Nov 03, 2012 14:44
Анджэй Сасноўскі
Тахіметрыя
Аднойчы праз гэтыя дамы пройдзе вецер
шыбы нальюцца вясёлкай як вадаспад
мы прачнемся ў халодных пакоях
здымкі злятуць са сценаў і рэч
не прызнаецца ў рэчы і голас
зламаецца калі лічбы на цыферблатах
памяняюцца месцамі
цяпер сталася так што ў нас ёсць вецер
хай ужо ён застанецца назаўжды
І мы будзем шукаць на карачках старыя
лісты і як павуціна будзе час
на маім твары як спарахнелае палатно
фарба на тваіх пальцах Асцярожна
не паранься Плесня добрая
сівы хлеб павуціна і сонца
а сонца ўвойдзе па прыступках
і выскачыць праз выбітыя вокны
цяпер сталася так што ў нас ёсць бляск
хай ужо ён застанецца назаўжды
А жыццё будзе ноччу на гарызонце
водбліскам у акружэнні кола неонаў
і аўтастрадаў Сатурн Дзіця з усіх ног
прыбяжыць на бардзюр У вачах
блісне арэол з машын таму яно вернецца
каб спяваць нам навіну але мы
будзем ператрасаць палі і плесці
шэрыя вогнішчы з цэлафану
цяпер сталася так што ў нас ёсць мароз
хай ужо ён застанецца назаўжды
Ты адчуваеш гэтае ззянне кома ў горле?
Гэта пяшчота Я ўжо нічога не памятаю
сонца ляціць з захаду на ўсход
ставіць нам валасы на галаве і робіцца
так цёпла выцягні далоні
У гэтыя дамы ўрэшце закладуць дынаміт
і хмара будзе як пацісканне плячыма
попельны заняпад як паклон
цяпер сталася так, што ў нас ёсць страх
хай ужо ён застанецца назаўжды