"хтосьці дзень зарэзаў, бы ягнёнка...", або рубрыка "нечаканы класік"

Mar 05, 2016 21:27

Я вось і я. Не чакалі? :)
Месяц працавала над артыкулам пра нашага класіка і адкрыла яго зусім з іншага боку.

Вось, як лічыце, у любоўнай лірыцы якога паэта мёртвых жанчын ці не больш, чым жывых?

Хто мог пісаць пра секс на пляжы *закрэслена* эратычную "соладзь стогнаў" пад "песні пальмаў" на чарнаморскім узбярэжжы?
Прычым на другі дзень знаёмства *закрэслена*.

Хто ў каханні здолеў адкрыць 51-е адценне шэрага?
О ногі твае я слязамі абмыю
І споведзь душы сваёй шчыра адкрыю,
Карай не карай сваёй мілай рукой,
Душы не душы сваёй доўгай касой…

Хай камень твой раніць мне самыя грудзі,
Мне мука рукі тваей соладка будзе…
Памру не памру, скажу тайну сваю:
Любіш не любіш - я бясконца люблю.

У каго аднолькава пераканаўчымі атрымліваліся і вытанчана-эстэцкія (нават звышэстэцкія!), і вусцішныя, пачварна-магільныя пейзажы?
Крыжы-крыжы, трупы-трупы, горы трупаў, смяртэльна белы туман, бледны месяц, халодны пясок магілы, зноў крыжы...  І ўсё гэта пад уздыхі, усхліпы, стогны, хрыпы, шэпты. Уражвае малюначак?
Ці вось, да прыкладу, мірны заход сонца над морам:
Хтосьці дзень зарэзаў, бы ягнёнка, -
Шмат крыві ў мора пралілося...

Ну, хто ж гэта? Скажіте, как его зовут? :)

БЯ!
Та-та-та-та


ДУ!
Та-та-та-та

ЛЯ!
Бя-ду-ля! Ён жа Самуіл Плаўнік. Вось табе і пяць лыжак заціркі на Каляды!

І напішу-ка я, пакуль не забыла, 10 нечаканых фактаў з біяграфіі Самуіла Плаўніка. Усё ж юбілей у чалавека праз месяц.

ФАКТ №1.
Фемініст дамастроеўскага кшталту.
Паводле трапнай заўвагі Л. Рублеўскай, з прозы З. Бядулі можна зрабіць выснову, што пісьменнік быў феміністам. У той жа час сын З. Бядулі, Яфім Самуілавіч, успамінае, што ў бацькі быў дамастроеўскі характар. Бядуля быў перакананы, што галоўная мэта жанчыны - выйсці замуж і нарадзіць дзяцей, а таму быў супраць, каб сястра Рэня, якая мела выдатныя вакальныя здольнасці, разам з Ларысай Александроўскай (!) паступала ў кансерваторыю.

ФАКТ №2
Смех і слёзы гумарыста.
Абліваючыся слязьмі ў творчасці, З. Бядуля, паводле практычна ўсіх аўтараў мемуараў, быў гумарыстам, душой кампаніі, умеў артыстычна і смешна расказваць нават пра непрыемныя падзеі з жыцця. "Там дзе знаходзіўся "дзядзька Бядуля", заўсёды было весела", - успамінае П. Пруднікаў.

ФАКТ №3
Беларускі Шэрлак. Скрыпка і цыгарэта.
З. Бядуля быў заўзятым курыльшчыкам. Курыў ён няспынна, нягледзячы на забарону дактароў. Бо, па словах жонкі пісьменніка, яго хвалявала, "як ён будзе працаваць без звыклага дымка". А натхненне наведвала Бядулю па начах, і часта ён працаваў да раніцы. Раніцай цяжкую творчую працу завяршаў граннем на скрыпцы. Але ў прысутнасці хворага М. Багдановіча "нават у мароз ён выходзіў пакурыць на паветра, каб Максіму лягчэй дыхалася ў кватэры", - успамінае сястра пісьменніка Соф'я Лерман-Плаўнік. Сёння сказалі б, што паводзіў сябе Бядуля абсалютна па-еўрапейску.

ФАКТ №4
Стыляга-метрасексуал-хіпстар.
Самуіл Плаўнік быў эстэтам не толькі ў творчасці, але і ў жыцці. Ён апранаўся па сваім часе вельмі модна і звяртаў на сябе ўвагу "фацэтным абуткам і вопраткай", - згадвае У. Фінкель. Прагматыкай жыцця "загадвала" Марыя Ісакаўна, жонка пісьменніка. Яна, патомная інтэлігентка, нашчадак сям'і святароў у некалькіх пакаленнях, была выдатнай гаспадыняй, не цуралася ніякай фізічнай працы і сваёй цягавітасцю здзіўляла самога Бядулю. "И представь себе, - пісаў ён сястры з Саратаўскай вобласці пад час эвакуацыі, - она работает не хуже заправских колхозниц. Вчера и сегодня она ходит с Зоечкой на картошку". І далей паказальна: "И я не очень-то гуляю - принимаюсь за изучение колхозной жизни". Эх, мужчыны :).

