Jul 06, 2014 21:48
6.07.2014. За папярэднія тры выхадныя дні добра стаміўся ад актыўнага адпачынку і сёння ехаў у Вязынку без асаблівага інтузіязму. Ехаў, бо абяцаў, што паеду, а таксама даўно быў дамоўлены сустрэцца на свяце паэзіі з Міхасём Казлоўскім і яшчэ некалькімі землякамі, якія, на жаль, не прыехалі. А можа і яны былі, а мы проста не сустрэліся сярод людзей, якіх сёлета было вельмі шмат. Каля тысячы, а мо і болей. Юра Сенкевіч з Аляхновіч быў з кніжкай Рублеўскай “Авантуры студыёзуса Вырвіча”. Спадзяваўся атрымаць аўтограф ад Людмілы. Пасля майго выступлення да мяне падыйшоў малады мужчына, які прыехаў у Вязынку, каб пазнаёміцца са мной. Цяпер я ведаю мастака Юрыя Каралевіча, якога ў сваю чаргу я пазнаёміў з Міхасём Казлоўскім. Паслухаўшы выступленні некалькіх паэтаў і некалькі фальклорных гуртоў і паклікаўшы з сабой у дарогу Навума Гальпяровіча, мы на машыне Юрыя вярнуліся ў Мінск…
У Вязынку ад музея Купалы прыехалі ў пачатку адзінаццатай гадзіны. Сустрэлі нас маладзечынцы, як заўсёды, хлебам і соллю, і народнымі песнямі…
Як заўсёды, у час выступленняў каля помніка Купалу, па чыгунцы праходзілі таварнякі, але, што трэба было пачуць, усе пачулі. Галоўнае- трэба было трапляць у рытм перастуку колаў…
Зайшоў у Купалаўскую хату, як у паэзію самога Янкі Купалы…
Можна было набыць карціны, народныя вырабы, цацкі, паесці і папіць. Прадаваліся і кніжкі. Кніжак дваццаць…
Усе былі маладыя і прыгожыя, як вяночкі купальскія і песні беларускія…
Алесь Камоцкі хадзіў з вялікім чорным футаралам, у якім ён да пары да часу трымаў музыку…
Шмат было людзей у вышыванках. Прыгожа, святочна. Некаторыя дзяўчаты ў вышыванках былі падобнымі на Паўлінку, а хлопцы- на Максіма Багдановіча…
На гэты раз не было Уладзіміра Содаля, які раней сядзеў каля студні і прадаваў свае кніжкі. Хварэе…
У канале каля Вязынкі купалася моладзь. Узгадалася як мы з Людай даўным-даўно у адзін з сонечных дзён прыехалі з нашай двухгадовай дачкой у Вязынку. Хацелі, каб Вераніка з намі паплавала ў канале, а яна, убачыўшы, што мы хочам яе занесці ў ваду, падняла такі гвалт, нібыта мы сабраліся яе тапіць. Тады Вераніка не пакупалася…
У Мінск паехаў у разгар свята паэзіі. Вярнуўся дамоў, а душа яшчэ там у Вязынцы, ад якой да маіх Пугачоў дзесяць кіламетраў…
Вязынка,
cвята