Ёсць у мяне сябра харошы. Валера. Ведаеце якi ён сябра? З тых, з кiм мяняешся курткамi перад бойкай. Бо ён сваю светлую можа запырскаць чужой крывёй. А я ж пацыфiст, максiмум патрымаю каго. Пакуль Валера будзе вынасiць таму зубы. З тых, з кiм можна пайсцi на пiва замест любой пары перад фiзрой. А потым на той фiзры выносiць усiх запар у футбол. З тых, з кiм усё жыццё гуляеш у адной камандзе. А калi не ў адной, то не гуляеш зусiм. З тых, з кiм бачышся цяпер раз на год. Валера пераехаў у Мiнск. Працуе вайскоўцам. Нядаўна ўзяў машыну. Бэху. А раней як i я ганяў на грамадскiм транспарце. Зайцам, канечне. Але да пары. Аднойчы Валеру пачалi снiцца кандуктаршы. I так шчыльна пачалi: кожную ноч. Тыдзень снiлiся. Два. Проста стаялi ў позе анёла i глядзелi ў вочы. Што? За валасы? Цягаў канечне. Не дапамагло. Ну што рабiць: пакутваў так месяц-другi. Потым пачаў аплочваць праезд. Кандуктары ўвосьнi знiклi як i не было iх. Гэтую гiсторыю Валера расказаў мне ў мiнскiм аўтобусе. Па дарозе на Стральцоўскi фестываль.
Дзе паэты, пiсьменнiкi i г.д. свае творы чытаюць. А што? На халяву можна i такой культурай затарыцца. Я раней практыкаваў. На фэсце Валеру ня дужа каб спадабалася. Ды i водка ў нас ўжо стыла даўно. Пасядзелi. Накацiлi. Пагаварылi за жысьць. Троху i пра лiтвечарыны. Нагi маёй у гэтых сектах больш ня будзе. Так казаў Валера. Раз'ехалiся... Прайшло два месяцы. Тэлефануе Валерка. Кажа: два месяцы спаць не магу. Сняцца па чарзе то Хадановiч (гэты найчасцей), то Мартысевiч, то Янкута, то Рудак. А было, што i Прылуцкi з Капанскiм разам. I нiчога ж ня робяць. Стаяць у позе анёла i глядзяць у вочы. Што? За валасы? Цягаў, канечне. Не дапамагло. Напiсаў апавяданне, думае на фэст схадзiць, пачытаць. Што? Не, не гэта...
Ну i ўжо традыцыйнае. Хто дачытаў да канца, той красава :)