ФАКТ №5
Перыядычнасць спатканняў - раз у 10 гадоў.
Ажаніўся З. Бядуля нават па нашым часе даволі позна - у 41 год. Першае спатканне з Бядулем у 1916 годзе Марыя Ісакаўна, якая дапамагла непрактычнаму, бездапаможнаму мужчыну, што не мог справіцца з бюракратычнымі парадкамі пункта прыёму бялізны для франтавікоў, помніла да дробязей. А праз 10 гадоў - доўгія дзесяць гадоў, калі дзяўчына не пераставала цікавіцца творчым лёсам пісьменніка і ўрэшце выпадкова трапіла да яго на аўдыенцыю - Бядуля нават не ўспомніў высокую чарнявую прыгажуню, надзеленую "пужлівым" (Я. Скрыган) хараством. Між іншым, у свае сорак Самуіл Плаўнік не мог пахваліцца знешняй прывабнасцю, здаваўся "вельмі пажылым чалавекам" (В. Вольскі). Тым не менш да самай смерці пісьменніка пра іх з жонкай "нетутэйшае" каханне хадзілі легенды.

ФАКТ №6
З маленства ў акружэнні жаночай прыгажосці.
Усе жанчыны роду Плаўнікаў вылучаліся неверагоднай прыгажосцю. Стрыечная сястра Бядулі Мейта настолькі ўразіла М. Багдановіча, што ён называў яе не інакш, як "каралевай англійскай". Родная сястра пісьменніка Геня яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі займела на сталічным конкурсе прыгажосці тытул "Міс Мінск". А мы-та думаем, што конкурсы прыгажосці - гэта адносна нядаўняе спараджэнне поп-культуры :).

ФАКТ №7
Быў асуджаны стаць пісьменнікам, бо вырас у артыстычнай сям'і.
У сям'і Плаўнікаў было сем дзяцей, і розніца паміж старэйшым, Самуілам, і малодшай, Соф'яй,  складала 26 гадоў. І кожны валодаў нейкім музычным інструментам - мандалінай, гітарай, скрыпкай. "Па-цяперашняму, гэта быў сямейны ансамбль, і нядрэнны", - зазначае сястра пісьменніка Соф'я. Асабліва ўражвае ўзгаданы сынам пісьменніка факт, што дзеці роднага брата Саламона перабраліся жыць у Маскву толькі таму, што ў Мінску ім не падабаліся сімфанічныя аркестры :). Больш за тое, сям'я мела двух пісьменнікаў - Самуіла і Ізраіля. Апошні быў паэтам, перакладчыкам, мастаком, але з-за хваробы не змог далучыцца да сям'і пад час эвакуацыі і быў забіты. Самуіл, дарэчы, таксама быў адораны рознабакова. Пісьменнік някепска маляваў, і яму, паводле ўспамінаў брата Мацвея, удаваліся нават партрэты сямейнікаў.

У гэтым кантэксце варта згадаць яшчэ адну дэталь. У ноч смерці бацькі З. Бядулі на яго скрыпцы лопнула струна, і гэты факт відавочна адбіўся на вобразна-сімвалічнай сістэме лірыкі чуллівага, уражлівага Самуіла.

ФАКТ №8
Бацька і маці
Вобраз бацькі як літаратурны тып у лірыцы Бядулі, як правіла, мае негатыўную семантыку. Менавіта бацька ламае лёс яго шматлікіх няшчасных гераінь, у прыватнасці прымушае дзяўчыну выходзіць замуж за нялюбага. Маці ж, наадварот, узвышаецца і надзяляецца сакральнымі характарыстыкамі. Тым не менш у жыцці якраз маці, Хана Лейзараўна, вылучалася большай прынцыповасцю і цвёрдасцю характару ў сваім імкненні ўплываць на рашэнні ўласных дзяцей. Так, сын З. Бядулі, успамінае: "Калі сястра Рэня выйшла замуж і зацяжарыла, то яе маці, мая бабка, не прыняла дадому дачку, бо цёця выйшла замуж за рускага". Прыняў бядачак, дарэчы, у сваім доме Я. Купала.

ФАКТ №9
Дзеці як віртуальны і рэальны аб'ект
З. Бядуля, як вядома, быў глыбокім знаўцам дзіцячай псіхалогіі і пісаў файныя творы для дзяцей, але... уласнага сына і дачку абдзяляў увагай па прычыне занятасці і не мог з імі справіцца, застаўшыся сам-насам з "праблемай". Калі жонка ад'язджала, пакідаючы бацьку з уласнымі дзецьмі, то ён успрымаў гэта як пакуту, успамінаюць Дз. Харык і Я. Рамановіч. Не могучы накарміць дзяцей, З. Бядуля ледзьве не плакаў. Тыповы беларускі бацька :).

ФАКТ №10
Рэлігія
У маладосці рэлігія ў жыцці С. Плаўніка адыгрывала вялікую ролю (дарэчы, даследчыкі дагэтуль не вызначыліся з канфесіяй). Ён нават пісаў артыкулы для клерыкальнага выдання пад псеўданімам Сымон Пустэльнік. У сталыя гады З. Бядуля стаў апантаным атэістам. Ці, прынамсі, хацеў ім выглядаць у страшныя 30-я.

І галоўны афарызм З. Бядулі - "Сапраўднае мастацва ўражвае не адразу!"
Файна сказана, праўда?

сапраўдныя людзі, навука, лірыкі без лірыкі

Previous post Next post
Up