Ці была ў цябе калі мара? У мяне дык была. І нават не адзінаасобная, а паўнавесная такая калектыўная мара. Ня ведаю, адкуль гэна ідэя ўзялася, можа пад парамі з Кімбараўкі, чорт яе знаіць, але пэўна больш за год мы з
kiedy,
budgawl i
alkobugi марылі трапіць у... Нароўлю. Да той Нароўлі з Мазыра і даплюнуць можна, а ўсё неяк графікі не зрасталіся. На другі год цярпець стала немагчыма, ды і Нароўля так маніла, што мы з
budgawl сабраліся і паехалі ўдвух.
Асабіста я не ведаў пра Нароўлю нічога. Ну хіба можа толькі тое, што нейкія чырвоныя мазыране робяць там самыя смачныя ў нашым з вамі Сусвеце цукеркі "Кароўка". А яшчэ, калі верыць Івану Мележу, і то тое, што ў 1920-х там часова перабываў адзін легендарны таварышч.
"- Дзякуй Богу, што пачуў малітву! Пачуў і заступіўся! - сказала Хадоська. ...
- Бог? А знаеце, дзе ён цяпер?
Ганна пазнала: пытаўся Хоня. ... Хадоська даверліва пацікавілася:
- Дзе?
- У Нароўлі ў воласці! За сакратара!
- Кеб табе язык адсох! За такія твае словы...
- Праўда - у Нароўлі! Бачылі яго! Ён, праўда, не прызнаецца, баіцца, кеб не прагналі з работы!.. Бо не пралетар сам!.." :)
А ў Нароўлі, канечне, не як у Чачэрску, але тэж ёсць свае фішачкі. Вось, напрыклад, многа ўсяго такога цікавага ў аднапавярховай частцы горада.
Гэтай аднапавярховай Беларусі наглядзеліся там дай божа. Бо вылезлі з мазырскага аўтобуса чамусь не ў цэнтры, а на аўтавакзале, на якім не было ні душы. Як вымерлі ўсе. У горадзе амаль тое самае. Відаць трапілі акурат на гадзіны знакамітай нараўлянскай сіесты... Амаль на кожнай хаце вось такія паперкі. Рыхтаваліся, відаць, да нашага прыезду.
Бліжэй да цэнтру з'явіліся такія мілыя прыпынкі.
І знакі. Нейкія нараўлянцы зусім неталерантныя.
І апасныя :) Толькі расчахлілі тэлефоны, каб задакументаваць гэту дзіўную інсталяцыю, як з другога боку дарогі падала голас нейкая бабуля: "Маладыя людзі, а вы што тут фатаграфіруеце?!?" Відаць яна ў той дзень была дзяжурнай па Нароўлі бабкай. "Вы ж фатаграфіруйце што красівае, а ня гэта!" Мы не сталі пытацца, дзе тут у іх "красівае", а проста папаўзлі далей.
Фота крадзенае з
інстаграма напарніка па экскурсіі.
Але гэта яшчэ ня ўсё. Падыйшлі да во гэтага касцёла. Стаім, нікога не чапаем. Праз дарогу з'яўляецца нейкі мужык, вымае фоцік і пачынае запічатлеваць нас для гісторыі. "Слежка" працягваецца. Нароўля ўвогуле рай для параноіка :)
Пайшлі, кароча, у мясцовы рэстаран "Волна". У зале "аншлаг", за вокнамі раве та стогне Прыпяць, у меню ўсякія нішцячкі. Лепата. Раптам са службовых памяшканняў з'яўляецца з талеркай нейкая цётачка. Бытта садзіцца такая есці, а сама гаворыць да нас чалавечым голасам: "Мальчыкі, а вы аткуда такія будзіце?" Я ж ўжо казаў пра рай для параноіка, так? :) Карацей распытала па ўсёй праграме. А сама даж не расказала, дзе ў іх тут старая сядзіба з паркам знаходзіцца. Сказала, што недзе ў раёне пэўна. Хацела заблытаць сляды, не інакш.
Дранікі аказаліся прыдатнымі для ежы. Але я раблю ў разы лепшыя. Праўда боршч і водка - агонь. Толькі вось посуд, канечне, без каментарыяў.
