Па кнізе ў дзень ІІ, альбо фініш аднаго міні-марафона

Dec 30, 2014 10:16

Дабег. Смысле, дачытаў. Сем дзён, сем кніжак, паправіў статыстыку за год, і, здаецца, не "скавырнуўся". Хаця было ад чаго: у апошнія дні мой кнігарадар знатна збаіў. А як дачытаў, то і трэба ж трошкі, не пабаюся гэтага слова, справаздацца. Не пад парадак. Пачну з самага цікавага.



Гэта Янка Маўр, калі хто не паняў. Ды не на вокладцы сфотканы. Аўтар кніжкі. Я вось у дзяцінстве позняга Маўра не зачапіў, прыйшлося навёрстваць. А позні Маўр - гэта амаль так жа шыкоўна, як і ранні Маўр, але яшчэ весялей. Навуковая фантастыка для дзяцей з элементамі камуністычнага фэнтэзі. Таемны геній прафесар Цылякоўскі сабраў суперкар з усякімі прыблудамі для імгненнага перамяшчэння ў прасторы. Сам на ім нікуды не паляцеў, але адправіў падлеткаў-унукаў Святазара і Святлану ў разведаперацыю ў тры самыя неспазнаныя і страшныя месцы Сусвету: у ЗША, на Месяц і на Марс. Працытую мае любімыя моманты.

Дзеці прыляцелі ў Нью-Ёрк, рассякаюць па Манхэтане на сваёй ФЦ-2, "запаслі" вітрыну багатай крамы.

"- Глядзі, глядзі!
Светазар убачыў у вітрыне спальню: ложак, к росла, люстра і іншае адпаведнае абсталяванне. На ложку пад шаўковай коўдрай спала дзяўчынка. Раптам яна павярнулася і закінула руку за галаву.
- Жывая?! - ускрыкнуў Светазар.
Так, дзяўчынка была жывая. Голад прымусіў яе «спаць» такім чынам цэлыя дні, каб звярнуць увагу публікі на спальныя рэчы фірмы Дудль І К."

Напомніла пра "амерыканскія дзеці ядуць крыс у метро". Далей Святазар і Святлана захацелі патусавацца з неграмі, прыляцелі ў маленькае мястэчка Рым. Пад'ехалі да лядашчых негрыцянскіх хацінак і сталі прасіцца пераначаваць.

"- Спыніцца?.. У нас? - збянтэжыліся гаспадары. - Навошта вам у нас спыняцца? Крыху далей ёсць атэль.
- А мы хочам з вамі пазнаёміцца, - весела сказала Святлана, падыходзячы да пяцігадовага хлапчука, чорнага, кучаравага, з белымі вачыма і зубамі. Але той адскочыў ад дзяўчынкі так, нібы яна хацела яго ўкусіць.
- Вельмі дзякуем, што вы не цураецеся нас, - сказала з па клонам старая негрыцянка. - Але просім не заходзіць да нас.
- Чаму? - спыталі Светазар i Святлана разам.
- Відаць, вы не тутэйшыя, калі не ведаеце нашых законаў. Мы не маем права быць разам з вамі, ды і вам будзе непрыемнасць, калі вы будзеце з намі па-свойску. Вы ж белыя, а мы чорныя, - з горкай усмешкай скончыла жанчына.
- Нас гэта не датычыцца, мы - савецкія! - з гонарам адкаэаў Светазар.
- Савецкія?! Няўжо? - загаманілі людзі, і чорныя твары іх, здавалася, пасвятлелі ад радаснага хвалявання."

І чорныя твары іх, здавалася, пасвятлелі ад радаснага хвалявання! Мой самы любімы момант. Паўначы потым ня мог заснуць і як прыдурак усміхаўся ў вусы :)) А во яшчэ адзін харошы кавалак. Дзеці прыляцелі з Амерыкі, а дзед ім тлумачыць, калі перафразаваць, чаму амерыканцы першымі высадзіліся на Месяцы.

"- Загадка вырашаецца досыць проста, - адказаў дзед. - Людзі даўным-даўно ўжо мараць наведаць свайго бліжэйшага суседа - Месяц. Гэтая мара вельмі наблізілася да сапраўднасці, калі навука падказала, што гэта можна зрабіць з дапамогай ракеты. Пасля таго было многа спроб пабудаваць такую ракету. Рабілі гэта і мы, робяць і Злучаныя Штаты Амерыкі.
- Чаму? - вырвалася пытанне ва ўнукаў.
- 3 гора ды бяды. Асабліва калі з голаду гіне сям'я, як у вашага фермера. Аднаго разу ў Амерыцы было аб'яўлена, што патрабуюцца ахвотнікі ляцець у ракеце на Месяц. Дык такіх ахвотнікаў знайшлося колькі хочаш. За гэта ж абяцалі даць многа грошай. Дык многа людзей, якія не маглі дапамагчы сваей сям'і ніякім іншым спосабам, вырашылі пайсці на смерць, каб хоць такім чынам выратаваць сям'ю. Да такіх людзей, безумоўна, належаў і ваш знаёмы фермер."

Ну і апошняе, каб вы раптам жывоцікі не парвалі, а то ж гэта заўтра ня будзе куды аліўе пхаць і я яшчэ застануся вінаватым. Дзеці прыляцелі на Марс, знайшлі там малпаў-абарыгенаў і ачалавечваюць іх. Па экспрэс-курсе, канечне.

"Агонь павялічваўся, трашчаў усё больш і больш, асвятляў усю пячору, і пасту нова яхі пачалі адчуваць яго цеплыню. Найвялікшае задавальненне свяцілася на іх тварах. Выраз іх усё больш і больш адыходзіў ад жывёльнага. Вочы загарэліся чалавечай радасцю.
- Таварышы! Ды вы ўжо гатовы засмяяцца! - закрычаў Светазар. - Давайце разам. Ну, раз… два… тры!.."

Вооось. А рэшту чытайце самі, пэўна. Мне ж трэба дарасказаць пра тры астатнія кніжкі.



Усё ж насуперак прагнозам дачытаў. Хаця гэта і было цяжка. Пэўна толькі праз павагу да Гарэцкага.



І "Сарочае радыё" дачытаў. Што-што, а чытаецца кніга вельмі лёгка і хутка. Гэта, пэўна, адзіны камплімент, які можна "прад'явіць" твору.

А далей у мяне здарылася першая асечка. Сеў за "Валацугаў" Талстова, прачытаў старонак са дваццаць і зразумеў, што гэта нейкая недарэчнасць. Тэма, стыль, гісторыя... Відаць і праўда: "на трэцяй кнізе аўтар раптам навучыцца пісаць не можа". (с)

На замену "Валацугам" узяў пачытаць нават для сябе нечаканае. Адну з кніжак нашага дарагога Чаргінца. Зацаніце якая клёвая вокладка :)



Што сказаць па-тэксце? Гэта не кніга. Гэта проста нейкі злёгку апрацаваны набор старонак з крымінальнай справы. Затое я цяпер магу сказаць, што чытаў кніжкі Чаргінца. А гэткіх герояў не так і многа :))

я_на_фота, кніжнае, Генiй, літаратурцы

Previous post Next post
Up