Мазыр для чайнікаў

Apr 15, 2014 20:21

Жыву ў Мазыры ўжо 1 год 7 месяцаў і 10 дзён, а да ўчорашняга ні разу так і не прайшоўся па старой яго частцы. Многае бачыў, канечне, але каб вось так - цэлы дзень збіваючы ногі шарыцца па вулках "з гары й на гару", ня піўшы і нашча, - такога не было. Ніпарадак! Як так атрымалася - сам ня ведаю. Але ўчора выправіўся. Зараз можа і вам крыху раскажу, што за зьвер такі Мазыр, і з чым яго ядуць. Так што бярыце ў руку кубачак чаю, сядайце на ўслонік ля печкі і слухайце :)

Кажу я такі за сняданкам учора Наце: "А пайдзём у паход?!" Яна спачатку паставілася да ідэі падазрона (фотка злева). Але хутка дала сваю згоду, укруцілася ў шапку-шалік, бо сонца сонцам, а вецер тут пакуль паўночны, і павяла мяне да бліжэйшых цікавостак :)



Колькі мы прайшлі за дзень у кілОметрах не скажу. Але вось па карце можна прыкладна прыкінуць. Гэта пяць гадзін чыстага ходу.



Раней мазырчукі былі больш гасціннымі, вунь нават нейкая жанчынка сустракала хлебам-сольлю ўсіх, хто мастом праз Прыпяць едзе ў горад.



Цяпер жа яе даўно здалі на металалом, каб пашырыць дарогу. А там, дзе быў прыгожы схіл і від на маляўнічы гарадскі квартал - зараз паркавая зона. Стромны ж парк, там нават сабаку-барабаку не пагуляеш. (Бо пэўнаж какашкі на дарогу скатваюцца)).



Ідзем далей. На плошчы "каго б вы думалі" стаіць мясцовы "Дом гандлю".



Але карэнныя мазырчукі як і сорак год таму завуць яго "Лебедзем". І заўважылі? На той даўнейшай плошчы няма ніякага Леніна.



А гэта фота 60-х гадоў.



Нічога не мяняецца. Толькі машын на вуліцах паменела :))



А гэта фота з 80-х.



Той жа дом, той жа гастраном, толькі з пантовай назвай. А, не - памыліўся, машын не паменела. :)



Царква святога Мікалая. Раней на гэтым жа месцы быў больш "старажытны" будынак (аж ХІХ ст). Але ў 20-х гадах "бальшавікі" яго расфігачылі. І пабудавалі будынак ДТСААФа у модным тады канструктывісцкім стылі. А ў перастроечныя часы гэты будынак аддалі праваслаўнай царкве. "Бацюшкі" прыляпілі да яго купал і атрымалася нішцяковая царква.



Потым купал памянялі на "более меншій" і абклалі ўсё сайдынгам па-бахатаму. Абяцаюць зрабіць прыстойны рэмонт як толькі з'явяцца грошы. Ну што ж, я запомніў!



Плошча Горкага. За старым шматкватэрным жылым домам хаваюцца купалы кляштара Бернардзінцаў. (Цяпер гэта праваслаўная царква і манастыр св. Міхаіла Архангела). Ансамбль на плошчы ўтвараецца так сабе, кароча.



А яшчэ сорак гадоў таму ўсё выглядала міла і лампава. Не дажылі да нашага часу ня толькі драўляныя будынкі на плошчы, але і каменныя.



Другі бок плошчы - закінуты рынак. Закінуты ўшчэнт і рэканструкцыі ўжо не падлягае. Ну як рынак? Рынак на тым месцы быў сто і г.д. гадоў таму. Вось ён:



А гэты будынак 80-х гадоў пастройкі, амаль наўё. У ім з самага пачатку былі толькі крамы, кафэшкі, рэстОран і піўны бар з ракамі.



Вось як гэта выглядала ў 90-х, яшчэ з дахам. Кітай :)



Сам кляштар бернардзінцаў мы вырашылі не фоткаць, бо пра яго і так ў тырнэтах інфармацыі многа. А вось фотачак наступнага асабняка зусім нідзе няма.



На шыльдзе пішуць, што ён 1939 году. Зараз жылы дом на чатыры кватэры. Фасад праз плот выглядае клёва, але сфоткаць не даецца. Мы прабраліся ў двор праз "чорны ход".



Навад багамерзкі сайдынг не змог сапсаваць яго хараство.



А як убачыш званочак над дзьвярыма - мімімізатар увогуле зашкальвае. :)



Гадскае сонца перашкаджае мне фоткаць сістэму зліву дажджавой вады. А потым увогуле нас аблаяў нейкі мужык са стрэльбай...



