Ня ведаю, ці слушна ўжыў у падзагалоўку тапонім. Слушна -- Плітвіцкія азёры, яны ж -- Плітвіцы (Plitvička jezera, у арыгінале, як бачым, -- Плітвічка). Гэта, відаць, самае брэндава-топавае турыстычнае Месца Харватыі. Пра яго, напэўна, багата напісана ў турыстычных крыніцах. І ўсё, што напісана, -- праўда. Казка. Цуд (некранутай прыроды). Хараство. Як надарыцца мажлівасьць, наведаць абавязкова. Пажадана, не ў турыстычны сезон. Хаця, падазраю, на Плітвіцах турыстычны сезон круглы год... Пры гэтым, нягледзячы на натоўпы людзёў, што ходзяць па вузкіх сьцяжынках ды хісткіх мастках, ніхто вас не штурхне (хіба мядзьведзь выпадковы), ніхто не парушыць душэўны спакой)
Адразу ж зьвяртаюць на сябе ўвагу меры бясьпекі, якіх... ну можна сказаць, няма. То бок нейкіх агароджаў на стромых схілах ды вузкіх мастках (помняць рукі) амаль нямашака. Маўляў, ратаваньне тапельцаў... ну, вы ведаеце. Дарэчы, на харвацкіх пляжах прыкметаў якогасьці "асводу" заўважана не было. Што моцна кантрастуе, да прыкладу, з польскай Балтыкай (у якой усё адно мала хто купаецца), дзе праз кожны крок wieża ratunkowa... Што гэта -- эканомія ці разуменьне таго, што, як мне калісьці распавёў адзін чарнаморскі ратавальнік, да сапраўднага тапельцы човен усё адно ніколі не пасьпявае даплыць? Пэўна, і тое, і другое.
Ну, вось фотачка мастка праз азярцо дзеля затраўкі:
Пры гэтым, бачылі мы там і людзей на інвалідных вазках.
Аповед мой будзе ня столькі пра прыгажосьці нацыянальнага запаведніка, якія трэба проста бачыць (на фота ніжэй -- іх чэзлае рэха), колькі -- пра адзін эпізод нашае выправы.
Вось жа, скарыстаўшыся карыснымі парадамі шаноўнага
atdhetar, праклалі свой зваротны маршрут дадому праз Плітвіцы (першым пунктам начлегу мусіў быць Заграб, потым славацкая Кошыца, затым Люблін).
Усталі як змаглі рана. Разьвітаўшыся з дарагой Пулай і з нашай ня менш дарагой гаспадыняй Гогай ды яе ўнукам, выправіліся ў шлях. Сьпярша ехалі па платнай дарозе (каму цікава, тамака прынцып падобны да польскіх дарог: заяжджаючы на платны ўчастак, бярэш картку са штрыхкодам, якую па выезьдзе аплочваеш - хош еўрамі, хош кунамі, хош карткаю; аплочвалі дарогі і ў Славаччыне, і ў Вугоршчыне, але кошты тамака на парадак ніжэй, сістэма разьліку - віньетка, мінімальны тэрмін - тыдзень). Потым, не даехаўшы кіламетраў 70 да мэты, вырашылі зэканоміць і зьехалі на бясплатную дарогу, што сьпярша серпантынілася па вясковай мясцовасьці, а потым наагул ператварылася ў крутую казіную сьцежку, што са стромай гары прывяла нас амаль да самае Плітвічкі.
Як і папярэджваў шаноўны
atdhetar, турыстаў была процьма. Высадзіўшы супругу ля чаргі па квіткі, сам зь дзецьмі пачаў шукаць месца для паркоўкі. Тое заняло ня менш за гадзіну (платны паркінг быў безнадзейна запоўнены). Яшчэ столькі ж давялося дастойваць у шматнацыянальнай чарзе.
У папярэднім допісе, які рабіўся з Пулы, я наракаў на тое, што не напаткаў у Харватыі ніводнага беларускага аўто. Вось жа, і не напаткаў аж да Любліна. Затое, дайшоўшы да касы, пабачыў поруч, ля суседняга вакна, дзе, відаць, абслугоўваюцца аптовыя кліенты, чалавека з... чырвона-зялёным сьцяжком на даўгім тонкім дратку-тронку. Ён пералічваў тоўсты стос квіткоў. Празь нейкі час, вызначаючыся з маршрутам, мы пабачылі ланцуг бледных людзей, што арганізавана крочылі пад ачолам чалавека са "сьцягам" (між іншага, у часе вандроўкі па Плітвіцах турыстычных групаў больш не сустрэлі). Суайчыньнікі! "Твае малітвы былі пачутыя", - сказала жонка, якая таксама чытала папярэдні допіс.
Спыталіся ў адной з жанчынаў, якім маршрутам яны ідуць. Жанчына сьпярша агаломшана вырачыла вочы, а пасьля, відаць, падумаўшы, што хтосьці хоча на халяву прынадзіцца да іх групы, з грэблівай годнасьцю адказала: "У нас свая праграма". Вядома ж, апынулася, што павядуць іх самым кароткім шляхам (маршрут №1). І мы нядоўга змагаліся са спакусай прабавіць час разам з супляменьнікамі... Праўда, не адмовілі сабе ў задавальненьні крыкнуць усьлед групе, што сыходзіла, "Жыве Беларусь".
Ну, і перш як падзяліцца з шаноўнымі чытачамі фотачкамі, яшчэ адно культурова-шакавальнае назіраньне. Патрапіць у запаведнік можна абсалютна спакойна проста празь лес. Ніякіх платоў ці агароджаў (гл. вышэй) няма. Больш за тое, квіток, па які мы стаялі дзьве гадзіны, рэальна глядзяць толькі ў адным выпадку -- калі вы едзеце на карабліку (безь якога цалкам можна абысьціся). І, падазраю, тыя сотні і тысячы, што прастойваюць гэтыя чэргі, пра тое выдатна ведаюць.