, аднак не даюць яму. У станоўчых выпадках “харошыя грудзі”, харошая маці ўсё ж пераважаюць, і, насуперак разбуральным памкненням паўстае пачуццё любові і ўдзячнасці. Гэта дазваляе перайсці на наступную пазіцыю - дэпрэсіўную, сутнасць якой у тым, што дзіця інтэгруе дрэнную і добрую маці ў адзін аб’ект, яно разумее, што маці, што пазбаўляе, якая адсутнічае, і маці, што наталяе ёсць адное, і гэта выклікае ў яго смутак ад страты ідэальнай, харошай маці, аднак і палёгку ад змягчэння вобраза маці, што пераследуе. Дэпрэсіўная пазіцыя сілкуе неўратычныя парушэнні ў дарослых людзей, ёй адпавядаюць адчуванні смутку, страты, гора. Гэтыя пачуцці з’яўляюцца больш складанымі, і дазваляюць разглядаць аб’екты як цэласныя, без расшчаплення, і пры гэтым з уласцівымі ім добрымі і дрэннымі якасцямі. Гэтым часам павялічваецца і адчуванне сябе як асобнай, цэласнай істоты.
Previous post Next post
Up