Маё Глыбокае. Пачатак

Dec 12, 2014 19:24

* * *

Я ніколі не баяўся прывідаў. Ніхто на нашай вуліцы не баяўся, хаця мы ўсе і выраслі ў стогадовых дамах на ўскраіне старога мястэчка. Наша вуліца пачыналася вялікім старым кляштарам, сутарэнні якога адвеку служылі месцам катаванняў. Цягнулася паўз гарадскі стадыён, дзе раней быў сад, у якім немцы ў апошнюю вайну хавалі сваіх салдатаў. А канчалася вялікімі могілкамі. Так што, калі ў школе дзеці з іншых вуліц расказвалі пра прывідаў, мы падымалі іх на смех. Бо прывідаў няма. Але розныя дзіўныя рэчы на нашай вуліцы здараліся часта.

Нядаўна яшчэ, помню, гадоў 15 таму, жыў на нашай вуліцы такі Пахомчык. Адзінокі мужчына не паняць якога веку. Ніхто не ведаў, дзе той рабіў, чым жыў. Некуды ўвесь дзень соўгаўся на сваім равесніку-ровары. Ды і прыкмячалі людзі гэнага Пахомчыка толькі таму, што побач з ім цёльня сноўдаў вялікі чорны сабака, больш падобны да мядзьведзя, чым да цюцькі. Яго, здаецца, гэдак і звалі. Едзіць бывала Пахомчык з "гораду", а ззаду валюхаіць Мядзьведзь. З торбай, ці хаця б з газецінай у зубах. На Пахомчыкавай "дамцы" нават багажніка не было. Усю ношу браў на сябе сабака. У магазіне колькі б Пахомчык у торбу не паклаў, Мядзьведзь усё ціхенька прынясе. Адно толькі віно сабака насіць адмаўляўся. Ды і ўвогуле, толькі Пахомчык надумаецца дзе троху выпіць, Мядзьведзь ужо там. Спакою не дасьць: будзе брахаць, кідацца, аж пакуль не адберыць бутэльку. Колькі разоў было, што зносіў і закапваў "бомбіну". Суседзі яшчэ доўга пасля Пахомчыкавай смерці "размініравалі" ягоныя і свае агароды. Усё б нічога: добры сабака, рэдка ды бывае. Толькі, ці праўду людзі кажуць, ці не, але знайшоў гэтага сабаку яшчэ маленькага Пахомчык у сябе на ганку роўна ў той дзень, калі пахаваў сваю жонку. А тая памёрла з гарэлкі.

Ёсць на нашай вуліцы могілкі. З капліцай, з мемарыяльнай калонай, са старымі надмагільнымі помнікамі - усё як у людзей. Роўна пасярод могілак, у нізінцы, ідзе дарожка з нашай вуліцы на суседнюю. Дарога тая не адзіная, але ўтрая карацейшая за звычайную. Мы малыя толькі ёй і карысталіся. Заадно даследавалі тэрыторыю, шукалі скарбы: ў капліцы, тая праўда ўнутры была пустая як барабан; пад калонай, пужаючы яе сталых кватарантаў - бацяноў; ля самых большых помнікаў. Бывала, знаходзілі нейкія манеткі, крыжыкі, ланцужкі. Беглі дамоў, баючыся, што зараз наляціць "гасударства", адберыць нашы скарбы, а нам аддасць толькі 25 працэнтаў. "Гасударства" так ні разу і не паказалася, што праўда. Але адзін дзіўны выпадак быў. Неяк мы з аднакласнікам Сашкам спускаліся ад капліцы да вуліцы і знайшлі проста пасярод лесвіцы жмутак грошай. Як для вучняў пачатковай школы, дык і парадашна там было. Сашка першы заўважыў, таму забраў іх сабе і аддаў у школе за абеды на колькі месяцаў наперад. Наступным днём мы ішлі гэнай самай дарогай і чуць не здурнелі. На тым самым месцы ляжаў хоць троху меншы за ўчорашні, але таксама ня слабы жмутак грошай. Па-справядлівасці яго забраў я. Грошы гэдак жа пайшлі на школьныя абеды. Увечары мы ўжо адмыслова завярнулі на могілкі, пашукалі ў траве і выцягнулі з зараснікаў яшчэ некалькі паперак. Ужо праз пару хвілін мы абмянялі іх у магазіне на сорак жвачак. Потым, колькі не хадзілі на могілкі "па грошы", так ні разу і не знайшлі. Пэўна могілкі пакрыўдзіліся, што пасля такога харошага пачатку мы проста так прафукалі апошнюю знаходку, і больш нам купюр не "адслінявілі". Калі не памыляюся, асабіста я больш не знайшоў на вуліцы ні цэнта.



1934 г. Мужык удзельнічае ў Дажынках. На заднім плане капліца.

