Жаночая хітрасць, бязлітасная і разбуральная. Яна не выбірае ахвяраў, яна стыхійная і самадастатковая. Часам жаночая хітрасць мяжуе з подласцю, часам прыкідваецца слабасцю ці, яшчэ лепш, глупствам наіўнасцю. І я зараз зусім не пра мілыя какетлівыя хітрыкі ў адрас мужчын. Я пра тую хітрасць, якой "все возрасты покорны" і якая часам вырываецца з жаночага нутра насуперак волі яе носьбіта.
Уласна, дзве кароткія гісторыі.
Гісторыя першая. Пра маладосць.
Выбіраю сабе ў "Гіпа" панчошкі (пардон за такія інтымныя дэталі, але гэта важна). Знаходжу неабходны колер, памер, якасць і кідаю ў кошык. Прыношу дадому, раскрываю ўпакоўку... Іціць-калаціць, што называецца. Замест дарагіх панчохаў ва ўпакоўку ад іх увапхнуты танныя калготы, кшталту "Контэ" ў горшым сэнсе гэтага слова.
І хто, скажыце, гэта зрабіў? Хто падмяніў дарагія панчохі на танныя калготы?
Пяцідзесяцігадовая кабета, якая вырашыла зрабіць сваёй нявестцы падарунак?
Юнак, які збіраўся прэзентаваць каханай прыгожыя панчошкі ва ўпакоўцы ад танных калготаў?
Рабочы дзядзя Вася, якому раптоўна захацелася эстэтыкі ў стасунках з жонкай?
Не, гэтую падмену зрабіла маладая асоба, якой проста не хапала грошай на жаданыя панчохі. І няважна, што нехта іншы (а ёй магла аказацца такая ж бедная студэнтка, якая патраціла паўстыпендыі на жаданую ў гэтым узросце дробязь) мог набыць гэты пакет і прарыдаць над ім паўвечара. Нават падумалася, добра, што гэтай ахвярай аказалася я.
Гісторыя другая. Пра старасць.
Пайшлі з мужам на рынак. Агуркі-памідоры, іншая каўбаса - купляем прадукты. Дайшлі да радзіскі. Выбар велізарны. Пучок у сярэднім каштаваў тады (пару-тройку тыдняў таму) дзесяць тысяч. І тут я заўважаю бабцю - тыповы такі фальклорны персанаж, ад якога ў беларуса на ўзроўні падсвядомасці сціскаецца сэрца, - бачна, што прадае ўсё сваё. Пытаюся, па чом радзіска. 15 тысяч, кажа. І пучок меншы, чым у астатніх. І без бацвіння ўжо. Гляджу на мужа - той таксама, уражаны вобразам божага адуванчыка, хітае галавой, згодны, маўляў.
Дома, рэжучы агародніну на салат, я спачатку падумала, што нажы ў нас затупіліся. Пасля дайшло, што радзіс той бабчын даўно ў ствол пайшоў - адны валокны. Карацей, выкінулі ўвесь. Пашкадавала бабцю, называецца.
PS І не трэба тут, што я абагульняю :).
Не дражніце, я тое магу напісаць і пра мужчынскія хітрыкі:).