... маленькі сабачка. Спачатку ён падвываў, прасіў каб мы яго выпусцілі. А потым раззлаваўся і пачаў брахаць. Ну і мы пачалі - уцякаць :))



Калі крыху падняцца па вуліцы Фрунзэ на гару, то можна натрапіць на стары мазырскі стадыён "Спартак". Класічная арка з эмблемай таварыства. Якраз ідзе футбольны матчы. Прыехала "Зорка-БДУ". Тут на фота не бачна, але вунь на той белай сцяне за супрацьлеглай брамай напісаны наступны тэкст: "Белорусский спорт - спорт миллионов!" Вось я сяджу і думаю: гэта пра людзей, ці пра грошы??



Побач са стадыёнам стаіць стары шматкватэрны дом. Такія ў вашых гэтых тырнэтах прынята зваць "баракамі". Але мне не падабаецца гэта слова, нейкае яно здзеклівае. Гэты барак прастаіць яшчэ даўжэй за вашыя "хрушчобы". Вунь памянёны ўжо рынак "Цэнтральны" і 20-ці гадоў не прастаяў.



У Мазыры ўвогуле многа такога жытла.



Некаторыя домікі выглядаюць даволі сімпатычна. Праўда вось гэты на траціну ўжо пустуе...



Ладна, вернемся да нашых баранаў. І гэта я не пра футбалістаў, якія ў той час бегалі па стадыёне "Спартак". У гэты самы момант наш паход чуць не скончыўся поўным крахам, бо мы заспрачаліся, куды ісці далей: спускацца па кіламетровай лесвіцы на вул. Ленінскую, ці вярнуцца зноў да таго міжваеннага доміка і патопаць на Замкавую гару. Чуць не павадзіліся, але вырашылі ісці назад. Проста на гары, якая зараз носіць "гордае" імя - гара Камунараў, месцяцца камяніцы ХІХ ст.



Дом нумар рас.



Чамусьці тут шыльда па-расейску. Хаця ў іншых месцах былі на беларускай мове.



І дом нумар два. Першы дом жылы. Другі - ніпанятна. Хаця двор дагледжаны.



Побач знаходзіцца "станцыя юных выратавальнікаў".  Дом з аднаго боку амаль трохпавярховы.



А з другога шыфруецца пад двухпавярховы :) Ніводнага "выратавальніка" мы так і не злавілі.



На кожным акне першага каменнага паверха вітражы з унікальнымі узорамі.



Мы сфоткалі толькі два, бо сонца. І пачыналі балець ногі. А наперадзе была яшчэ адна гара, трэба было ашчаджаць сілы :)



Побач яшчэ быў музей, але там шкалаты мерана-нямерана, больш чым "укантакціку", не пайшлі і нават не сфоткалі. Затое запічатлелі вось такі цікавы домік з прывідамі насупраць станцыі юных выратавальнікаў. З акна прам у аб'ектыў глядзеў чорна-белы кот. Але ні на адной фотачцы я яго не знайшоў. Пэўна то быў глюк ад голаду :)



Спускаемся крыху ніжэй па вуліцы Камсамольскай. Яшчэ зусім нядаўна гэты дом быў закінуты, пачынала правальвацца падлога на другім паверсе, вокны і дзверы былі разнесеныя "марадзёрамі". Горад колькі год таму прадаў яго прыватніку. І вось што атрымалася.



Наляпілі канечне над вокнамі абы чаго, але ў цэлым выглядае прыстойна.



Наступны дом яшчэ старэйшы. Век яго вызначаны як "да 1918 г.". У драўлянай прыбудове і на другім паверсе жывуць людзі.



А на першым паверсе - касметыка.



Дом таксама яшчэ нядаўна развальваўся. Прадалі першы паверх - выратавалі будынак.



Праўда і тут над вокнамі нейкая "нелепіца" :)



Дом насупраць. Здаецца, што будынак урос у зямлю. Я даж баяўся там хадзіць, раптам тож засмокча :))



А гэта міжваенны будынак, у якім месцілася "Санаторна-лясная школа". У 80-х - 90-х гадах на аздараўленне сюды штогод прымалі да 140 вучняў 5-9 класаў у першую чаргу з хранічнымі захворваннямі органаў стрававання. Быў тут яшчэ і інтэрнат для дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных і ненадзейных сем'яў.


Таксама за 50 гадоў мала што змянілася :)



Як аказваецца, школа працуе і зараз, але не з такім размахам. Таму з трох карпусоў загружаныя больш-менш паўтара. А вось гэты стаіць амаль пусты. І гэта за 200 метраў ад райвыканкама. Не магу сабе нават тэарэтычна ўявіць сабе такую сітуацыю ў Глыбокім.



А гэта "Дзіцячая мастацкая школа".



Знаходзіцца ў будынку старога кінатэатра "Родина".



