ШОК: аўтар "Маладафронтаўкі" - маньяк?) (тэкст + ВІДЭА)

Sep 10, 2016 21:36

Глядзіце першае эксклюзіўнае інтэрв'ю Валярыны Кустава з Віктарам Шукеловічам на сайце "Белсата" да самага фіналу - і вы ўбачыце твар аўтара! (ВІДЭА)


Валярына Кустава высвятляе: «Маладафронтаўка» - палітычная фантазія з эратычным падтэкстам ці жорсткая беларуская праўда?

Што адбываецца з беларускаю літаратураю? Яна дэградуе, нараджаючы маргінальных аўтараў, ці ў яе «ломка» перад тым, як прадэманстраваць свету творцаў першых беларускіх бестселераў ХХІ стагоддзя?

Да апошняга Віктар Шукеловіч, аўтар скандальнага тэксту «Маладафронтаўка», надоечы надрукаванага ў «Нашай Ніве», адмаўляўся ад інтэрв’ю. А тым больш не пагаджаўся паказваць свайго твару. І падставы для гэтага ён меў: пасля правакацыйнай публікацыі, на адрас аўтара пачалі прыходзіць лісты з абразамі ды пагрозамі.

Паспрабуем разабрацца разам. Інтанацыямі, жэстамі ды позіркамі нашмат цяжэй, чымся з дапамогаю словаў (тым больш напісаных), пазбягаць праўды сваіх памкненняў.

Віктара Шукеловіча і ягоную «Маладафронтаўку», здаецца, варта ўспрымаць перадусім не як літаратара і ягоны мастацкі твор (са спробаю аналізу мастацкіх якасцяў апавядання), а як аўтара і ягоны тэкст, які стаўся прэцэдэнтам у беларускай літаратуры. І шырэй - у беларускай культуры. Ён мог набыць розгалас толькі пасля апублікавання ў Беларусі, а не, напрыклад, ва Украіне ці Расеі, дзе знік бы незаўважаным папросту таму, што суседнія літаратуры «перахварэлі» на выбуховую цікаўнасць да тэкстаў гэткага кшталту: дзе ваніты, алкаголь, гвалт, палітыка, нездаровыя эратычныя фантазіі (зрэшты, хто ведае, што ёсць здаровым) імкнуцца сплесціся ў маргінальнае правінцыйнае адзінства. Такія тэксты там існуюць. І бадай галоўнае ў «Маладафронтаўцы» - яе рэзанансавасць, якая адсутнічае ў беларускай літаратуры апошняга (далёка апошняга) часу.

Для нашай культурніцкай прасторы ў найлепшым выпадку, як ні круці, гэтая з’ява - штуршок да дыскусіяў і абмеркавання кірунку далейшага развіцця белліту, крок да пераадолення пэўных «крамольных» тэмаў, на якія даўно час «перахварэць» нашай культуры. Як падлетку, для якога на пэўны момант тэмы сексу і смерці (Эрас і Танатас) робяцца загалоўнымі. А пасля ён іх прымае, асэнсоўвае - і адпускае ў сваё жыццё ўжо без болю. Такім чынам, ён вылечваецца ад хваравітай узроставай цікаўнасці да памежнага. Так і наш аўтар, як і ўся беларуская культура, пакуль - у пубертатным перыядзе выспявання сучаснага героя (героя сучаснасці).


Да слова, ніводзін з маіх знаёмцаў, хто чытаў «Маладафронтаўку» пасля яе выхаду ў свет (а ўжо за першыя два дні яе прачыталі больш за 5 000), не ўспрыняў названага тэксту без іроніі. Апрача хіба тых, хто быў абражаны тэкстам ці надаў яму сваю «апраўдальную» трактоўку (гераіня як сімвал згвалтаванай Беларусі).

