(no subject)

Aug 07, 2006 13:19


Паглядзеў учора "Лялек" Такешы Кітана па БТ . Першы раз між іншым.


Так і ня ўцяміў "што хацеў сказаць аўтар". Бывае, што глядзіш фільм і разумееш, што ўсё надзывай сымвалічна і мае намерам узьдзейнічаць хутчэй эмацыйна (як у Лінча), а тут і сюжэт ёсьць, а мараль басьні ня ясная. Як я разумею, "лялькі" - гэта тыя, хто пазбаўлены ўласнай волі. У фільме тры гісторыі. У дыскурсе псыхатэрапіі іх можна сьмела ахрысьціць гісторыямі "нэўротыкаў".

Гісторыя першая. Хлопец кідае дзеўку, каб жаніцца там некім (я ня вельмі ўехаў) па парадзе бацькоў і гэта (як я ўехаў) паспрыяла бы ягонай кар'еры. Але тая дзяўчына чыніць няўдалую спробу самагубства (што ў вышэйузгаданым дыскурсе зьяўляецца нэўратычнай рэакцыяй шантажу). Хлопец, даведаўшыся пра гэта, уцякае прама зь вясельля, забірае тую дзяўчыну з больніцы (тая нікога не пазнае, нейкая аўтычная становіцца, "як лялька") і яны становяцца жабракамі і ходзяць павязаўшыся нейкай вяроўкай, падарожнічаюць па ўласных успамінах. Ды і ён урэшце становіцца такім як яна.

Гісторыя другая. Хлопец зь дзеўкай сустракаліся па суботах на лавачцы. Тая карміла яго абедам. А потым на фабрыцы ня стала працы і хлопец вырашыў звольніцца. А гэта азначала бы, што яны больш ня будуць сустракацца. Дзяўчына паабяцала, што будзе чакаць яго кожную суботу з абедам. Прайшло да халеры часу. Той хлопец стаў "пасьпяховым якудзам", на сваім шляху замачыўшы брата. Здароўе стала ня тым. Цяпер ужо стары чалавек прыгадаў тую дзяўчыну і вырашыў зьезьдзіць у той парк. Прыехаў, а там яна сядзіць і ўсе гавораць, што ведаюць гэтую цётухну - яна кожную суботу прыходзіць з абедам (што ў вышэйузгаданым дыскурсе зьяўляецца нэўратычнай рэакцыяй - некалькі гадоў чакаць аднаго чалавека).

Гісторыя трэцяя. Нейкая поп-зорка і фан (што сама па сабе ў вышэйузгаданым дыскурсе зьяўляецца нэўратычнай рэакцыяй - фанацець па тым каго ня ведаеш). Поп-зорка патрапляе ў аварыю, яе твар зьнявечваецца і яна ня хоча нікога бачыць. Тады той фан бярэ скальпель і робіць сябе сьляпым (што ў вышэйузгаданым дыскурсе зьяўляецца нэўратычнай рэакцыяй). Поп-зорка згаджаецца на сустрэчу зь ім, бо ён ня зможа пабачыць яе зьнявечанасьць.

Потым старога якудзу па вяртаньні з парку забіваюць. Самы шыкоўны на мой погляд момант у фільме, калі забойца дастае пісталет, накіроўвае на старога чалавека, а затым (не як у заходніх фільмах паказалі бы як забойца страляе і шмат-шмат крыві) наступныя кадры - чырвоны лісьцік сплывае па ручаі. Фаната зьбівае машына. Застаецца чакаць толькі, калі аўтар заб'е тых дваіх і я пайду спаць. Падумалася, што было б вельмі эфектна, калі б на такім кантрасьце (у чаканьні іхняй сьмерці) афтар раптоўна пакінуў бы іх у жывых. І я нават падумаў, што так і адбудзецца, калі тая дзяўчына дастала ланцужок, які хлопец падарыў ёй раней, і яе міміка зьмянялася. Але ж не - яны зваліліся з гары, зачапіліся вяроўкай, якая іх зьвязвала (сымвалічна) за дрэва на гары, і так замерзьлі.

І ў чым сэнс? Сумняваюся, што Кітана зрабіў гэты фільм, каб папулярызаваць "псыхалёгію". Сумняваюся, што ён быў у вышэйузгаданым дыскурсе. Быць можа ён жадаў засьцерагчы ад таго, што ў вышэйузгаданым дыскурсе зьяўляецца "нэўратычнай рэакцыяй", сам ня ведаючы таго, выказаць тое, што выказана і ў вышэйузгаданым дыскурсе. Нейкая ісьціна, якая праяўляецца ў розных дыскурсах. На тупое любаваньне жорскасьцю і тым "як усё ламаецца" гэты фільм не падобны.

Як мне здалося, нат да таго, як нешта здарылася, гэтыя героі былі нейкія ненатуральныя, "як лялькі" - кока-кола, шляпка, абед на лавачцы, танцы пад тупую папсовую песеньку.

Па структуры і тэматыцы гэты фільм нагадвае мне "Сука-каханьне" Алехандро Гансалеса Ін'яррыту (2000 году выпуску, у той час як "Лялькі" - 2002). Пасьля прагляду "Сука-каханьне" падумаў (падумаў сам, бо аўтар нічога ня можа сказаць, так як аўтар у постмадрэне памёр. Альбо ён памёр у мадэрне? Не памятаю (: ), падумаў, што каханьне - гэта стыхія, гэта тое, што немагчыма кантраляваць (кантраляваць пачынаюць старацца ўжо потым, калі нешта пачынае "ісьці ня так". Вось тады пачынаюць займацца псыхааналізам. І, як мне здаецца, псыхалёгія - нейкі звод правілаў; тое, як павінна быць; тое, што "нармальнае", "не-нэўратычнае". Але ж жыцьцё - гэта не ўтопія, гэта рэальнасьць - тут усе (ну прынамсі большасьць) стараюцца зманіпуляваць, зхітрыць, абараніцца, атрымаць болей, схлусіць іншым альбо сабе, ужыць "нэўратычныя прыёмы"), падумаў, што, як у любой стыхіі, тут няма гарантыяў, адтуль можна выйсьці пакалечаным як зьнешне, так і ўнутрана, і ня мае сэнсу хныкаць, што балюча, бо гэта стыхія.

любоў, уражаньні, рэцэнзыя, фільм, рэцэнзыя на фільм

Previous post Next post
Up