PIN-КОД ДА МАЙГО СЭРЦА…

Jul 27, 2007 21:30


…Я смактала
выключна чакаляду.
І не пераносіла
патасных мужыкоў.
Я кідала белых коней
на існую ўладу.
І з жарсьцю назірала
баі быкоў.

Гэта ўсё было
... да цябе.
А потым
скончылася вясна.
І я задзяўблася
бадзяцца адна,
нібы фэміністка,
што гуляе сама па сабе.

Ах, як мяне торкнула
твая сівізна!
Відаць, я, дакладна,
задзяўблася
бадзяцца адна.

Ты знайшоў PIN-код
да майго сэрца -
і я забаніла
іншых карыстальнікаў!
Мы з’імправізавалі
ў два целы скэрца -
і дзесьці за  жырандолю
зачапілася тое,
што звычайна
называюць станікам.

Слухаючы, толькі нам чутную
(весялкова-смутную),
музыку
зь нябёсных прайгравальнікаў,
мы таньчылі пасярод шашы,
дзе не было нікога -
ні нуды, ні душы,
апроч віскату колаў
і тармазоў машын.

Мы таньчылі пасярод шашы
пад дажджом, як шалёныя,
як скончаныя самагубцы.
І паўсюль цалаваліся,
ад сьліны салёныя,
пакідаючы свае мокрыя адбіткі
на гарачай грубцы.

А пасьля пілі
на брудэршафт абсэнт -
і ў гэтым быў пэўны сэнс.
Крыху “зялёнага д’ябла”
на кожнае
зёлкавае дзявочае вока.
Было ўтульна, як у прарэху Бога.

Як у Бога за шчакой - такі быў спакой!

…Я смактала выключна чакаляду -
гэта было да цябе.
Ты знайшоў PIN-код да майго сэрца -
і мы таньчылі пад дажджом пасярод шашы.
Ты цалаваў мяне ў засмок,
так глыбока, як толькі мог.

2007, чарнавік, вершы, выдурняцца

Previous post Next post
Up