(no subject)

May 03, 2013 22:06

Веды, мая любімая сталічная кнігарня з вялікім букіністычным аддзелам. Заходжу, аглядаюся. На лесвічцы стаіць прадаўшчыца, здымае кніжкі з верхніх паліц. Прыглядаюся - цяжкія зялёныя тамы з серыі "Бібліятэкі саюза пісьменнікаў Беларусі". Але назваў не бачу. Побач - двое мужчын. Адзін у
форме, падпалкоўнік. Дыялог:
- Яшчэ што-небудзь?
- Да! "Асновы кітайскай вайсковай стратэгіі" Сунь Цзы і Шапэнгаўэр!
- О... Якая цікавая падборка... Нашто вам менавіта гэтыя кніжкі?
- Начальнік загадаў, яму паліцу ў кабінеце трэба ўпрыгожыць.
- Калі вы думаеце, што гэта будзе танна, то памыляецеся... Што ж за начальнік такі?
- А якая розніца? Кошт нас не турбуе. Ды мы і купляць іх зараз не будзем, аформім дакументы, прынясем паперы - і па безналу.
- А што ў вашым спісе ячшэ?
- Быкаў у вас ёсць? Яшчэ Жаміні патрэбны. Яшчэ...
- Быкава няма, хіба што ў букіністыцы... Так, шмат кніжак: пачакайце, я за вазком пайду і спытаю ў тых аддзелах. Пашукаем зараз.
Сыходзіць. Чуваць галасы прадаўшчыц:
- Ці ёсць у нас Быкаў?
- Быкаў? Няма, адкуль ён будзе? Хіба асобная кніга якая...
- Вось трэба Быкаў, Шапэнгаўэр, Жаміні і Сунь Цзы, кітайскія вайсковыя стратэгіі.
- Сунь Цзы няма... Вось нейкія стратэгіі, таксама кітайскія... І Шапэнгаўэра няма.
- Ну як жа няма, там павінен быць!
- Дзе?
- Ну вось жа!
- Дык гэта ж Шпэнглер!
- М... Тады няма. І Жаміні няма. Хай "Беларускую энцыклапедыю" лепш возьмуць, усе 19 кніжак...

Хвілін праз 5 у падсобку з вазком, нагружаным кніжкамі, ідуць прадаўшчыца, падпалкоўнік і яго спадарожнік - афармляць дакументы.

Праз некалькі дзён невядомы начальнік будзе мець прыгожую паліцу. Цікава, сам ён складаў спіс або дапамаглі? Ці ёсць нейкія крытэрыі такой прыгажосці? Абавязковыя аўтары, напрыклад?

Назіранні

Previous post Next post
Up