Вось ёсць людзі, якія сапраўды натхняюць. І сённяшні дзень падорыў мне двух такіх - на цудоўнай сустрэчы ў “Кніжным салоне” мы пазнаёміліся з аўтаркай казкі пра Брыка і Шусю Таццянай Сівец, а таксама я нарэшце вызначыла, хто хаваецца пад kropli_sonca. Ды я заўсёды гэта ведала.
І вось гэтая сустрэча паказала, што мне досыць цяжка растлумачыць чалавеку, далёкаму ад псіхатэрапіі, псіхалогіі, чым гэта я такім займаюся. У чым адрозненне экзістэнцыйнай псіхатэрапіі ад іншых кірункаў і плыняў, якія яе асаблівасці. Пачну з універсітэцкай класіфікацыі, што падзяляла віды псіхатэрапіі на тры вялікія групы:
псіхааналітычныя,
экзістэнцыйна-гуманістычныя,
кагнітыўна-біхевіаральныя.
Адзначу, што немагчыма апісаць усё багацце розных кірункаў, што кірункі гэтыя цесна звязаныя з імёнамі сваіх “аўтараў”, а таксама тое, што падзяленне досыць умоўнае.
Распачынальнікам псіхааналізу з’яўляецца З.Фрэйд, яго пасьлядоўнікі ці развівалі, ці аспрэчвалі яго ідэі, аднак не гублялі пэўнай ступені “роднасці” са шматлікімі ідэямі слыннага аўтара. Да гэтай групы можна аднесці юнгіянскі псіхааналіз, псіхааналіз Мелані Кляйн, Карэн Хорні, Адлера, Ж.Лакана і іншыя. Шматлікія паняткі, прынесеныя псіхааналізам атрымалі шырокі распаўсюд: неўсвядомненае, абарончыя механізмы, выцясненне, лібіда, Эга, Звышэга, Ід,экстраверсія-інтраверсія, архетыпы, дастаткова добрая маці і г.д.
Кагнітыўна-біхевіяральны кірунак можна звязаць са слынным расейскім вучоным Паўлавым і яго знакамітымі сабакамі, тэорыяй умоўных рэфлексаў, станоўчага замацавання, стымул-рэакцыйнай тэорыяй. Біхевіярызм (ад behaviour, паводзіны) зацікаўлены вывучэннем паводзінаў як вынікам рэакцый на асяродак. Кагнітыўныя (адпаведна, ад cognitive, пазнавальны) кірункі даследуюць, як чалавек спасцігае сусвет, арганізуе і засвойвае інфармацыю. Кагнітыўныя карты, негатыўныя перакананні, фраза “Даю установку”, пазітыўнае ці адмоўнае замацавання - адтгэтуль.
Ну і экзістэнцыйна-гуманістычны кірунак. Лічыцца, што грунтуецца на працах экзістэнцыйных філосафаў (Хайдэгер, Сартр, Камю, К’еркегор, Бубер, Гуссэрль, Ніцшэ, Ясперс ігэтак вельмі далей). Экзістэнцыйная (exsistentia, існаванне) псіхатэрапія як асноўнае пытанне ставіць пытанне быцця чалавека. Пры гэтым у дадзеным падыходзе да кожнага чалавека ставяцца як унікальнага індывіда, з унікальным светам і жыццёвай сітуацыяй па-за межамі нейкіх схемаў і гатовых рашэнняў. Экзістэнцыйная псіхатэрапія абапіраецца на фенаменалогію - зварот да першаснага вопыту.
Р.Мэй, Перлз і гэштальт тэрапія, гуманістычны кірунак А.Маслоў з яго пірамідай патрэбаў, Роджэрс з цэнтраванай на кліенце тэрапіі, Франкл і яго логатэрапія з пошукамі асабістых сэнсаў і каштоўнасцяў - усё гэта прадстаўнікі экзістэнцыйна-гуманістычнага кірунку.