- Унучак, падай мне тапор! - з калідора данесся голас маёй бабулі.
Я ўзяў яго з-пад тумбачкі, дзе яго пастаянна хавала бабуля на выпадак раптоўнага з’яўлення злодзеяў. Я, канешне, не мог сабе ўявіць, як 75-гадовая бабуля з сякерай у руках, ледзь стоячы на нагах, збіралася бараніць сябе і свае пажыткі ад злодзеяў і ўсміхнуўся думаючы пра гэта.
- Бабуля, а чаго ты тапор не называеш сякерай? - запытаў я.
- Ай, унучак, цяпер жа ўсе так яе называюць. Раней была сякера, а цяпер гарадскія гавораць тапор. Ну і я так пачала казаць…