Пазнаёміўся і пасябраваў з цудоўным паэтам Іракліем Какабадзэ.
Далікатны, тонкі, рахмана-выбуховы... Мы былі разам пяць дзён, але ўражаньне, што ведаем адзін аднога з маленства. Пры гэтым, вельмі шмат пра што не пасьпеў у яго распытаць (напрыклад, уражаньні ад нядаўняй паездкі ў Японію).
А вось верш паэткі Элы Гачыяшвілі, якую я перакладаў. Здаецца, ёсьць сякія-такія паралелі з нашай сітуёвінай.
Дай мне сказаць, ма!
грузінскім паэтам
Ты радзіма! - на гэта мы асуджаныя,
але калі ты нас доўга ня ўспомніш,
мне загадзя шкада цябе для таго дня,
калі ты спахопісься.
Я паэт, і нават твой кволы ветрык
адужае мяне,
і раніць мяне твой касы пагляд.
Схаваю вершы на дне гаманца,
бо не жадаю таіцца пад псэўданімам.
І пакуль ты майго каханьня баісься,
стаіць «мудрэц» і парадам кіруе,
пакуль, Грузія, сама ня сьцяміш,
каго ты павінна песьціць.
Навошта тваім дзецям таіцца пад псэўданімамі?
Закрываю сшыткі вершаў і кладу ў скрыню;
мой страх - твой велізарны сорам,
дай, ма, мне сказаць.
Ты радзіма! - на гэта мы асуджаныя,
але калі ты доўга нас ня ўспомніш,
мне загадзя шкада цябе для таго дня,
калі ты спахопісься.