Што рабіць

Nov 14, 2013 19:25

Калі даведаўся, напрыклад, што пажыць табе засталося адзін-два месяцы? (Так, так, я паслухаў парады не адной тысячы фрэндаў і нарэшце пачаў глядзець "bb"). Ня ведаю як ты, дружа, а я б не стаў пускацца ва ўсе цяжкі, тым больш, калі яны ўжо былі. Я б у той жа момант сарваўся і паехаў бы туды, адкуль пачаўся гэты свет. Туды, дзе самая зялёная трава і самыя высокія дрэвы. Туды, дзе самае блакітнае неба і самая духмяная зямля. Туды, дзе самая смачная згушчонка і самая салодкая згушчонка. Хто пасмее спрачацца з помслівым чалавекам, які хутка сустрэнецца з багамі? У 25-ці тысячах крокаў на паўднёвы ўсход ад таго месца я б і знайшоў свой апошні прытулак. Пад трыма вялізнымі бярозінамі, што яшчэ ў школьным узросце пасадзілі насупраць дзедавай хаты мая маці і яе сёстры: малодшая - цёця Ала - і старэйшая - цёця Валя. Я б сеў на арэлі, якія вісяць паміж мамінай і цёцінай Валінай бярозамі, што цяпер растуць насупраць даўно пустой ужо хаты, раскачваўся б павольна і лыжкай еў згушчонку. Бляшанку за бляшанкай, бляшанку за бляшанкай, бляшанку за бляшанкай. Аж да таго часу пакуль з дзвярэй, якія не адчыняліся ўжо гадоў пяць, ня выйшаў бы дзед Сямён, ня ўзяў мяне за руку і павёў знаёміцца з продкамі. І апошнімі словамі, пачутымі мной з гэтага боку былі б: "А дзе гэта, братка ты мой, так умазаўся? Вот машэннік!"...

пешу, жыцьцё пальцам пiханаё

Previous post Next post
Up