На нашай вуліцы, кажуць, даўней рос вялікі і пекны сад. Яго пасадзілі некалі яшчэ кармеліты. Потым, як кляштар перадалі праваслаўнай царкве, то сад перайшоў мястэчку. Пасля вайны прыйшла новая ўлада і высекла ўсе дрэвы. А на тым месцы быў пабудаваны гарадскі стадыён. Ну як "пабудаваны"? Проста зараўнялі пляцоўку, пасеялі траву і пастаўлялі па перыметры лавы. Я падлеткам яшчэ паспеў пагуляць там у футбол. І каманда ў мястэчку была моцная, гуляла аж у другой лізе першынства Рэспублікі. А потым прыйшлі немцы. Не так, як у 41-м, праўда. Хутчэй не прыйшлі, а прыехалі. Бо высветлілі, што пад газонам стадыёна ляжаць іхныя салдаты з часоў апошняй вайны. Прычапіліся яны да ўладаў: дай ды дай, біттэ ды біттэ. А тыя і далі. Як вынік: увесь стадыён колькі гадоў стаяў перакапаны. Праўда мы гулялі на ім і падчас раскопак. Гулялі звычайна з салдатамі. Не, не з тымі, якіх адкапвалі. Са звычайнымі беларускімі салдатамі тэрміновай службы. Менавіта яны там і капалі. Бывала і костку якую найдзіш, дык адносілі акуратна ў вялікія сінія мяшкі. А потым немцы, жывыя і ня дужа, паехалі дамоў. Стадыён на нашай вуліцы гадоў праз сем адбудавалі. Пекны, лепшы як быў, з вялікай трыбунай і пластыкавымі крэсламі. Але каманда больш добрай гульні не паказвала і вышэй за другую лігу нават ў вобласці не падымалася. Людзі з нашай вуліцы кажуць, што во немцаў як вывезлі, дык цяпер німа каму нашым мальцам памагаць гуляць. Гэта ж немцы былі, не абы хто. Але сам я ў гэта ня веру і звязваю ўсё з тым фактам, што адноўлены стадыён адкрываў нефартовы Уладзімір Навіцкі.



Тады во як немцы раскопвалі стадыён, вырашыў адзін камерсант адкрыць на нашай вуліцы нейкі "шалман". Ну як на нашай вуліцы? Гэта троху можа і збоку, метраў са дзьвесце па выездзе з мястэчка. Але ўсе мясцовыя кажуць, што гэта наша вуліца, дык чаго мне сумнявацца. Адкрыў той камерсант свой "шалман" і назваў па-руску "Гора". Месца і праўда высокае. На той час гэта адзіная кропка, дзе можна было разжыцца гарэлкай ноччы. Мужыкі з усяго мястэчка лёталі туды круглыя суткі. Я дык не, а бацька мой многа грошы там парашаў. Так і сталі месцічы казаць, што людцы ў "горы" тым прападаюць. Ну а як? Па-руску тут ніколі не гаварылі. Людзі "Гару" тую як "гора" і прачыталі. Дайшло аж да старшыні райвыканкаму. Выклікаў той камерсанта і загадаў назву змяніць. Так "Гора" і стала "Гарой". Але прывіды тут і праўда ні пры чым. Тым больш, што усе на нашай вуліцы дакладна ведаюць: прывідаў няма. Нават пастанова пра гэта маецца...



Так Язэп Драздовіч убачыў пачатак вуліцы Генрыка Сянкевіча ў 1925 г.

Пачынаецца ж наша вуліца, значыць, з кляштара, якому больш за тры сотні год. Вось як бываеш у ягоных сутарэннях, то ў прывідаў паверыць - раз плюнуць. А як яшчэ добра хто раскажа... У сутарэннях тых столькі магіл і легенд, што можа і ва ўсім мястэчку столькі няма. Там і манахі ўсякую непатрэбшчыну тварылі, і царскія генералы потым, і чырвоныя камісары, і польскія ўраднікі, і камуністы-вызваліцелі, і немцы. Каго толькі гэныя сцены не бачылі: Напалеон, Мураўёў, Гіль-Радыёнаў, Вятвіцкі... Месцічы зналі наўперад: як вядуць у тыя сутарэнні, то не жывацей. Можа таму зараз цэрква стаіць дагледжаная, а адзіны кляштарны корпус развальваецца. Людзі з іншых вуліц кажуць, што там ёсць прывіды. Яшчэ ў 1960-х у гэных сутарэннях быў цэх кансервавага завода па перапрацоўцы гародніны. Працаваў ён і ў начныя змены, а прывіды прыходзілі "дапамагаць". Ужо добра ня помню, як іх апісвалі, але ў начную змену людзі рабіць адмаўляліся. Аднойчы нават зладзілі адмысловы камсамольскі сход, дзе адзінагалосна прагаласавалі і пастанавілі, што прывідаў няма і быць не можа. Не вядома, ці адступілі тыя прывіды перад "жарам камсамольскіх сэрцаў", бо цэх хутка пераехаў ва ўласнае памяшканне. Але ведаю дакладна, і ўся наша вуліца ведае, што прывідаў няма. Калі што, мы можам прадʼявіць пастанову.

Глыбокае über alles!, пешу, рубрыка "старыя хіпаны", жыцьцё пальцам пiханаё

Previous post Next post
Up