Як мы праз Кімбараўку і Даліну Анёлаў на Новы мост хадзілі

Jun 26, 2014 18:52

Даўна выношваў хітры план: схадзіць пехатой ад дома да Новага моста праз Прыпяць. Здавалася б, усяго восем кілометраў, што там ісці?! Але больш-менш дасведчанае спадарства ведае, што адзін кілометр пехатой па Мазыры прыраўноўваецца к тром. Горы, сэр. Так што ў нас заўчора атрымаўся цэлы паход :)




І, зразумела, ёсць пра што расказаць. Пагаворым сёння пра прыбярэжную вуліцу Гогаля, дзе раней было ўрочышча Кімбараўка. Яна пачынаецца, калі глядзець на карце вунь разам з лесам і па цячэнні Прыпяці ідзе аж да Новага моста. Калі разабрацца, гэта гатовы маршрут для турыстычнай экскурсіі з абавязковымі заходамі на горы, ў завулкі і на мост. Толькі з інфраструктурай бяда, замардаваным замучаным турыстам можна падсілкавацца хіба ў сталоўцы мэблевай фабрыкі.




Праўда, гэта ж цэлы комплекс, дзе закансерваваная ўся гісторыя гэтага месца ад гарадзішча першых пасяленцаў і да першага пасляваеннага дзесяцігоддзя. У гэтым кантэксце паесці ў сталоўцы саракавых гадоў - самы айс :) А пачынаецца ўрочышча з вось такога цікавага дома. Першы паверх мураваны, другі з дрэва. Мясцовыя гісторыкі кажуць, што ён датуецца аж 1892 годам. Няхіла так захаваўся. Звярніце ўвагу на ганак, ён хоць крыху і пакасіўся, але відаць па ўсім выконвае свае прамыя абавязкі і зараз.




Стылістычна гэты дом падобны да дома на вуліцы на Гары камунараў, што ў цэнтры горада. Толькі апошні пабудаваны на сорак гадоў пазней і крыху больш як кажуць у нас, хіпстараў, "адпідарашаны" :) У Мазыры яшчэ стагоддзе таму было больш за 60 такіх будынін. На сённяшні дзень засталіся чатыры. І тое хлеб.




Пра дом насупраць амаль нічога ня ведаю. Па цэгле, аконных праёмах і "ўросласці" ў зямельку бачна, што ён таксама не з маладых. А вось сляды нядаўняга рамонту кажуць, што прастаіць дом яшчэ доўга. Абы сайдынгам не абшылі.




Далей бачым нейкую былую ўстанову савецкіх часоў. На гэтай вуліцы ўвогуле шмат такіх дамоў. Толькі ў асноўным усе жылыя. А гэты - закінуты - сфоткаў не таму, што я подленькі, дарагі чытач, а толькі таму, што побач няма вялікага плоту і крыважэрнага сабакі за ім :) Увогуле, калі збіраешся гуляць па такіх вулках, трэба мець вельмі моцныя нервы: сабакі за платамі пачынаюць брахаць і кідацца на агароджу, калі ты зусім гэтага не чакаеш. Ната нават аднойчы псіханула :)




Большасць з гэтых дамоў шматкватэрныя. Ганкі вельмі разнастайныя, але ў асноўным вось такія. Адрозніваюцца толькі таўшчынёй апор і векам.




Як бачыце, рэчка тут зусім блізка падыходзіць да дарогі. Ля кожнай хаты ёсць спуск да вады з уладкаванымі сходнямі. А нехта во сабе і стаянку "зафрахтаваў". Яшчэ і ўсміхаецца, морда! :)




Плаўна падыходзім да аднаго з самых цікавых аб'ектаў. Цяпер цяжкавата ў гэта паверыць, але мы зараз глядзім на будынак касцёла сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Альбо на будынак запалкавай фабрыкі "Молнія". Ці на мазырскую мэблевую фабрыку. Выбірай, што называецца, на свой густ.




Спераду яшчэ гадоў 10 таму будынак выглядаў вось так. Скарыстаўшы фантазію касцёл ва ўяўленні можна было і завяршыць. Сёння так ня сфоткаеш, бо перашкаджае прыбудаваная з правага боку цагляная агароджа. (Фота з "Глобуса Беларусі").




У каго з фантазіяй так сабе, глядзім фотачку пачатку мінулага стагоддзя. Злева ад касцёла асобна стаяла вялікая мураваная званіца. А побач са званіцай двух- і трохпавярховы карпусы кляштара цыстэрыянцаў. Улады адабралі храм у манахаў за лаяльнае стаўленне да паўстанцаў у 1864 годзе. Спачатку будынкі аддалі праваслаўнай царкве. Відаць у той час і была дабудавана гэта нязграбная цыбуліна, што відаць на фота. Але ў канцы 1870-х кляштарныя карпусы выкупіў мясцовы "буржуй" і наладзіў там вытворчасць запалак. (Фота з "Радзімы.орг).




