Выпадковасць

Aug 08, 2013 21:38

У свой час з аднагрупнікам гарталі і штудыравалі гэтую кніжку ("Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", том па Віцебскай вобласці), рыхтуючыся да заліку. Але ўвагі не звярнуў. А зараз пагартаў запампаваны файлік. І выпадкова наткнуўся... Еськава! Вёска, якой няма... Радзіма бабулі.




Сустракаю гэтую назву ў другі раз. І зноў выпадкова.

А першы быў, калі ў час архіўнай практыкі выбраў для азнаямлення рассакрэчаны фонд Айсвейскага райаддзелу НКУС. Быў некалі такі раён - Асвейскі. Папкі... Кола пытанняў унушальнае. Тут і справа аб выкідышы ў цяжарнай калгаснай кабылы (шкодніцтва! знайсці, хто на ёй паездзіў!), і арыентыроўкі на агентаў Сікрэт Інтэледжэнт Сервіс... Расклад заняткаў на курсах для міліцыянераў... Службовая інфармацыя аб ганебных дзеяннях мінскіх міліцыянераў (напіліся, збівалі на вуліцы грамадзян, згубілі зброю, кантактавалі са спекулянткай "і разлагалі ею оператівные меропріятія міліціі"). Вынікі праверкі турмы... Паведамленне аб пошуку ўкраінскага нацыяналіста і японскага шпега... Папка з  надпісам "Копіі справок компрматеріалов" (але ў ёй нешта іншае)... Патрабаванне неадкладна знішчыць нейкую прамову Ягоды... Подпісы хімічным алоўкам...

І раптам вока выхоплівае вёску Еськава і дзявочае прозвішча маёй бабулі. Але справа не аб ёй. Магчыма, аб некім з радні, але не па прамой лініі. Мы не ведаем гэтага чалавека - у сям'і не захавалася інфармацыі. Магчыма, аднафамілец - у вёсках здараецца такое. А дакумент - абгрунтаванне неабходнасці рэпрэсіраваць як шкодніка і брата шкоднікаў...

Выпадковасць - цікавая рэч...

Назіранні, Думкі

Previous post Next post
Up