Вось яшчэ ракурс.



А гэта фота 1960-х гадоў. Смешныя людзі з аднолькавай паходкай. Затое яны ёсць, а зараз нешта ў кадр не трапілі.



Нішто сабе такія мазыранкі 60-х ;) А побач з кінатэатрам дом пачатку 50-х гадоў.



Далей нашу увагу захапіла відавочна старая будыніна на тэрыторыі той самай санаторна-лясной школы. Доўга шукалі ўваход, потым ганялі сабак, каб сфоткаць :) Аказалася не дарма. На шыльдзе напісана, што гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, будынак былой мужчынскай гімназіі ХVІІІ - ХІХ стст. Але да таго, як стаць гімназіяй, а потым дваранскім вучылішчам, гэта быў асабняк Фелікса Кеневіча.



Таго самага, што ў чэрвені 1831 года узначаліў мазырскі атрад паўстанцаў. Атрад Кеневіча неаднойчы спрабаваў захапіць Мазыр, але ўсё безвынікова. 18 ліпеня 1831 года мазырскія паўстанцы былі разбітыя на мяжы Рэчыцкага і Мазырскага паветаў. У Кеневіча адабралі стары дом і аддалі пад гімназію. На даху і зараз можна ўбачыць невялікую вежачку. Калісьці там быў звон, які біў штодня а шостай вечара і быў чуваць ва ўсім горадзе. І пасля гэтага гімназісты не мелі права выходзіць на вуліцу без суправаджэння бацькоў. Зараз у будынку некалькі спортзалаў і музей палескай этнаграфіі. Праўда шыльдаў ніякіх няма, шукай той музей як хочаш.



А за "домам Кеневіча" месціцца вось такая цікавая ўстанова :)



Каска нейкага "юнага BYкера"



Далей мы рушылі ўверх па вуліцы Ленінскай, шукаючы "пракорму". А яго тут няма як класа! Прадукты можна набыць хіба на "Пошце" ці ў кіёску "Белсаюздруку". Кароча, з'елі мы па парачцы "Віцьбаў" у шакаладзе і пайшлі далей, скараць чарговую гару.

Па дарозе трапляецца былы купецкі дом, пабудаваны ў 1902 годзе. Да райвыканкама можа кілОметр, цэнтральная вуліца. Штопраўда, дом даўна ўжо прадалі нейкай фірме. Работы па рэканструкцыі пачаліся яшчэ ў 2010 годзе. Дзе тут конь паваляўся я не заўважыў. І прагнозы несуцяшальныя. Тут ужо ўлады толькі паціскаюць плячыма: "Состояние здания неудовлетворительное. Территория памятника не ограждена, само здание фактически разрушается. Конечно, то, что происходит, - это недопустимо. Но, к сожалению, на сегодняшний день существует ситуация с незыблемостью права собственности". (Крыніца: ТРК "Гомель")



Але дом гэты знаў і лепшыя часы. 90-я гады. Хаця б ёсць вокны, на першым паверсе крамы.



Пачатак 70-х гг. Пахілены хляўчук з-заду зараз абкладзены сайдынгам. І ці не той самы прадпрымальнік, які цяпер купіўшы гэты дом, трымае ў тым "хляўчыку" нейкую крамку.



Чаму я кажу, што "прагнозы несуцяшальныя"? Ды таму, што побач ёсць жывы прыклад. А дакладней - нежывы. А яшчэ дакладней - яго няма. Раней на гэтым месцы стаяў падобны асабняк. Цяпер жа тут пуста. Хаця не, вунь ёсць нейкая інсталяцыя з канём бляць.



Далей бачым больш шчаслівыя будынкі. Край міжваеннага шматкватэрнага дома 1937 года, стогадовы будынак "Дома дзіцячай творчасці", будынак гарадской турмы царскіх часоў.



У доме дзіцячай творчасці зараз поўным ходам ідзе "рэстаўрацыя". Раней гэта было рамесленнае вучылішча, пабудаванае ў 1907 годзе.



У 90-я будынак яшчэ выглядаў шыкоўна, праўда ж? Можа скора будзе ня горшы зноў.



Хаця хто яго ведае. Рэканструкцыя ж - яна такая рэканструкцыя.



Можа яно пакуль так і павінна быць, але выглядае пакуль што прыкольна :)



Ну і вось яшчэ што насцярожыла: "окончание работ ІІІ квартал 2013 года". Пэўна за хакеям забыліся. Хоць бы шыльду памянялі ці што?



