х

Sep 12, 2015 16:23

12.09.2015. Ездзіў на Свята горада. У раёне Палаца спорту каля вялікага “Белкніжнага” шапіка з адзінаццаці гадзін нейкі час сядзеў за столікам з шыльдай “Кнігі з аўтографам аўтара”…
Падыйшла бабулька. Павіншавала “белкнігаўцаў” са святам. Яны тут жа ёй далі ў падарунак сцяжок. Бабулька, прачытаўшы пад малюнкам надпіс “Лета з добрай кнігай”, сказала: “Добрыя кнігі крадуць!”
Спыніліся каля мяне жанчыны. Пачалі гартаць кнігі. Пацікавіліся колькі каштуюць. Даведаўшыся кошт, старэйшая сумна ўздыхнула: “Каб былі па 50-60 тысяч, то набылі б…”
Пажылая жанчына разгарнула майго “Пугачоўскага цырульніка”, пачала чытаць. Засмяялася. Відаць, на нешта смешнае натрапіла. “Падпішыце!”-усміхаючыся, падала кніжку…
Падышоў сівавалосы барадаты хударлявы мужчына майго ўзросту. У яго на піджаку была прымацаваная зялёна-чырвоная стужка. Не пытаючыся пра кошт кніжак, мужчына сказаў: “Бяру дзве! Падпішыце!”- “Як вас завуць?”-пацікавіўся я і пачуў у адказ: “Раман Давыдавіч!”
Сівабароды невысокага росту мужчына, усміхаючыся, запытаўся: “Пазнаеш?” “Не!”- адказаў я і мужчына, не назваўшыся, сказаў: “Памятаеш, гадоў пятнаццаць таму мы разам ездзілі з выступленнямі па дзіцячых аздараўляльных лагерах?” “Памятаю! Тады з намі былі кампазітар Уладзімір Буднік і паэт Алесь Пісьмянкоў. Даўно ўжо іх няма…”- уздыхнуў я, і мы яшчэ некалькі хвілін пастаялі, паўспаміналі памерлых сяброў…
Стары, беручы маю “Заўтра была адліга”, сказаў: “Мяне кошт не цікавіць! Мне трэба аўтограф!”…
Жанчына ў гадах, прачытаўшы ў “Пугачоўскім цырульніку” зацемку пра гумарыста Уладзіміра Ермалаева, сказала: “Я добра ведала Уладзіміра Фаміча. Святлейшай душы быў чалавек!”...
Праз гадзіну да мяне далучылася Людміла Рублеўская. Уся чытацкая ўвага пераключылася на яе і я пачаў рэкламаваць Людміліны кнігі…
Нам на замену прыйшлі Міхась Пазнякоў і Анатоль Зэкаў. Людзей каля Палаца спорту ўсё болела і болела. Сказаўшы “Я змерз на працы!”, я прапанаваў Людміле пайсці ў кавярню пагрэцца. І мы пайшлі…
 

cвята

Previous post Next post
Up