На "дужа навуковай мове" пошук патрэбнай інфармацыі ў кніжках ды часопісах завецца мудрагеліста - бібліяграфічнай эўрыстыкай. Выглядае гэта зараз прыкладна так.
У час семінара высвятляецца, што ніхто ў групе не ведае значэнне загадкавага слова "анэксія", непрадбачліва ўжытага дакладчыкам. Прапаную наступныя варыянты: "сучасны" і "класічны". "Сучасны" варыянт - той, хто можа выйсці ў Інтэрнэт з мабільніка, шукае вызначэнне там. "Класічны" варыянт - нехта ідзе ў бібліятэку і там мучыць пытаннямі супрацоўніц шукае тэрмін у слоўніку.
Раптам аказваецца - нечуваная рэч для інфарматыкаў! - што ні ў воднага з прысутных няма доступа ў Сеціва ні з мабільніка, ні з ноўтбука. Семінар апошні, магчымасць атрымаць адзнаку таксама апошняя, таму ісці ў бібліятэку выклікаюцца ажно трое. Я не супраць здаровай канкурэнцыі :) Хвілін праз 5 студэнты вяртаюцца расчараваныя і паведамляюць: у бібліятэцы такой інфармацыі няма (?!). Распытваю. Аказваецца, небаракі пайшлі не гартаць слоўнікі, а на абанемент - мучыць нечаканымі пытаннямі супрацоўніцу. Паведамляю, што ў нашай бібліятэцы ёсць яшчэ чытальная зала, тлумачу, дзе яна і выпраўляю дуэт, што застаўся ад трыо, за інфармацыяй зноўку. Праз хвіліну з мабільнікам у руцэ ўбягае хлопец і агучвае доўгачаканае вызначэнне. І просіцца назад - вярнуць тэлефон гаспадыні:
- Я зараз, толькі тэлефон ёй вярну!
Па вяртанні пытаюся:
- Дык дзе вы ўзялі мабільнік з доступам у Інтэрнэт?
- У дзяўчыны на калідоры запытаўся, яна і дазволіла ўзяць тэлефон.
- У незнаёмай?
- Да! Вось жа якія добрыя людзі ёсць!
- Ну дык пазнаёміліся хаця б?
- Не, калі? Падзякаваў ды адразу сюды пабег.
- А, ну да, гісторыя Беларусі... :)