Від на касцёл і кляштар ззаду. Гэтую аднапавярховую П-падобную будыніну прыляпілі да касцёла яшчэ у канцы ХІХ ст. Там на адмысловых паліцах сушылі гатовыя запалкі. А двухпавярховы корпус з чырвонай цэглы, што зараз злучае будынкі касцёла і кляштара, пабудавалі ўжо ў часы бытавання тут мэблевай фабрыкі. Калі больш дакладна, то недзе паміж войнамі. Фармальна ж фабрыка тут і зараз.




А яшчэ, менавіта ў гэтых сценах адбылася першая ў горадзе забастоўка. 1882 год, меджду протчым. 27 з 33-х работнікаў запалкавай фабрыкі ў адзін прыўкрасны дзень тупа не выйшлі на працу. Кіравалі ўсім гэтым замутам дзьве жыдоўкі. Праўда першы блін у маладога класа пралетарыяў выйшаў комам. Гаспадар проста ў тую ж хвіліну ўсіх выпер з працы :)

Увогуле, Мазыр дужа кінематаграфічны горад. Тут месцамі можна адкапаць дэкарацыі любога з апошніх трох стагоддзяў.




Корпусы кляштара дагэтуль стаяць у даволі добрым стане і чакаюць новага гаспадара. Як я зразумеў, тут зараз амаль няма ніякай вытворчасці. З карысных аб'ектаў толькі два-тры станкі, два сабакі і стораж адна штука :) Сабакі абы каго на тэрыторыю не пусцяць, трэба неяк прыдумаць, як прайсці туды афіцыйна...




Паказальна, што на сцяне кляштара вісіць толькі такая вось мемарыяльная шыльдзіна. Вайна-вайной, але ж дзіўна, што ні слова няма пра тое, што гэта будынкі 250-ці гадовага веку. Гэта нават не гісторыка-культурная каштоўнасць чамусь. Але нічога, будзе і на нашай вуліцы свята :)




Далей направім стопы ў завулак Фабрычны, што размясціўся якраз у падножжы Кімбараўскага гарадзішча. Ня ведаю, чаму яго называюць Гарадзішча-2, а больш маладое на Гары Камунараў проста Гарадзішчам, хаця людзі тут упершыню з'явіліся яшчэ больш за 7 тысяч гадоў таму. Потым, праўда, ўсе разам чамусь сабралі клункі і звалілі. А наступны раз з'явіліся ўжо ў часы, што пазначаныя на шыльдзе. Дасыпалі вал, дакапалі роў і сталі жыць пажываць бульбу сеяць і збіраць ды дабра нажываць :)




Ох, не зайздрошчу я тым ворагам, што хацелі паласаваць мазырскага піва і дзевак. Тут і зараз фіг падымешся, а калі ў цябе яшчэ пуляюць стрэлы ды камяні... Бррр :)




Відаць па ўсім гэта месца дужа "намоленае", калі і цяпер тут вядуць натуральныя віды гаспадаркі. Налічылі з гэтага боку "домікаў" 15 розных формаў і памераў. Ёсць нават адна калодка. Уся жылплошча, дарэчы, заселеная людзьмі пчалінай нацыянальнасці :)




Падняліся на вал па такой сцежцы крыху далей. Зараз на гарадзішчы глядзець асоба няма чаго, бо ўся тэрыторыя засеяна канюшынай. Слядоў нямецкай зброі (тут у вайну была іх агнявая кропка) таксама шукаць не пайшлі. Бо кляшчы зараз аб'явілі генацыд беларускаму народу, а яны, знаеце лі, нават аўсвайсаў не пытаюцца, так што самі панімаіці. :)




Спусціліся зноў да рэчкі і пайшлі далей, у Даліну Анёлаў. Ёсць у Мазыры і такое месца. Прычым вядомае не толькі з легенд, але і з афіцыйных дакументаў. Вось напрыклад захавалася папера, па якой у 1743 годзе Казімір Сапега падараваў 30 тыс. злотых на ўзвядзенне мураванага храма св. Міхаіла манашкам цыстэрыянкам з Анёльскай даліны ў Кімбараўцы.




