Мы тут днямі загналіліся над адной тэмай. Вось у больш-менш прыстойных гарадах, такіх як Полацк, напрыклад, ці Глыбокае, ёсць дэмакратычныя установы, куды можна прыйсці, расслабіцца простаму чалавеку, такому як мы з вамі. "Пяльменная", "Чэбурэчная", "Рюмочная" (дзіўна, але ў глыбоцкай установе з такой назвай ніколі не прадавалі алкагольныя напоі), "Бульбяная" (культавая забягалаўка ля полацкіх вакзалаў), "Пышачная" (адзінае месца ў Мазыры з падобнай назвай, над ёй мы і жывем зараз) і да т.п. Харошыя месцы, нічога не скажаш, але ж ня ўсе любяць расслабляцца з алкаголем,
некаторы адсотак грамадзян увогуле ня п'юць, нават у такіх пожонтных кумпаньствах. Але і высокая культура - оперы, балеты, рэстораны,
тэатры, выставы, прэм'еры - даступныя ня ўсім. Як расслабіцца працоўнаму чалавеку, чыя душа пасля змены патрабуе нечага большага, чым канапа і тэлевізар? Што рабіць?
Трэба адкрыць установу прынцыпова новай фармацыі і філасофіі: "Мімімішачную" (першапачаткова пілотнай назвай была "Няшачная", але хай застаецца хіпстэрава хіпстэру). Ужо і першы нішцячок вымалёўваецца: "Мі-мі-мішачная" - нашу назву выгаварыць нават заіка, мы клапоцімся пра ўсе катэгорыі грамадзян! Пры ўваходзе ў "Мімімішачную" госця сустракае
зборная Беларусі па мастацкай гімнастыцы ў поўным складзе. Кожнага вядуць за свой столік, даюць у напрацаваныя мазолістыя рукі меню з
простымі хатнімі стравамі. А вакол столікаў ляжаць у люльках немаўляты, капошуцца ў кошыках
коцікі, ціўкаюць жоўценькія толькі з яйка
піськляты, гэтыя складнікі можна
міксаваць. На сценах вісяць партрэты Багдановіча і маляўнічых вясковых бабуляк. На некалькіх вялікіх "плазмах" заўжды круцяць толькі
савецкія камедыі, запісы
перамогі зборнай Беларусі над шведскімі хакеістамі ў Солт-Лэйк-Сіці і фільмы БіБіСі пра жыццё пандаў у дзікай прыродзе. На ўсялякі выпадак ёсць вай-фай, дзе праўда зачыненыя ўсе палітычныя старонкі і сацыяльныя сеткі, але для хіпстэраў працуе платны "чэк ін". На сталах ляжаць раскладзеныя раёнкі з розных мясцовасцяў краіны, каб чалавек прабег позіркам іх коратка і яшчэ больш расслабіўся - у стране ўсё харашо. На сцэне са сваімі верлібрамі і з перакладамі Шымборскай заўжды выступае Хадановіч. Пакуль чакаеш замову табе заўжды прапануюць камплімент ад
шэф-повара: напрыклад, штатная даярка падоіць проста перад табой карову і прапануе невялікі кубачак сырадою; альбо сам "шэф" адкроіць маленькі шматочак кумпяка, а ты, пакуль недзе там за сценамі лютуе АЧС, пакаштуеш - успомніш, якая яна была, гэта міфалагічная свініна. Усіх, хто пасля вячэры захоча застацца на ноч, ва ўнутраным двары чакае утульная і прасторная скірда сена. А хто не захоча, таго пасадзяць на пракатны ровар і адправяць фоткаць начны горад па дарозе дамоў на пракатную "гаўназеркалку"... Вось неяк так. Што б яшчэ такога прыдумаць у начынне "Мімімішачнай"?
А ўвогуле так, у нядзелю працаваць шкодна. А ў сыботу - грэх. Вунь як мяне скрышыла :)