Далей была Прыпяць. Шкада мой тапак у той дзень здымаў так сабе. Таму проста паверце, Прыпяць шыкоўная на любым з адрэзкаў. Нават калі на іншым беразе радыяактыўны лес. А на гэтым беразе домік для Барбі, напрыклад.
Насамрэч, як я і думаў, гэта музей. І, канечне, зачынены. Сіеста ж, мы памятаем.
А шкада, бо ўсярэдзіне можна ўбачыць во такія рэліктавыя нішцячкі.
Продаются везде. Мы з вамі такія верняк тож юзалі.
А вось "Памарыну" я ўжо пэўна не заспеў.
Ад рэстОрана адыйшліся яшчэ не вельмі далёка, таму спачатку падумаў, што гэта глюкі. Але не, гэта і праўда помнік нараўлянскай карове. Радыяцыя. Во і зэдлік для дойкі прылагаецца.
Побач прысутнічала і іншая сельскагаспадарчая жыўнасць.
Гэта і наступная фотка скрадзеная з
той жа крыніцы. Прсціце.
"Нараўлянскі князь аб'язджае свае ўладанні". Так падпісаў гэту фотку
аўтар. Сам я таго не бачыў, праўда ці не казаць ня буду. Але што на заднім плане знакаміты нараўлянскі парк князёў Горватаў, гэта чыстая праўда.
Паркавая дарожка да ўваходу ў палац Горватаў.
А во і сам палац. Нават такі аблезлы і з бярозавым іракезам глядзіцца шыкоўна. Здаецца з вакна на другім паверсе з мушкетам высунецца сам князь і запытае, што я - халоп - тут раблю.
Як бачыце, зусім нядаўна палац абнеслі новым плотам. Цяпер усярэдзіну фіг і трапіш.
Хаця што там глядзець? Усё самае цікавае і так відно.
Вось, напрыклад, гэтая мэбля мяне проста пакарыла.
Шыкоўныя рэшткі фантана.
А ўнізу цячэ Прыпяць. Пастаялі троху "пазаліпалі" на раку, на "чарнобельскі" супрацьлеглы бераг і рушылі далей.
Часу да мазырскага аўтобуса заставалася ўжо мала, а недзе паблізу яшчэ так вабіла цукерачная фабрыка. І не мяне аднаго. Расказваюць, што гэта дрэва так любіла мясцовыя "Кароўкі", што яго нават прывязалі, каб увесь час ня бегала ў фірмовую краму прадпрыемства па-суседстве. Праўда, ёсць яшчэ версія, звязаная са знакамітым нараўлянскім паўстаннем энтаў, але я ва ўсякія казкі ня веру ;)
Фабрыка была зусім блізка. З першага пагляду я падумаў, што гэта ж нейкі бровар. А і сапраўды. Эдвард Горват спачатку пабудаваў бровар, але піва не пайшло.
Прадпрыемства перарабілі пад вытворчасць ласункаў. На папярэднім фота старая частка фабрыкі. Памяшканні зараз выкарыстоўваюцца пад склад, здаецца. Гаворуць, што менавіта тут недзе ў сярэдзіне мінулага стагоддзя і прыдумалі тую самую "Кароўку". Ня ведаю, ці праўда, але нараўлянская "Кароўка" найсмачнейшая з тых, што я каштаваў. Хоць і вырабляецца акрамя іншага з рагачоўскай згушчонкі, а не з глыбоцкай :)
Колькі гадоў таму ў Нароўлі нават хацелі паставіць помнік "Кароўцы". Але ўжо нельга, бо таварны знак даўно запатэнтавала зусім іншае прадпрыемства. Ну а можа гэта проста адмазкі - хто ж знае.
Перад фабрыкай развіваюцца яе знамёны. Так выглядаў палац Горватаў і той самы фантан сто гадоў таму.
А цяпер гэта выява ёсць на ўсіх пакунках з мясцовымі цукеркамі.
Вось і ўсё пра Нароўлю, здаецца. Наведаць нельга не наведаць. Так я скажу.
... І надкусіўшы цукерак знік за гарызонтам...