Кулінарны лайфхак на чорны дзень, альбо як я аднойчы еў "Суп ад Кандрата"

Dec 02, 2014 19:23

Было гэта так даўно, што цяпер ужо здаецца, бытта было не са мной. Першая восень пасля ўнівера. Я прыехаў у Наваполацк вяртаць даўгі дзяржаве. Адпрацоўваць размеркаванне. Праца рэдактара ва ўніверы цікавая, але жыць не было дзе. Ад слова зусім. Перакантаваўся спачатку ў былога аднагрупніка на хаце. Той праз пару тыдняў ажаніўся і мяне "выпер". Потым пераехаў да сябра ў полацкі інтэрнат. Ну як пераехаў? У мяне і рэчаў тых было як кот нафантазіраваў. Усе тоўпіліся ў адным заплечніку. Дней дзесяць прасочваўся ў інтэрнат па старой памяці, вахцёркі ж бачылі твар знаёмы. Аж пакуль не запасла камендантша. Як зараз памятаю. Серада. Ня дужа позна, але цёмна. Я выйшаў з інтэрнату ў ноч. Трэба было неяк дажыць да чацвярга. Бо ў чацвер у Наваполацку выходзіла газета з прыватнымі аб'явамі.

Што і дзе рабіў той ноччу ўжо добра ня помню. Але да чацвярга яўна дажыў. Купіў газету. Пазваніў на адзіны наваполацкі нумар і адразу дамовіўся пра наём кватэры. Увечары аддаў нейкай стромнай бабульцы грошы за два месяцы ўперад. Да чаго зусім не быў гатовы. Кватэра ўтульная, цёплая, чыста прыбраная, нават з целікам. Ніхто ня "кінуў". Але сеў я на канапу, пералічыў грошы. Аказалася, што на наступныя тры тыдні ў мяне засталіся адзін "Снікерс", літрушка "Аліварыі-Дзесяткі", пачак чаю і 11 700 "зайчыкаў". На той момант гэта крыху больш за пяць баксаў, здаецца. То бок нават на дарогу ў Глыбокае па сала грошы ўжо не было. "Дзесятку" і "Снікерс" прыгаварыў не сыходзячы з таго месца. З гора.

Назаўтра ўспомніў, што бабулька пералічваючы грошы казала пра нейкія запасы на кухні ў шафцы. Увечары знайшоў там цэлы "скарб". Слоік леташніх агуркоў, паўкілі мукі, літр поснага масла, непачаты мяшочак цукру, некалькі пратэрмінаваных булённых кубікаў і сем зморшчаных бульбін з расткамі. Ад радасьці выдаткаваў амаль усе свае грошы на два "пэлтары" піва і пачку "Уінстана". І дарма. Праз дзён восем-дзевяць як я ні стараўся, а ў хаце з ежы засталіся толькі тыя булённыя кубікі і бульба, на якую і галодны не паквапіўся.

Наступны тыдзень помніцца як праз туман. Я толькі спаў і хадзіў на працу. (Гэта добра яшчэ, што ездзіць не трэба было). Эканоміў энергію як мог. Гарбата з цукрам на пасьнедаць і павячэраць - так сабе рацыён. Недзе на трэцім ужо тыдні пайшоў у самы вялікі на той час магаз у горадзе. Навошта ісці ў магаз без грошы? Вы, мяркую, здагадаліся. Сумленне, якое тады яшчэ было, грызла потым доўга. Можа з год сніў як вынашу гэтыя два пачкі "Чарнаморскіх" вафляў.

Пражыў на тых вафлях да пятніцы. І здаўся. Замест працы паехаў "зайцам" у Полацк. Сеў на дызель да Глыбокага і... І хуй там. Пасля першага ж прыпынку напалі "служывыя" і ссадзілі ў Фарынаве. Стаю я такі ля дарогі: да Глыбокага 60 кілометраў, да Наваполацка - 20. Тэлефон подлы мтс заблакаваў яшчэ дні тры таму. Што рабіць, пайшоў назад. 20 кілометраў пехатой, з учора нашча. Відовішча з мяне пэўна было яшчэ тое. Пару разоў заварочваў у лес. Хацеў глянуць грыбоў. Восень тады была мокрая, людзі да самых маразоў турылі з лесу апенькі. Але быў не "дзень Бэкхама". Грыбы як і ўсе астатнія жывыя арганізмы ў тыя тры тыдні ад мяне адвярнуліся. Затое назьбіраў поўныя кішэні крапівы. На суп.

Прыйшоў дамоў ужо з цёмным. Есці хацелася, бы п'янаму бароцца. Дастаў тую старую завялую крапіву, "апальную" бульбу, булённыя кубікі, поснае масла. Праз гадзіну еў пэўна самы смачны суп у свеце. Без мяса, без цыбулі, без скварак. Проста суп з крапівы. Цяпер успамінаю - дык смешна. Асабліва тое, што ў гэту апошнюю пятніцу, калі я здаўся і паехаў у Глыбокае, ва ўніверскай касе ўжо давалі заробак.

я_на_фота, Полацк-Наваполацк на сувязі, хэндмэйд, страва не атрава, жыцьцё пальцам пiханаё

Previous post Next post
Up