А вось гэта каржакаватая камяніца дзівоснай канструкцыі збудавана яшчэ за царскім часам у якасці гарадской турмы і выконвала сваю першасную функцыю пры ўсіх уладах. Але ўжо пасля вайны яе "панізілі" да рангу выцвярэзніка. Дагэтуль захавалася камера для асабліва небяспечных злачынцаў, з моцнымі кратамі і мудрагелістым прыстасаваннем, якое наглуха блакіруе маленькую дзверцу. Сёння там - звычайная кладоўка, але каваны рыштунак - арыгінальны, з тых самых далёкіх часоў. Арматура настолькі трывала ўмураваная ў сцены, што яе нават і пры патрэбе не заменіш. Гатовы музей. Засталося толькі перасяліць алканаўтаў :)



Гэта вам так, для інфармацыі. Шыльда на Галоўпаштамце.



Цікавы пятнадцацікватэрны дом 1937 года.



У тырнэтах пра яго адметнасці анічоганькі. Але пекны, таму любуйцеся.



Далей па адной з мясцовых лесвіц мы трапілі з Ленінскай на вуліцу Рыжкова. Там была фінальная  кропка падарожжа. Гарадскі асабняк пачатку ХХ ст., ён жа "павятовая бальніца на 35 ложкаў", ён жа закінуты будынак былой дзіцячай бальніцы. Тут відаць ужо савецкая прыбудова. Плот чыста сімвалічны - хадзі не хачу. Нехта вунь выкарыстоўвае двор як асабістае паркмесца.



Афігець як прыгожа! - падумаў у гэтым месцы я. Мадэрн, неаготыка, шыкоўнае месца над самым схілам. Ня дзіўна, што нейкі бізнэсовец купіў гэты будынак за 800 мільёнаў яшчэ дадэвальвацыйных зайчыкаў. Пасля капітальнага рамонту тут планавалася зрабіць офісныя памяшканні, а таксама гатэль. Але пакуль яшчэ гэты праект знаходзіцца "на стадыі дакументацыі".



Кажуць, што будынак зараз "арыштаваны". Як сказала Ната: "Яны яго так веццем абклалі, нібыта хочуць спаліць".



З вокнамі, дзвярамі і людзьмі гэта шыкоўнае месца глядзелася весялей. Здымак з 90-х гадоў.



На момант продажу з аўкцыёну камяніца не мела статуса гісторыкакультурнай каштоўнасці. У жніўні 2009 года гэтая несправядлівасць была выпраўлена. Блін, як па мне - так мог бы выглядаць найлепшы гатэль у Беларусі.



Апакуль - гэта найлепшы дом з прывідамі. Ну і з алкашамі ды наркаманамі, канечне. Неяк мясцовыя актывісты-краязнаўцы пайшлі на авантуру, і хацелі пераканаць мясцовыя ўлады, што гэта стары замак Радзівілаў. Але не пракаціла. Хаця мясцовыя і кажуць, што да вайны гэта месца звалі не іначай як "княскі палац".



Для гатэля вунь ужо і "рэцэпшын ёсць". Бачыце надпіс праз вакно відаць? :))



А гэта надпіс над бакавым уваходам. Пісала не Ната, чэсна :))



Цяпер кожны пакой асабняка выглядае прыкладна так:



Ну і як жа ня выканаць традыцыйнае: кожны, хто заходзіць, проста абавязаны сфоткаць штурмавіка...



... і аднаго з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Украіны :)



Унутраны дворык. Я б там жыў :)



Адзін з савецкіх ужо будынкаў бальніцы, што па правую руку, прадалі іншаму прадпрымальніку. Дык той ужо збудаваўся.



"Новы корпус" унутры выглядае яшчэ горш, чым стары. Дзіва, ну.



Далей мы выйшлі на вуліцу Пушкіна. Акрамя гэнай вуліцы, паэту ў горадзе прысвечаны яшчэ і два помнікі. Я што небудзь не ведаю пра Аляксандра "іхняе ўсё" Сяргеіча???

Хата 1948 года.



А гэта "акупанцкая" выспа на той жа вуліцы. У Мазыры ўвогуле такія назвы нярэдкасць. Ёсць яшчэ "царское золото", "русские сувениры", "русские блины". Буээээ...



Але сам гэты будынак мае гістарычную каштоўнасць. Тут у 1942-1943 гадах месцілася турма СД.



І цяпер дакладна ўсё: пасля ўжо мабіла разрадзілася, рукі апусціліся, ногі не падняліся. Чатырохкватэрны дом пабудовы 1908 года. Цяперашнія гаспадары відаць ня дужа сябруюць, калі так фарбуюць кожны сваю частку :)



Круты ганак на другім паверсе.



Усё, цяпер дакладна канец. Дзякуй таму мальцу ці дзяўчыне, што дайшоў ці дайшла тут з намі да канца :)

Мы, фота на тэлефон, пацан зазыр - гэта Мазыр, Палессе - ты мяне валнуеш, рубрыка "старыя хіпаны"

Previous post Next post
Up