Храм зусім невялікі, але выкананы з густам. Можа праз сваю немудрагелістасць ён і захаваўся да нашага часу амаль без змяненняў, не пацярпеўшы ні ад царскіх уладаў, ні ад савецкіх. За сваю гісторыю кляштар акрамя сваіх прамых абавязкаў паспеў пабыць і праваслаўнай царквой, і сховішчам, і інтэрнатам, і спартыўнай базай. Дарэчы, цікавая гісторыя адбылася адразу пасля таго, як у 1881 годзе улады аджалі ў цыстэрыянак гэту маёмасць. Кіраўніцтва горада стала кумекаць, што рабіць з "карыснай жылплошчай" і вырашыла склікаць таўстасумаў на аўкцыён і распрадаць будынак на знос. Праз мясцовую прэсу ўсю гэтую справу размеркавалі і сталі чакаць. Але во ж незадача, у пазначаны час ніводны "купец" так і не з'явіўся. Торг не адбыўся. Толькі ў 1888 годзе будынак аддалі праваслаўнай царкве.




Вось, дарэчы, "Кімбараўскі дзіцячы дом". Пачатак 1960-х, відаць па ўсім. Цікава, дзе зараз гэты піянер з горнам і Ленін са двара? Пэўна таксама чакаюць недзе зашыўшыся лепшых часоў :)




Будынак кляштара таксама часткова захаваўся. Нешта ў двары ня дужа ахайна толькі, можа гэта звязана з рамонтам. Затое дзьверы ўсе насцеж расчыненыя. З гэтых бліжэйшых даносіўся такі смачны пах, ммм. Нейкія дзве жанчыны на кухні гаманілі і яўна гатавалі каклеты :)




Прыкладна так корпус выглядаў у 1994-м, адразу пасля вяртання яго каталікам. Нічо так, магло быць і горш :)




Ната вывучае сцены касцёла. А я прынюхваюся да каклет :) Нейкая жанчына выйшла з дзвярэй паглядзець, што мы тут робім. Кароча, пайшлі мы.




З кармы будыніна выглядае нават цікавей. Я аж на гару суседнюю крыху залез каб сфоткаць. Сцены, дарэчы, паўтара метры таўшчынёй. Вітражы захаваліся толькі на двух гэтых вось вокнах.




Сімпотна :) Як сюды ехаў, амаль ужо два гады таму, ўвогуле ніводнага касцёла убачыць не чакаў. Тут і паўтысячы вернікаў угорадзе ж няма.




Суседства са спартыўнай школай, дзе займаюцца весляры, сказваецца :)




Гэта ўсё "наскальны" жывапіс на адбойніку, ці як гэта бетонная шняга на супрацьлеглым баку дарогі завецца. Вось такі немаведхто :)




Робат кот Леапольд "пріём петух" :)




Ну і жырафік Рафік :)




Бухаюць рабы, меджду протчым. Сто гадоў не "рабстваваў" :)




Я ж ужо казаў, што ў Мазыры можна спакойна і зараз здымаць гістарычнае кіно? Во якая дэкарацыя ё! Яшчэ і сама перасоўваецца да ўсяго. Не катаўся на гэткім з канца 90-х. Толькі яны й ганялі па ўлюбёным маршруце дзяцінства: Докшыцы - Макаравічы...




І нарэшце мы дайшлі да мэты падарожжа. Гэты знак стаіць роўненька пад мостам. А фотка, я лічу, лепшая дэкарацыя да майго тэга "пацан зазыр - гэта Мазыр" :) Які некаторыя маглы ўжо карыстаюць у фу-абрэзаным выглядзе як "зазыр мазыр".




Прррыыыпяць.




Больш ніколі не буду яе абзываць Дзвіной. Крутую панараму з відам на раку можна глянуць вось тут.




Бабулька нейкая вудзіла на беразе рыбу. А каля машыны ляжала палавінка чалавека. Чамусь засушаная. Як на гербарый. Сё, мяне панесла, трэба згортвацца :)




Толькі пару словаў яшчэ. Менавіта гэты Новы мост праз Прыпяць самы даўгі сярод аўтамабільных мостаў у краіне. Ён на 25 метраў даўжэйшы за стары мост, той што ў цэнтры.




Аж ня верыцца, што вясной вада тут даходзіць да апошняй стойкі.




Прыпрыпяцкая (слова та якое:)) флора.




Там з правага боку зусім ня лес, а 120 тысячны горад, які топіцца ў зеляніне. А злева ля выспы схаваўся мазырскі флот :)




І чакае, пакуль яго адправяць к берагам Беларуссіі. :) (Фота натырнэчанае калісь даўно, прабач аўтар як што).




Усім нам добрага лета, кароча.




А я пайду збірацца. Бо ў сыботу, нарэшце, мы едзем ў Глыбокае!!!
Наступны выпуск краязнаўчай старонкі ў гэтым бложыку, пра тое як я хадзіў на гару Шайтан, чакайце недзе на наступных выходных. Убачымся :)

фота на тэлефон, пацан зазыр - гэта Мазыр, Палессе - ты мяне валнуеш

Previous post Next post
Up