Вось толькі што праводзіла апошніх гасцей і не магу парушыць традыцыю штогадовага прызнання ў любові да вас, сябры, у самае добрае свята года. З Вялікаднем!
Досвед паказвае, што нават філолаг можа пасябраваць з тэхнічнымі вынаходніцтвамі на Вялікдзень. І гэта сапраўдны цуд, скажу я вам. Вы ж ведаеце, што я і тэхніка жывем у розных вымярэннях. Мяне нават тэлевізар не слухаецца, калі мужа няма дома. А як вам мае велікодныя яйкі, а? Я проста Эдысан нейкі, ганаруся сабой :).
Днём яйкі выглядаюць не так эфектна, але ўсё адно някепска.
Праўда, на заваленым ежай стале мая інсталяцыя згубілася, ведаю.
Зрабіла велікодныя пячэнькі, але пераблытала мамін рэцэпт (яна калісьці тры штукі на адным лісце напісала). Шчыра скажу, гарбатыя пячэнькі і ўпрыгожванні не выправяць. Але як ёсць.
Ну, хоць пасхі атрымаліся. Прызнаюся, у гэтым годзе я працавала з гатовай мастыкай. Некаторыя людзі ў Фінляндыі сумкі ды акуляры куплялі, а Ала завісала ў прадуктовых крамах, бо там стоооолькі ўсякай фігні для творчасці - не адарвацца.
Упрыгожванні дома паказваць амаль не буду - выкарыстала мінулагоднія набыткі. Помніце карціну з яек? Ці фларыстычную кампазыцыю? Ну ці хаця б яйкі з фліса на каміне? Усё на месцы, не хвалюйцеся. Абноўленае і ўдасканаленае.
Люблю вас, сябры. Шчыра люблю, і нават работа не дапамагае. Не пакідайце ж ЖЖ нашага, каб не ўмёрлі! :)
PS А Плюша, свіння, яшчэ дадому не прыйшла. У яе жаніх завёўся, суседскі Гаўрыла. Сёння прыводзіла яго нават на кухню - частавала прысмакамі. А гаспадыня Гаўрылы (якая жыве праз чатыры дамы - па-кацінаму гэта далёка) была ў нас у гасцях. Гаўрыла перажыў сапраўдны кагнітыўны дысананс - прыйшоў да дзяўчыны на спатканне, а там... мамка ягоная :). Аблом абломаў і пацеря пацерь. І што цяпер, жаніцца? :)