Dec 10, 2016 00:01
* * *
Маё ласянё,
мой мужчына,
злізвае соль з далоняў,
узлескавымі плячыма
спакойвае сэрцабіццё.
На голкі веяў наколвае,
мкнучы між хмызоў ды хвояў,
словаў чужых цалункавых
маладое лісцё.
Маё ласянё,
мой мужчына,
з гарынскай слязы вачыма.
Жнівеньскай павуцінай
пасма ў яго валасох.
Столькі моцы спачылай,
столькі юначай сілы
ў лясной крамяной спіне,
што ледзь не сачыцца сок.
Маё ласянё,
мой мужчына,
праводзіць вачыстым паглядам
дзіка, што лычом гострым поўню
скручвае на маладзік.
І бураю аблачынай
плыве па сівым сутонні
маё ласянё,
мой мужчына.
І адступае дзік.
Маё ласянё,
мой мужчына,
знайшоўшы ў снягох пралеску,
выпростваецца плячыста,
нагамі ўрастае ў зямлю,
і трубіць, як аглашэнны,
па-своему,
па-палеску,
на знак,
што знайшоў прачыстую,
дзікую
ды сваю.
чарнавік,
вершы,
чарнавікі,
2015