Каб неяк «апраўдаць» тэкст ці даць яму шанец на быццё, можна паспрабаваць успрымаць «Маладафронтаўку» ці то як дыягназ нашаму часу, ці то як абсалютную стылізацыю пад сармацкія гісторыі (а таксама можам успомніць іншыя творы і жанры спадарожнага гатунку - «Шляхціца Завальню» Баршчэўскага, беларускія вершаваныя гутаркі, гавэнды Сыракомлі ды г. д.), у свой час апавяданыя шляхтаю ў бяседзе (у духу сармацкай шляхецкай традыцыі). Апавяданыя падкрэслена простаю людскою мовай - моваю, да якой з кожным годам усё шчыльней і шчыльней набліжаецца «першая беларуская газэта з рысункамі». Менавіта «Наша Ніва» і сталася дэбютнаю пляцоўкаю для гучання (публікацыі) у перспектыве негатыўна-розгаласных (пра што не маглі не ведаць рэдактары выдання) тэкстаў трыццацігадовага тэолага і філолага В. Шукеловіча (да «Маладафронтаўкі» ў «НН» надрукавалі яшчэ «Настаўніцу расейскай мовы» ды не толькі).

Віктар кажа, што не зракаецца традыцыяў і сваіх вясковых каранёў. І піша пра простых беларускіх людзей з так званай «глыбінкі». У нейкім сэнсе аўтар В. Шукеловіч ёсць сведкам нашай маргінальнай сучаснасці, пра якую не пішуць маладыя аўтары, бо ў ёй не жывуць. А тыя, для каго такая чарнушная рэчаіснасць ёсць жыццём, нават не задумваюцца, што яна патрабуе мастацкага выяўлення, бо пісьменнікі звычайна кранаюць «найлепшае» або «тое, што баліць». А вакол іх, жыхароў падпітай шэрай цывілізацыі, - папросту беспрасвет, такі, які ёсць. Беспрасвет беларускай вёскі з яе жорсткімі норавамі, алкагалізмам, будзённасцю… Паспрабуем улезці ў цела тэксту. У ім - у супрацьстаянні дабра і зла, беспрасвету вёскі (сябры Дзімкі, мясцовыя хлопцы) і асветы гораду (маладафронтаўка Таня) - перамагае беспрасветнасць, перамагае «быдляцкасць» у чалавеку. Да слова, аніводзін з чытачоў, які меўся крытыкаваць аўтара, не крытыкаваў ягоных герояў (аднавяскоўцаў), што спаілі і па сутнасці «згвалцілі» Таню, а ў нейкім сэнсе і Дзімку, які вагаўся паміж імі.

Аўтар пакідае свабоду інтэрпрэтацыі чытачу. Ці не быў маральны заняпад гераіні («Танька Васілішына п’яная ўсім дае») толькі маною брыдкага Лёнькі? Мо гэта фізічны здзек з непрытомнай дзяўчыны?.. А ці не сталася тое асэнсаваным выбарам самой гераіні? Правакацыйны сюжэт і адкрыты фінал ёсць паказнікамі, як сцвярджае Віктар, інтэрактыўнасці, спробы зрабіць свайго чытача сутворцам. Віктар спрабуе падаць свой тэкст (магчыма, у тым памылка - самому аналізаваць свой тэкст, да таго ж адразу пасля яго публікацыі) як маргінальную альтэрнатыву сучаснаму мысленню.

У нашай падрыхтоўчай размове за кадрам тэолаг Шукеловіч неяк параўнаў свой «людскі твор» з казанню святара. Маўляў, ён таксама ў сваім творы гутарыць сам-насам з чытачом, імкнецца зрабіць таго больш пільным да зла - праз адлюстраванне чорнага боку беларускага жыцця, праз сродкі чорнага гумару, які часам нават і не здаецца смешным, а бачыцца папросту беспрасветным трэшам.

Валярына Кустава. Крыніца інфармацыі.

відэа, літаратура, публікацыі, 2012, беларуская літаратура, фотаздымкі, сучбелліт

Previous post Next post
Up