У Вязынцы

Jul 08, 2012 11:41

8.07.2012. Учора цэлы дзень з Людай правёў у Вязынцы на святкаванні 130-годдзя Янкі Купалы. Мора людзей не было, але некалькі тысяч-дакладна. Выступленні адбаваліся каля свірана і на вялікай сцэне. На жаль, прадукцыі, прысвечанай юбілею нашага класіка, было малавата. Некаторыя мае знаёмыя скардзіліся, што абвестак пра свята амаль не мелася, таму ехалі наўгад і, прыехаўшы ў дзевяць гадзін раніцы ў Вязынку, затаміліся ў спякоце, чакаючы дванаццаці гадзін, калі афіцыйна пачалося Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”

Уладзімір Содаль, як заўсёды, на купалаўскай студні прадаваў кнігі. З намі пагаварыў пра вышыванкі. У Люды ёсць вышыванка. Яе мы купілі больш дваццаці гадоў назад, яшчэ тады, калі паблізу з намі жыў Сяргей Новік-Пяюн, які нас і натхніў на набыццё святочнай нацыянальнай кашулі…

Вітаўт Мартыненка прадаваў музычныя дыскі. Нам нічога новага купіць не прапанаваў…

Іван Ждановіч, убачыўшы Люду і мяне , загарэўся сфатаграфаваць нас у вобразе княгіні і князя ў стэндзе, зробленым для фатаграфавання Генікам Лойкам…

Выступаў з вялікай сцэны. Даў інтэрв’ю тэлебачанню і радыё…

Пасля выступлення да мяне падыйшла настаўніца з Івянца і запыталася ці можам мы з Людай прыехаць да іх у школу і выступіць. Дамовілся на кастрычнік...

У тры гадзіны пасля выступленняў, як ужо стала традыцыяй, з Анатолем Бутэвічам і Навумам Гальпяровічам пайшлі ў госці на лецішча да Уладзіміра Гілепа. Пакуль мы ішлі, туды пад’ехалі сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч з дачкой Марыяй і Радзім Гарэцкі з жонкай і сябрамі. Шкада, што не было дыктафона, бо вельмі цікава было паслухаць успаміны Міхася Канстанцінавіча пра Янку Купалу і Якуба Коласа, а Радзіма Гаўрылавіча пра бацьку і пра Максіма Гарэцкага…

Дамоў вярнуліся а палове дванаццатай. Сёння ад учарашняга дня яшчэ з нас не сыйшоў добры святочны настрой…

cвята

Previous post Next post
Up