Гарачыня

Aug 08, 2014 20:47

5.08.2014. Узгадаўся ліпень 1987 года. Я ў Тбілісі на свяце паэзіі Уладзіміра Маякоўскага. Гарачыня! Пад сорак. Вечарам нас прывезлі з гор, дзе мы жылі на турбазе імя Барыса Дэніладзэ, на чыгуначны вакзал, каб ехаць у Кутаісі. Пачало цямнець. Запалілі святло і праз некалькі хвілін на вакзал апусцілася зялёная хмара саранчы. Ідзеш, а пад нагамі, як снег зялёны, хрум-хрум-хрум. Падыйшоў цягнік. Увесь залеплены саранчой. Ды і на нас саранчы, як на бяздомных сабаках блох. У вагонах, як у печы. Усё гарачае, не даткнуцца. Мы параспраналіся да трусоў. Сядзім, як у лазні. Хлопцы ў адным вагоне, дзяўчаты ў другім. Ехаць кіламетраў 150, а сунуліся амаль восем гадзін. Спрабавалі заснуць, ды не змаглі. Прыехалі раніцай. Толькі выйшлі з цягніка, як зайграла музыка і да нас з кветкамі кінуліся піянеры.Мяне, як новага лаўрэата прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага, тут жа пад рукі падхапіла начальства і павяло даваць інтэрв'ю для рэспубліканскага тэлебачання. Не памятаю, што я тады гаварыў, але памятаю, што была гарачыня...

жыццё літаратскае

Previous post Next post
Up