Кніжнае. Электрыфікацыя

Oct 17, 2013 19:23

Паколькі некалі 175 тысяч гадоў таму назад гэты дзённічак заводзіўся з прэтэнзіяй на калякніжны дыбр і толькі потым па медыцынскіх паказніках стаў такім які ёсць зараз, то пастараюся і далей не забіваць на гэтую тэму. Тым больш, што апошнія два месяцы чытаю з рыдэра, а гэта як аказалася падсцёгвае. І цяпер я дакладна знаю, што прачытаў за гэты час, колькі асіліў, што яшчэ хачу. Ня ведаю, навошта гэтая інфармацыя вам, але ўжо позна, вось яна :)

"Кантынентальны сняданак" Сяргей Календа. Гісторыі з жыцця міфічнага гатэлю ў Мінску. Прачытаў яшчэ летам. нечакана спадабалася. Даволі жыва напісана, лёгка чытаецца, упрынцыпе, зацягвае. Тым больш там канцоўка з заездам на другую частку :) Раю.
"Не спадзявайцеся пазбавіцца ад кніг!" Жан Клод Кар'е, Умбэрта Эка. Займальныя размовы двух навукоўцаў і пісьменнікаў пра лёс кнігі і кніг. Асабліва спадабаюцца тым, хто ў кніжкі закаханы. У прадмове кажуць, што пасля прачытання вы, магчыма, выкініце свае рыдэры на сметніцу. Ня выкінуў, але вельмі раю! :)
"Вайна і сезон" Міхал К. Паўлікоўскі. Вельмі душэўныя і класна напісаныя ўспаміны пра "Крэсы" ў першую вайну і міжваенны перыяд. Па-польску. Вельмі-вельмі раю!
"Сцюдзёны вырай", "Сфагнум" Віктар Марціновіч. Ледзь дачытаў з прынцыпу і адразу павыдаляў.
"Радзіма" Уладзімір Казлоў. Кароткія апавяданні рускамоўнага пісменніка ў перакладзе на беларускую. Крыху аду і трэшу ніколі не зашкодзіць. Хаця ўпрынцыпе можна кінуць ужо пасля першага апавядання "Бергман" і сказаць "ня веру". Але вы ня кінеце, я та знаю :)
"Бывшие" Антон Кашлікаў. Каб была напісана па-беларуску, то ўсе б проста сцалі на лыткі. Бо гэта яўна цікавей за "Сфагнум", хаця месцамі і даволі ўныла. Пра хіпстара, кароча.
"Дэпэш Мод" Сяргей Жадан. Прачытаў другі раз, гэтак жа ахрэніцельна. Трапіцца на вочы - пачытаю і трэці.
"Дзеці зорак" Алесь Аляшкевіч. Беларускамоўная фантастыка зусім невядомага мне аўтара. Кніжка выйшла яшчэ ў 2009 годзе, але трапілася на вочы толькі зараз. Пра кантакт зямлян з іншаземнымі цывілізацыямі. Чытаць можна, хаця "спецам" пэўна падасца казачкай. Але ўсё адно пачытайце.
"Фабрыка футбола" Джон Кінг. Афігенская кніжка, якой яна яшчэ можа быць! Бойкі, футбол, сэкс, піва ўсім!Чытаць усенародна, праўда пераклад на рускую ня дужа кульны, таму чытаем у арыгінале, панове.
"Паўсядзённае жыццё рускага кабака ад Івана Грознага да Барыса Ельцына" І.Курукін. Кульная манаграфія з тупой назвай. Ха, праўда ваша, ў ва ўсіх манаграфій тупыя назвы.
"Твар", "Жрэбій", "Сапраўднае жыццё". Апавяданні Эліс Мунро. Прачытаў. +100 да фемінізму, +50 да стойкасці, -20 да здароўя. І ні слова пра хакей. Паўстае пытанне: ЗА ШТО??!!!
"Горад і псы" Марыё Варгас Льёса. Раман пра жыццё падлеткаў у сценах ваеннага вучылішча, куды бацькі аддаюць сваіх дзяцей для "выпраўлення". Цікавая штука.
"Харошы дзень для кенгуру" Харукі Муракамі. Зборнік апавяданняў. Была б кніжка - спаліў бы ў печцы.
"Час жыць, час паміраць". Вось так жывеш, жывеш і раптам разумееш, што прачытаў не ўсяго Рэмарка. Каюся, буду выпраўляцца. Яшчэ скачаў "Тры таварышы" па-беларуску і "Гэм" па-украінску.
"Уласная смерць" Петэр Надаш. Чакае сваёй чаргі.
"Канец сямейнага рамана" Ён жа. Чытаю зараз. І ўжо раю.
"Сон кельта" Дакументальны раман ужо згаданага Льёсы. У аснове рамана рэальная гісторыя легендарнага змагара за незалежнасць Ірландыі Роджэра Кэйсмэнта. Таксама зараз чытаю і ўжо вельмі раю.
Вось неяк так, працяг будзе...

кніжнае, літаратурцы

Previous post Next post
Up