Вы будзеце смяяцца, але ў кінатэатры я не была гадоў пятнаццаць. А тут паслухала рэкамендацыі сяброў адносна фільма "Мама" і вырашыла запоўніць гэты прабел. Схадзілі, для ўзнікнення калектыўнага суперажывання, так бы мовіць.
Культпаход ледзьве не скончыўся светапоглядным пераваротам. Яшчэ пазаўчора я думала пра сябе як пра асобу прагрэсіўную, якая заўсёды ў тэме, а ўчора адчула сябе буркатлівай цёткай з сентэнцыяй "О tempora, о mores!", што нястомна свідруе мазгі. Бо сапраўдныя жахі былі зусім не на экране. Жахі прадстаўляліся ў рэжыме рэальнага часу і ў фармаце 5 D :).
*страшным голасам* Як толькі цемра агарнула залу, з усіх бакоў пачалася містычная валтузня, што суправаджалася гукамі "хрум-хрум", "ням-ням", "чвяк-чвяк", "грызь-грызь", шамаценнем і гартаннымі воклічамі. Падобна да таго, што кагосьці жэрлі прама ў нашай прысутнасці. Прычым мне падалося, што ўсе гэтыя людзі раней збіраліся разам і трэніраваліся калектывам, бо не можа адначасова столькі народу, не дамаўляючыся, так дружна і мерна рухаць сківіцамі, каб ствараць выразны акустычны эфект. Зала перастала хамячыць толькі бліжэй да развязкі. Я сказала: "Нарэшце. Страшна, відаць". Муж сказаў: "Нарэшце. Даелі, відаць".
Вось яно новае пакаленне, якое выбірае сухарыкі. У маім юнацтве мы хадзілі вячэраць у кафэ ды рэстарацыі, у "Беларусь" пойдзем ці ў "Меркурый" - залежала ад сумы наяўных грошай. Як усё проста для маладых людзей у нашыя дні. Ці не пайсці нам сёння ў кінатэатр павячэраць? Крута гучыць, а?! Якое відовішча без хлеба? Галоўнае - дзёшава і сярдзіта :). Вось толькі дзіўлюся, што мілыя дзяўчаты, якія звышзаклапочаны захаваннем сваёй фігуры, прыйшоўшы на апошні сеанс, скончылі вячэраць у 22.30.
Вы ўжо зразумелі, што "дело было вечером, делать было нечего". Хвілін недзе праз сорак за маёй спінай стаў капрызнічаць і бамбіць спінку майго фатэля нагамі хлопчык гадоў дваццаці васьмі. Мая заўвага хлопчыка пацешыла, у яго вачах чыталася што я ненармальная шчырае здзіўленне, бо іншым у гэтай сітуацыі раней, відавочна, было камфортна. Хлопчык вытрымаў паўзу і праз пэўны час асцярожна працягнуў свае манатонныя дзеянні ў накірунку маёй спіны.
Але самая яскравая праява калектыўнага перажывання - бясконцыя каментары залы па ходу фільма, якія можна тыпалагічна падзяліць на тры групы:
1) смех без прычыны;
2) глядзі-глядзі, зараз будзе класны момант (я фільм ужо бачыў);
3) глядзі-глядзі, зараз, пэўна, будзе класны момант (я фільм не бачыў, але дэманструю цуды звышздагадлівасці).
Карацей, дзякуй, што не пабілі :). І хаця я тут занудствую, у той момант мой арганізм выдаў стандартную рэакцыю: увесь фільм жахаў я душылася смехам.
На выхадзе я агледзела аўдыторыю. Цвярозыя, сярэдні ўзрост - гадоў 25, многія прыйшлі парамі, многія раз'язджаліся на аўто. Людзі як людзі, нічога ваеннага. Але зала выглядала як Мамаева пабоішча.
Вось скажыце, мае юныя і вопытныя сябры, вы часта наведваеце кінатэатры? Я дакладна больш не пайду, бо не пытайцеся, ці спадабаўся мне фільм - дома перагледжу, тады раскажу.
PS Не абагульняю, ні на каго не намякаю - расказваю тое, што бачыла свежым вокам чалавека, які не быў у кінатэатры 15 гадоў.