Прыватнае сьвята - Дзень Народзінаў Караткевіча

Sep 27, 2016 23:26

У творах Караткевіча ёсьць ген беларускасьці. Хто прачытае іх - робіцца беларусам! ;)

Сёння ў мяне прыватнае сьвята - Дзёнь Народзінаў Уладзіміра Караткевіча, якога абажаю, па якім пішу дысертацыю... Сьвяткавалася цёпла - ажно горача! - разам з цудоўнымі чалавекамі на вачох (Крот, Стася, Баразенка прывет:) у Пушкінскай, куды нацякло, калі ня мора, дык рака народа дакладна. Дзякуй дарагому Квіткевічу за арганізацыю, а дарагому Алейніку за месца ў першым шэрагу. Куцілу дзякуй за фотку. Шмыгаву дзякуй за сакрэцікі. Глобусу за нашую будучую карціну). Аракелянам і Вольскаму за музыку. І ўсім дзякуй, хто быў. Усё добра было... Толькі вось Караткевіча самога сёння мне шалёна не хапіла. Таму пайду дачытаю непрамоўленае... Да прыкладу, мой ўлюбёны верш Караткевіча ў мае чатыры гады... А вам хлопчыкі - пяшчотных усмешлівых цмокаў на ноч!)




ЗАЯЦ ВАРЫЦЬ ПІВА
Туман плыве з нізіны сівы
Над нівай голай і пустой.
"Глядзіце, заяц варыць піва", -
Жартуюць людзі між сабой.
А я відушчым бачу зрокам,
Як ён прысеў каля агню,
Трыгубы, шэры, касавокі,
І піва варыць з ячмяню.
Яліна іскрамі страляе,
А ён прыладзіў кацялок
І трэскай варыва мяшае,
Каштуе, сплёўвае набок.
І піва заяц варыць густа,
А на закуску - бурачок,
Трава, заечая капуста,
Галін асінавых пучок.
З зайчыхай вып'юць па маленькай
І дзеткам трошкі паднясуць,
Пужлівым галаском таненькім
"Цвіцела морква" завядуць.
Пабачыш - не гані з абсады,
Дай хоць на гэты дзень спакой,
Павінна ж быць і ў зайца радасць
Перад халоднаю зімой.

асабістае, Караткевіч, 2012, людзі, беларуская літаратура, імпрэзы

Previous post Next post
Up