Саюз Дзедкі, Бабкі, Унучкі, Жучкі, Кошкі і Мышкі (скарочана ДБУЖКМ) заўважыў ля свайго двара Рэпку. Незразумела, ці расла яна ў зямлі, ці проста валялася, прысыпаная пяском. Засуха была, эрозія глебы, не разбярэш.
- А давайце возьмем яе да сябе, - сказаў Дзедка.
- Праўду кажаш, так мы завершым эвалюцыйную паслядоўнасць, - прамовіла Бабка, маючы на ўвазе, што Рэпка зойме месца пасля Мышкі.
- Давайце-давайце, - запляскала ў ладкі Мышкі, зразумеўшы, што больш яна не будзе апошняй.
Дзедка пацягнуў руку да Рэпкі, але праз імгненне ўскрыкнуў ад болю і спыніўся. Нехта ўкусіў яго за левую пятку, з яе цякла кроў. Перавязаўшы рану, Дзедка накіраваўся да Рэпкі зноў, але раптам падскочыў, і кроў ужо ішла з правай пяткі.
- Ды што ж гэта робіцца, - сказаў Дзедка і надоўга схаваўся ў сенцах.
- От, абізгал, нічога не можа, - паківала галавой Бабка і пацягнулася да Рэпкі. Але толькі яе палец наблізіўся да зямлі, у ёй утварылася ямка, з яе высунулася дробная пашча і куснула Бабку за палец.
- Гэта Крот, - флегматычна сказала Мышка, бо разбіралася сяк-так у падземных жыхарах, - і ён не хоча, каб мы забіралі Рэпку.
- Ну, і чорт з ёй! - махнула рукой Бабка.
- Пераб'ёмся без Рэпкі! - прагучаў з хаты голас Дзедкі.
Але далей здарыліся дзівосы. У наступныя хвіліны за ногі і лапы былі пакусаны Бабка, Унучка, Жучка, Кошка і Мышка. І нават Дзедка, які прыбег на крык, кульгаючы забінтаванымі пяткамі, атрымаў свой чарговы ўкус.
- Крот хоча, каб мы перадалі Рэпку яму, - ужо звыкла, бы аракул або пасрэднік між зямным і падземным светам, прамовіла Мышка.
- Толькі і ўсяго! - Дзед засмяяўся. Падышоўшы да Рэпкі і асцярожна агледзеўшыся, ён пачаў пхаць яе ў зямлю, у валоданні Крата.
Нічога не атрымлівалася. Ззаду далучылася Бабка і пачала піхаць Дзедку ў спіну. Але Рэпка нібы супраціўлялася. Што за містыка?
- На падмогу, - крыкнула Бабка, і за ёй выстраіліся Унучка, Жучка, Кошка і Мышка, штурхаючы адно аднаго ў спіну.
Адбывалася нешта неймавернае. Рэпка, хоць і выглядала звычайнай агароднінай, якая стаяла на найніжэйшай ступені эвалюцыі, штурхала ў адказ і не давала запхнуць сябе ў зямлю, да Крата!
- Ну, што ты валтузішся? - Незадаволена заскрыпела Бабка. - Нічога не ўмееш, дай я займу тваё месца.
- Ведай сваё месца, Баба! - Раззлаваны Дзедка аж пачырванеў. - Ану, штурхаем!
Раптам ад Рэпкі пачаў выходзіць нейкі едкі пах і сачыцца вадкасць. Пах трапіў Дзедку ў вочы, а вадкасць апякла рукі.
- А-а-а! - Дзедка ад нечаканасці здрыгануўся, ссунуўся і ўвесь ладны строй перакуліўся, пакаціўся па зямлі.
Нядоўга яны адпачывалі. Праз хвіліну ўсе падскочылі, бо нехта зноў пачаў іх кусаць.
- Крот... - маркотна прамармытала Мышка, - ён незадаволены. Трэба працягваць.
Саюз ДБУЖКМ зноў пастроіўся. Дзедка зноў узяўся за Рэпку, усе дружна сталі ціснуць адно на аднаго і на Рэпку. І тут здарылася чарговая неспадзяванка. Не вытрымаўшы напружання, Дзед гучна абдрыстаўся. Па шэрагах пранёсся душок, ад якога саюзнікі пачалі круціць носам. Але найгоршае было тое, што Дзедка зачапіў сваім залпам Бабку, бо вечна хадзіў у дзіравых сподніках.
- Ах ты ж казёл стары! - залямантавала Бабка. - Ды пайшлі вы з вашым саюзам, боўдзілы адны, толькі дрыстаць і ўмееце!
- Дапагражаешся, старая! - рыкнуў Дзедка. - Калі я выйду, вам мала не пакажацца!
У зямлі працягвала расці Рэпка... У яе была перадышка, каб выжыць...