Кулінарны блог. Return

Oct 10, 2014 18:43

Успомніўся тут адзін допіс. Самацытата, напрыклад: "Калі б я напісаў кнігу, яна была б кулінарнай. (Мары пра ўсе астатнія жанры я ўжо паспяхова адкінуў. Ды й ня веру я ў сцэнары, калі чэл сядзеў сабе 30-40 гадоў на печы і раптам пацягнуліся яго белы ручанькі да клавы, шэдэўры ваяць. Хіба ў літстаронку раёнкі:)) Ужо і назву ведаю, анягож. "253 стравы з беларускага піва". Ну а чо, халаднік з агурковага цвету на піве я ўжо рабіў, сняданак з піва з сырым яйкам ведаю, піўны кактэйль з цыбуляй і чосьнікам "Антып'еса" каштаваў. Дзела за малым, як кажуць на дзікім усходзе: прыдумаць яшчэ нейкіх там няшчасных 250 страў. Ну і ня здохнуць ад якога небудзь няўдалага эксперымента на гэтым шляху...".

Што ж, пачнем рабіць тое не проста словамі. І, канечне, усё праз гэты ўмеру ціхі і ўтульны бложык. Як чарнавік, канечне. Балазе, падобная рубрыка тут ужо была. Толькі баюся 253 не сходаю, няхай гэта будзе "88 страў з беларускага піва". Так што...

Нарэшце вы дачакаліся, мая "Кулінарная калонка" вяртаецца. Толькі мужчынская кухня, тлустыя рукі, піва і хардкор! :)



Для сённяшняй стравы ўсяго толькі і спатрэбіцца, што купіць на балоце адну прыгожую мімімілую качачку (прыкладна такую, як на малюнку Наты) і ўпаляваць у краме брутальнага беларускага піва. Ці наадварот. Гэта гледзячы колькі піва, карацей. Для качкі мне хапіла адной маленькай "дзесяткі". Ну і гэта, не падумайце, што я тут мегапаляўнічы такі, хаджу кожныя выходныя з "валынай" на балота. Я ўвогуле за мір ва ўсім свеце і сяброўства паміж відамі. Але калі цесць дзеліцца трафеямі - адмаўляцца не прынята. Больш за тое, некалькі разоў я нават разбіраў качку. Гэта, канечне, не парсюк, напрыклад, але таксама не для слабанервных. Разбіраем да такога стану.



Каб ад качкі не тхнула "хараством балотных чар", для пачатку трэба на хвілін 15 пакінуць мяса ў "воцатнай вадзе". Потым добра прамыць. Нацерці соллю і перцам, заліць бутэлькай піва і пакінуць гадзіны на тры ў халодным месцы. А тым часам абіраем некалькі цыбулін, галоўку чосьніку, абразаем 2 добрых морквіны і мыем крыху зеляніны.



Праз тры гадзіны вымаем качку з піва, даем сцячы і высахнуць. Фенам, канечне, лепш не карыстацца :) Мяса прам відаць як набракла півам. Яго, дарэчы, не выліваем і не выпіваем, бо яшчэ будзе патрэбнае.



Абсмажваем на посным масле кожны кавалак з двух бакоў, хвілін па 7-8. Я ўсё рабіў у мульціварцы, але можна і проста на пліце.



Потым дадаем пакроеную гародніну і лаўровы ліст, смажым яшчэ хвілін пяць. Тут галоўнае ўтрымацца і не пачаць есці ўжо зараз :)



Праз тыя пяць хвілін заліваем качку нашым півамарынадам. Што праўда, чакаць цяпер даволі доўга. Тушыцца будзе ўсё гадзіны са дзьве. І фоткаць далей у мяне не асоба атрымалася :)



Ды і не трэба ўпрынцыпе. У той момант як па кватэры пачне разносіцца шыкоўны хлебна-хмелева-мясны пах, трэба схадзіць паварочаць мяса. Хопіць аднаго разу за ўвесь час. Тройчы рабіў ужо гэту качку і тройчы ж бутэлька піва выкіпала роўна праз дзьве гадзіны. Як толькі выкіпела, можна здымаць і з хуткасцю святла з'ядаць :) Фотачка ў мяне атрымалася не ахці, але ж тут брутальная кухня. Толькі бульба, толькі хардкор!



Час на прыгатаванне: дзесьці гадзін многа (але ясна, што ўвесь час ля пліты таньчыць не нада) :)
Пры здымках ніводная жывёліна не пацярпела. Пацярпела адна птушка :)
Смачна есці. Засталося 87 страў. Усім півас! Убачымся :)

Кулінарная Калонка, хэндмэйд, страва не атрава

Previous post Next post
Up