МУСЯ, дзяўчынка-дэспат

Aug 05, 2016 20:25

МУСЯ

Яе сябры называлі
пяшчотна: Муся -
скарочана ад "Мусаліні",
які таксама
быў дэспатам тым яшчэ.
На сьвяты хадзіла яна
ў крэналіне,
а ў звычайныя дні
ў завушніцах з Эрнэсто Чэ.

Спрабавала вылучацца мацней,
хаця і так была выключнаю
дастаткова.
Часам біла посуд,
часта - на шчасьце! -
ламала падковы.

Пад белую сукенку
навешвала
чырвоныя сэксуары -
а, прабачце - аксэсуары! -
і выходзіла ў людзі,
а дакладней - у мужчынаў,
якія вадзіліся ў клубах і кулуарах,
што і ў Беларусі бывае магчыма.
Часам ішла на мітынгі -
там таксама было дастаткова герояў.
Праўда, бяз зброі.
Ці са схаванай зброяй.

Хлопцы дзівіліся:
як у гэткім маленькім целе
дзявочым
зьмяшчаецца гэткая
вялікая гаспадыня
з замашкамі ад гаспажы.
І гэткія пранізьлівыя -
праз усяго цябе -
вочы,
што сягаюць паглядам
да страўніка і да мяжы.

Яна штовечар капрызіла
па вельмі канкрэтных прычынах
- і яны былі даволі пэўнымі:
сонца ўставала зарана -
разам з гарадскімі пеўнямі,
і зь ІМ было жыць немагчыма -
хаця й тое было досыць зманным.

Яе сябры называлі
пяшчотна: Муся...
І яна адгукалася
з задавальннем -
і заўжды вярталася
пад угаворы
і пацалункі ў калені.

Муся марыла, Муся верыла...
Муся ўсіх па сабе мерыла.

Жнівень-верасень,  Рым-Менск

дзяўЧАТ, чарнавік, вершы, 2012

Previous post Next post
Up